басе́йн, ‑а, м.

1. Штучны вадаём для плавання са сценамі, умацаванымі цэглай, цэментам. Спартыўны басейн.

2. Тэрыторыя мора, возера, ракі разам з сушай, з якой у іх сцякаюць паверхневыя і падземныя воды. Басейн Заходняй Дзвіны. Басейн возера Нарач.

3. Зона залягання каштоўных выкапняў. Данецкі вугальны басейн.

[Фр. bassin.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

храналагі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да храналогіі. У некаторых выпадках паэма па сваіх храналагічных рамках ахоплівае падзеі рэвалюцыі, грамадзянскай вайны і сучаснасць. Перкін.

2. Заснаваны на паслядоўным ходзе падзей. Паколькі ж велічныя падзеі апісваюцца ў храналагічным парадку, то «Нарач» з правам можна назваць гераічнаю хронікай. У. Калеснік.

•••

Храналагічная канва гл. канва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перамы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Вузкая палоска зямлі паміж суседнімі воднымі масівамі, паглыбленнямі і пад. Капаць канаву з перамычкамі. □ Нарач аддзяляецца ад суседняга возера Мястра вузкай перамычкай з пралівам. «Беларусь».

2. Часовая плаціна, гаць. Перакрыць раку перамычкай. □ Калі канал будзе гатоў, перамычку ўзарвуць, і воды .. хлынуць па каналу. Дуброўскі.

3. Спец. Праваднік, які злучае два электрычныя ланцугі.

4. Спец. Аконнае або дзвярное перакрыцце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сплаў 1, сплаву, м.

Сумесь, злучэнне двух або некалькіх плаўкіх цел (звычайна металаў). Лёгкія сплавы. □ Акрамя адлівак з шэрага чыгуну, на некаторых заводах дарэвалюцыйнай Беларусі было асвоена прымітыўным спосабам ліццё медных сплаваў. «Весці». // перан. Злучэнне розных элементаў, частак і пад. чаго‑н. Мова літоўскіх летапісаў з’яўляецца своеасаблівым сплавам старой кніжнай мовы з элементамі жывой беларускай гаворкі. Шакун. [Паэма М. Танка] «Нарач» — смелая спроба зліць у адным сплаве элементы эпасу, лірыкі, драмы. Бярозкін.

сплаў 2, сплаву, м.

Дзеянне паводле дзеясл. сплаўляць ​2 — сплавіць ​2 (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бялі́ць, бялю, беліш, баліць; незак., што.

1. Рабіць белым, пакрываючы што‑н. вапнай, мелам і пад. Бяліць столь. // Засыпаць, пакрываць што‑н. (снегам, туманам). Мусіць, каб не снег, навокал была б густая чарната, але снег адганяў цемру, бяліў усё. Мележ. На Нарач кладуцца сівыя туманы І беляць чупрыны курчавыя соснаў. Хведаровіч.

2. Дасягаць белізны чаго‑н. шляхам спецыяльнай апрацоўкі. Бяліць кужаль. □ Палотны беляць на росах чыстых І ясным сонцам абаграваюць, Пад песні ціхія урачыста Дзяўчаты шоўкам іх вышываюць. Панчанка.

3. Знімаць шкуру з забітай жывёліны, кару са ствала дрэва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́рны, ‑ая, ‑ае.

1. З бурамі; навальнічны. Расшумеліся цымбалы, Быццам Нарач бурным днём. Танк. З поўначы — холаду, сіверу бурнага Гусі на поўдзень ляцяць. Колас.

2. Які бушуе, бурліць. [Сярго:] На Каўказе ў нас, Там рэкі бурныя. Грымяць і выюць, Укрытыя пушыстай белай пенай, Аж рэха скрозь ідзе... Глебка. // Багаты падзеямі, неспакойны, хвалюючы. Пачалося ўсё ў той бурны трыццаты год, калі ў Навасёлках загаварылі аб калгасе. Шчарбатаў. // Які вельмі моцна праяўляецца, палкі, гарачы. Тапурыя чамусьці не падзяляў бурнай радасці Іліко. Самуйлёнак. Бурная была тая размова бацькі з сынам. Жычка.

3. Які імкліва праходзіць або развіваецца. Бурныя тэмпы развіцця прамысловасць □ Нарэшце і да нас на Чукотку прыйшла кароткая бурная вясна, а за ёй адразу ж і лета. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адно́сіцца, ‑ношуся, ‑носішся, ‑носіцца; заг. адносься; незак.

1. Незак. да аднесціся.

2. Уваходзіць у састаў, разрад чаго‑н.; належаць да ліку якіх‑н. з’яў, прадметаў. Нарач адносіцца да азёр, якія не зарастаюць раслінамі. В. Вольскі. Самае галоўнае, што нас яднала, — гэта тое, што мы адносіліся да ліку пакрыўджаныя. Дамашэвіч.

3. Быць аднесеным да пэўнага часу, быць звязаным з пэўным перыядам. Першыя паэтычныя вопыты Янкі Купалы адносяцца да 1902 года.

4. Знаходзіцца ў пэўнай адпаведнасці, суадносінах з чым‑н. // Даваць пры дзяленні на другі лік пэўную дзель (заўсёды ў параўнанні з другой парай велічынь). Дзевяць адносіцца да трох, як тры да аднаго. Плошчы двух трохвугольнікаў адносяцца, як здабыткі іх асноў да вышыні.

5. Зал. да адносіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гру́па, ‑ы, ж.

