пары́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

1. Адбіць (адбіваць) (удар; першапачаткова — у фехтаванні). Можа, фашысты пранюхалі, што нашы збіраюцца наступаць на вышыню 145, дык загадзя агнявым налётам, які толькі што скончыўся, хацелі парыраваць удар. Сабаленка.

2. перан. Абвергнуць (абвяргаць) (чые‑н. довады, нападкі і пад. ў спрэчках). У яго, і толькі ў яго руках самае новае, самае свежае, самае неабвержнае. Гэта будзе такі ўдар, якога ні сам Шэмет, ні хто з яго адвакатаў не здолее парыраваць. Лобан. — Пра што людзі захочуць паслухаць, пра тое і раскажу, — парыравала .. [Ліда] напады бацькі. Шамякін.

[Фр. parer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наско́к, ‑у, м.

1. Скачок з мэтай нападу. Наскок звера. // Імклівы варожы напад. Каб лягчэй было адбіць Ворагаў наскокі — Загадаў ён [князь] роў прарыць, Як рака, глыбокі. Гілевіч. Захопнікі заселі ў Карчэвічах, і пачаліся штодзённыя наскокі на Скумаўскі лес. Дуброўскі.

2. перан. Нападкі, абвінавачванні, часцей грубыя, беспадстаўныя. Адміністрацыйны наскок. □ Замест бурнага наскоку, да якога я падрыхтаваўся загадзя, жонка толькі засмяялася і сказала: — Ого, дык ты не толькі рыбы, але і ліса злавіў? Ляўданскі.

•••

З наскоку — а) з разгону, хутка; б) не падумаўшы як след, добра не разабраўшыся. [Валатовіч:] — [Бародка] заўсёды ўсё рабіў з наскоку, штурмам, без належнай праверкі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крык, ‑у, м.

1. Вельмі моцны, рэзкі гук голасу. Бывала, ўлетку, ў час рабочы Не раз там чуўся крык вясёлы: — Го, тата! дзядзька! выйшлі пчолы! Колас. // Плач уголас (пра дзяцей). — Ма-ма! — даляцеў адчайны дзіцячы крык, перамешаны з плачам. Васілевіч. // Пра рэзкія гукі, якія ўтвараюцца птушкамі, жывёламі. Жураўліны крык. □ Луналі чайкі ў сінім паднябессі І крыкам нас віталі з вышыні. Аўрамчык.

2. перан.; чаго. Моцнае праяўленне якога‑н. пачуцця. — Страшна! — тут ужо Іван Васільевіч насцярожыўся, бо словы дачкі не здаліся жартам — крык душы. Шамякін.

3. Папрокі, нападкі рэзкім, павышаным тонам; сварка, лаянка. Падняць крык. □ — С-слухай... як цябе там... танцор... Ведаеш, не магу я глядзець на тваю работу... — І перайшоў на крык, прарэзлівы, хрыплы: — Брыгадзір! Дзе брыгадзір?! Вышынскі.

