уну́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

1. Увабраць у што‑н. (пра галаву). Галя ўнурыла галаву ў пастаўлены каўнер, патупіла вочы, як бы яна не хацела глядзець на кафедру. Сабаленка. Рыжы больш ссутуліўся, унурыў галаву ў плечы. Кавалёў. // Панура нахіліць, схіліць (галаву). Чубар колькі часу чакаў, што адкажа на гэта ваенурач, але той унурыў галаву і сядзеў зноў безуважны. Чыгрынаў. Юрка ўнурыў галаву, здавалася, увесь сціснуўся ў камячок. Настаўніца строга пазірала на яго, думала. М. Ткачоў.

2. Утаропіць у што‑н. (вочы, погляд). Надзейка заірдзелася і ўнурыла вочы ў талерку, але праз момант усміхнулася, падняла чарку, вымавіла: «За маму». Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарту́х, ‑а, м.

1. Жаночая адзежа пэўнага крою, якую надзяваюць спераду на сукенку, спадніцу, каб не забрудзіць іх. Надзейка даўно сабрала на стол, пераадзелася ў выхадное плацце, падвязала свежы вышываны фартух. Хадкевіч. // Прадмет рабочага адзення з рознага матэрыялу (скуры, гумы, брызенту і інш.), які адзяваюць, каб засцерагчы вопратку ад забруджвання. Даяркі былі ў белых касынках і белых фартухах. Шамякін. Кучаравы шавец нацягнуў замусолены фартух і заўзята ўзяўся за работу. Няхай. Уладкаваўся [хлапец] у пякарні, далі яму там белы фартух і белы каўпак. Кулакоўскі.

2. Спец. Назва рознага роду покрывак, чахлоў і пад., якія прызначаюцца для машын, механізмаў, тэхнічных прыстасаванняў.

[Ням. Vortuch.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак.

1. Адчуваць сум, смутак; аддавацца душэўнай горычы. Недзе, далёка, Сумуе гаротная матка. Танк. Паблізу ад сябе .. [Марыля] чуе ласкавы, спачувальны голас: — Не сумуйце так, ле пакутуйце. Кулакоўскі. [Маці:] — А Надзя твая [Федзечка] вельмі сумуе. Часта да нас забягае і ўсё плача. Няхай. // Журыцца. Першыя дні, калі бацька паехаў у адпачынак, Надзейка, прыходзячы дадому, сумавала. Хадкевіч. [Цімох:] — А з добрымі людзьмі ніколі сумаваць не будзеш.. ніколі самотнай сябе не адчуеш. Дубоўка. Не пішы аб тым мне, Што ўсё сумуеш, Я таксама, знаю, Сёння не засну. Тарас. / у перан. ужыв. Сумуе клён у поплаве на грудзе. Русак.

2. па кім-чым. Адчуваць душэўную трывогу, маркоту; тужыць па кім‑, чым‑н. У першы дзень Міхась сумаваў па матцы. Якімовіч. Вось і тая зямля, дзе дужэў ты і рос, Па якой сумаваў столькі зім, столькі вёсен. Кірэенка. Скажу адно, можа, ніхто так не сумуе па цёплым слове з дому, як салдат. Скрыган. // Зазнаваць патрэбу ў чым‑н.; перажываць без чаго‑н. [Марына] нярэдка сумавала па заводу. Шахавец. І трэба сказаць — сумуюць па ёй [лесарубнай справе] яго багатырскія плечы! Якімовіч. // Маркоціцца (пра жывёл). Недзе ў хляве сумавала ахрыплым голасам цялё. Чорны.

3. Нудзіцца. У хаце, быццам у вуллі, Тут сумаваць няма калі! Барадулін. Прыходзіць дадому. Сумуе адзін... Якую прыдумаць работу? Бялевіч. // Знаходзіцца ў бяздзейнасці (пра рэчы). І стаяць, сумуюць санкі, Не знайсці хлапцам гулянкі, Бо не выпаў снег. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)