1. Некалькі чалавек, прадметаў і пад., якія знаходзяцца блізка адзін ад аднаго. Група дамоў. □ На ўзлеснай вуліцы, якая была дагэтуль бязлюднай, раптам з’явілася група дзяўчат і хлопцаў. Шахавец. // Графічны малюнак, скульптура або фатаграфічны здымак некалькіх асоб. Скульптурная група.

2. Сукупнасць прадметаў, з’яў, рэчываў, аб’яднаных паміж сабой якой‑н. агульнай прыметай, уласцівасцю і пад. Група крыві. □ У значнай колькасці вугор водзіцца ў возеры Нарач і некаторых азёрах Нарачанскай групы. Матрунёнак.

3. Аб’яднанне некалькіх асоб, арганізацыя, падраздзяленняў і пад., звязаных агульнымі мэтамі, ідэямі, сумеснай дзейнасцю. Камсамольская група. Ударная група войск. Група армій. □ А калі ў партызанскай групе сур’ёзна загаварылі аб узрывах чыгункі, .. [Ірына] проста сказала: — Гэта зраблю я... Лынькоў. // Аб’яднанне некалькіх асоб для сумесных заняткаў. Група падоўжанага дня. □ Жэня Жук — адзіная ў групе дзяўчына — з крэйдаю ў руках нешта тлумачыла.. ля дошкі. Карпаў.

[Ням. Gruppe.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

краса́, ‑ы, ж.

1. Тое, што робіць каго‑, што‑н. прывабным; хараство, прыгажосць. Белыя пралескі на прагалінах убіралі зямлю сонечнай красой вясковай. Лынькоў. Запомніўся мне аднастайны і роўны шум пушчы, што стаяла ў красе асенняга золата. Краўчанка.

2. Пра што‑н. прыгожае, цудоўнае. Дзе столькі ласкі, красы і прывету, як на Савецкай шчаслівай зямлі! Машара. Я шчаслівы, Што ў суджаны час Нарадзіўся на гэтай зямлі, Дзе такія густыя лясы І такія спакойныя рэкі, Дзе вясной непаўторна штораз Зелянеюць разлогі-палі, Дзе ўладар гэтай дзіўнай красы — Ты, народ мой, на вечныя векі! Гілевіч.

3. Прыгожы, прывабны выгляд. Хто бачыў яе, той забыць век не мог Красы яе светлай, дзявочай. Танк. Прабачце мне, цудоўныя палацы, Не вашай любаваўся я красой. Панчанка.

4. Упрыгожанне, слава чаго‑н. Зноў адновім сталіцу Радзімы, Беларусі Савецкай красу. Астрэйка. Заўсёды ў паходзе маё пакаленне Нап’ецца з твае жыватворнае нашы Празрыстых, як неба, як сонца, струменяў, О Нарач! Краса беларуская наша. Хведаровіч.

5. Пылок на цвітучых злакавых раслінах.

•••

Ва ўсёй (сваёй) красе — а) у харастве, раскошы. Тады Мазыр ва ўсёй красе раскінуўся перад вачыма. Дубоўка; б) (іран.) з усімі недахопамі. Адным словам, уся «тэхналогія» так званага дысертанта раскрывалася ва ўсёй сваёй красе. «ЛіМ».

Для (дзеля) красы — у якасці ўпрыгожання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

1. Шырока развесці ў бакі. Раскінуць крылле. □ А Нінка яшчэ спіць. Як міла раскінула яна свае тонкія ручкі, як хораша ёй са смуглаватым румянцам першага вясновага загару!.. Брыль. Хлопчык, як угледзеў Галю, раскінуў рукі і пабег да яе. Сабаленка. // Шырока распасцерці ў розныя бакі. Прайшло шмат часу, а .. [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнай голле. Дуброўскі. // Адкінуць у бакі, разгарнуць, раскрыць. Тады Хвядзько злез [з воза], сам раскінуў вароты і ўвёў фурманку. Лобан. Вось раскінулі хлопцы варты, І на новай зялёнай трохтонцы, Як на сцэне, з раёна артыст Заспяваў аб радзімай старонцы. Нядзведскі.

2. Разаслаць, разгарнуць на паверхні што‑н. Люба раскінула на падлозе брызент — паслала сабе і Васілю. Даніленка. Прося здагадалася: сцягнула посцілку, раскінула на падлозе і натаптала клунак. Паўлаў. // Раскласці што‑н. складзенае. Раскінуць стол. Раскінуць антэну. // Знайшоўшы месца, паставіць, размясціць што‑н. Раскінуць палаткі. □ Падобна было на першы погляд, што тут [на ўзлеску] проста раскінулі свой часовы лагер маладыя турысты. Хадкевіч.

3. Распасцерці, працягнуць на вялікай прасторы. Вецер мяккі, Цёплы і сіні прыходзіць на помач, Гоніць крылатыя лодкі, Быццам іх хоча ўдаль заманіць, Туды, дзе сінія хвалі Раскінула Нарач на поўнач, На поўдзень, на захад, на ўсход. Танк.

4. Раскідаць, рассыпаць па чым‑н. што‑н. Сцяпан выскубнуў колькі ахапкаў сена, раскінуў іх па доле. Скрыган. Ганна раскінула падушкі на ложку, паслала белыя, як снег, просціны — словам, пасцель падрыхтавала так, як мае быць. Гроднеў. // перан. Разм. Размеркаваць, раздзяліць што‑н. паміж кім‑, чым‑н. Раскінуць абавязкі.

•••

Раскінуць розумам — падумаць, памысліць.

Раскінуць рукамі — тое, што і развесці рукамі (гл. развесці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)