•••

(Апошні) крык моды — пра модную навінку [пераклад з фр. dernier cri (de la mode).]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту́каць ‘крычаць на каго-небудзь, тупаючы нагамі’, ‘нападаць пастаянна на каго-небудзь’ (Нас., Некр. і Байк., Шат., Мат. Гом.), ‘гаварыць, заклікаць’ (Ян.), ‘заганяць (жывёлу), крычаць’, ‘падаўляць, прыніжаць’ (Вушац. сл.), ту́каць‑гу́каць ‘лаяць, пакрыкваць, нападаць’ (паст., Сл. ПЗБ), ту́каць‑лю́каць ‘тс’ (лаг., Гіл.), ту́кыць ‘крычаць, пагражаць’ (Яўс.; мёрск., Нар. сл.), ‘грозна пакрыкваць’ (Юрч. СНЛ), ‘крычаць, палохаць крыкам’ (Мядзв.), тукава́ць ‘напамінаць’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. рус. бранск., смал. ту́кать ‘крычаць, лаяцца’: все на ее тукают; хозяин тукал на собаку (СРНГ), серб. цімак. ту́кати ‘цкаваць, нацкоўваць’: немој да тукаш куче (СДЗб, 57, 941). Гукапераймальнае ўтварэнне на аснове выклічніка ту! (гл. ту1) для адпалохвання, запалохвання: усе дзеці як дзеці, а на цябе тукай, як на ваўка (Рэг. сл. Віц.), параўн. фразеалагізмы: на пень брахаць, на калоду тукаць ‘гаварыць недарэчнае, неразумнае, непрыстойнае’ (Даніл. Сл.), зверьху сукны, а пад нізом — хоць тукні (ветк. “на від красівы і харошы, а будзя звер-звярюга”; Palaeoslavica, 31, 168), а таксама фалькл. ту́каўшчына ‘даніна мёдам царкве за дазвол тукнуць (крыкнуць ту!) у божым храме’ (т. зв. смехаўё, запісанае Раманавым у пач. XX ст., гл. Фядосік, Рэгіян. асабл., 1973, 113). Сюды ж ту́кыньня ‘грознае пакрыкванне’ (Яўс., Юрч. СНЛ), ту́канне ‘пастаянныя нападкі’ (Нас.), ту́кнуць ‘крыкнуць, каб напалохаць’ (Яўс.), ту́кала ‘які назаляе частай лаянкай’ (Нас.), ту́кыннік ‘той, хто пакрыквае’ (Юрч. СНЛ). Гл. таксама гукапераймальныя гукаць, люкаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адбі́ць, адаб’ю́, адаб’е́ш, адаб’е́, адаб’ём, адаб’яце́, адаб’ю́ць; адбі́; адбі́ты; зак.

1. што. Адламаць, аддзяліць, адкалоць, адшчапіць, адарваць, адкрышыць ударам.

А. ручку кубка.

А. дошку.

2. што. Адкінуць сустрэчным ударам.

А. мяч рукою.

А. атаку.

3. перан., што. Адказваючы на абвінавачанні, прыдзіркі і пад., абвергнуць іх.

А. нападкі крытыканаў.

4. каго-што. Вярнуць сабе сілаю, з боем.

А. горад.

5. каго-што. Прыцягнуць, прывабіць да сябе, аддаліўшы ад другога (разм.).

А. чужога мужа.

А. пакупнікоў.

6. перан., што. Прымусіць баяцца што-н. рабіць; знішчаць, адабраць (памяць, жаданне і пад.; разм.).

А. ахвоту спрачацца.

Гора адбіла памяць.

7. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), што. Адлюстраваць чый-н. вобраз (пра гладкую, бліскучую паверхню).

Люстра адбіла малады яшчэ твар жанчыны.

8. каго-што. Адлюстраваць, паказаць у вобразах.

А. жыццё ў мастацтве.

9. што. Абазначыць ударамі, звонам і пад.; выстукаць рытмічнымі ўдарамі

А. такт рукой.

Гадзіннік адбіў дванаццаць.

А. тэлеграму (паслаць; разм.).

10. што. Ударам пашкодзіць што-н., зрабіць балючым.

А. печань.

А. далоні.

11. што. Навастрыць, выраўнаваць лязо касы і пад., б’ючы малатком.

А. касу.

12. што. Размякчыць ударамі.

А. мяса.

13. што. Памераўшы, выдзеліць участак чаго-н.; аддзяліць, перагарадзіўшы.

А. участак пашы.

|| незак. адбіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; наз. адбіва́нне, -я, н. і адбіццё, -я́, н. (да 2 і 3 знач.).

|| наз. адбі́ўка, -і, ДМ -біўцы, ж. (да 9—11 знач.), адбо́й, -ю, м. (да 2 знач.; спец.) і адбо́йка, -і, ДМо́йцы, ж. (да 1 знач.; спец.).

Адбіўка касы́.

Адбой мяча рукой.

Адбойка вугалю ў забоі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)