«НАДЕ́ЖДА»,

літаратурна-мастацкі і інфармацыйна-публіцыстычны веснік. Выходзіць з 10.7.1989 у Мінску на бел. і рус. мовах 4 разы на год. Друкуе вершы і прозу чытачоў-інвалідаў, інтэрв’ю з цікавымі людзьмі, мед. і юрыд. кансультацыі, парады садаводам-агароднікам і інш. Мае рубрыкі: «Паэзія нашых сэрцаў», «Мая думка», «І боль, і слёзы, і надзеі...», «Спроба пяра», «Шукаю сябра», «Літаратурная вучоба» і інш. Пры рэдакцыі створаны дзіцячы клуб «Надзейка», літстудыя для пачынаючых літаратараў.

В.​Г.​Янчанка.

т. 11, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ЕВА (Тамара Георгіеўна) (3.6.1916, Казань, Татарстан — 25.2.1997),

артыстка балета. Засл. арг. Беларусі (1949). Скончыла балетную школу пры Пермскім т-ры оперы і балета (1933). Працавала ў т-рах оперы і балета Пермі, Ерэвана, Свярдлоўска. У 1946—58 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Яе творчую індывідуальнасць вылучалі строгая манера выканання, валоданне тэхнікай танца, асабліва складанымі вярчэннямі, непасрэднасць і шчырасць. Сярод лепшых партый на бел. сцэне: Надзейка («Князь-возера» В.​Залатарова), Адэта—Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Цар-дзяўчына («Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні), Ліза («Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Тао Хоа («Чырвоны мак» Р.​Гліэра).

А.​І.​Калядэнка.

Т.Г.Караваева.

т. 8, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬКО́ВА (Вера Міхайлаўна) (18.3. 1903, г. Тэлаві, Грузія — 19.5.1964),

бел. спявачка (лірычнае сапрана). Нар. арт. Беларусі (1949). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1933). З 1933 у Груз. т-ры оперы і балета. З 1937 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У 1953—59 маст. кіраўнік Белдзяржэстрады. Валодала высокім вак. майстэрствам, прыгожым мяккім голасам цёплага тэмбру. Стварыла шэраг паэт. вобразаў у нац. рэпертуары: Марфачка («Алеся» Я.​Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.​Туранкова), Вольга («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса), у творах рус. і замежнай класікі — Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны), Мікаэла («Кармэн» Ж.​Бізэ), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Неда («Паяцы» Р.​Леан кавала), сучасных кампазітараў (Наталля ў «Ціхім Доне» І.​Дзяржынскага).

Літ.:

Жураўлёў Дз. Вера Малькова // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.

Дз.​М.​Жураўлёў.

В.М.Малькова.
В.Малькова ў ролі Наталлі.

т. 10, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСКО́ (Эміль Вікенцьевіч) (н. 18.7.1944, в. Ваўкалата Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1984, клас Я.Глебава). Працуе ў розных муз. жанрах. Яго стыль вызначаецца эмац. напоўненасцю, дэмакратычнасцю, дасканаласцю формаўтварэння, блізкасцю да нар. вытокаў. Сярод твораў: араторыя «Зорка паэта» на словы М.​Багдановіча (1991), кантата «Надзя-Надзейка» на словы П.​Броўкі (1984), «Урачысты кант з нагоды 500-годдзя Ф.​Скарыны» для мяшанага хору і сімф. аркестра (1989), хар. канцэрт «Чатыры санеты пра каханне» (1988), вак.-сімф. паэмы «Вечны агонь» (1985); «Асветнікі» на словы Н.​Загорскай і кананічны тэкст (2000); сімфонія № 1 (1984), канцэрт для баяна і нар. аркестра (1988), «Сімфанічныя танцы» (1987);. камерна-інстр., у т. л. «Полацкая сюіта» для баяна, «Рамантычная паэма» для фп., саната для віяланчэлі і фп.; вак. цыклы на вершы А.​Міцкевіча, Р.​Барадуліна, У.​Някляева, А.​Куляшова, рамансы, хары, апрацоўкі бел. нар. песень і інш.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 11, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛО́ДАК (Рыта) (Рэвека) Веньямінаўна (27.2.1906, Мінск — 3.12.1969),

бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. Беларусі (1940). Скончыла Віцебскі муз. тэхнікум (1928), Бел. студыю оперы і балета (1933), удасканальвалася ў Маскве ў М.​Уладзіміравай. З 1931 салістка Бел. Радыёкамітэта, у 1933—59 (з перапынкам) салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала прыгожым, багатага тэмбру голасам, сцэн. абаяльнасцю, цёпла і шчыра перадавала чалавечыя пачуцці. Сярод партый: у бел. рэпертуары — Марыся («Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.​Туранкова), адметныя глыбокай непасрэднасцю і праўдзівасцю, Астахава («Надзея Дурава» А.​Багатырова); у класічных і сучасных операх — мадам Батэрфляй («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Мікаэла («Кармэн» Ж.​Бізэ), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны), Таццяна, Ліза, Марыя, Настасся («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Мазепа», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Тамара («Дэман» А.​Рубінштэйна), Маша («Дуброўскі» Э.​Напраўніка), Земфіра («Алека» С.​Рахманінава), Наталля («Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага). Выступала як камерная спявачка; удумлівы інтэрпрэтатар рамансаў бел. кампазітараў, нар. песень.

Літ.:

Тамашова Н. Майстар вакальнага мастацтва // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

А.​Я.​Ракава.

Р.В.Млодак.
Р.Млодак у ролі Надзейкі.

т. 10, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРО́ЎСКАЯ (Ларыса Пампееўна) (15.2.1904, Мінск — 23.5.1980),

бел. спявачка (сапрана), рэжысёр і грамадскі дзеяч. Нар. арт. Беларусі (1938), нар. арт. СССР (1940). Скончыла Бел. муз. тэхнікум (1928, клас В.Цвяткова), опернае майстэрства ўдасканальвала ў А.Баначыча (1930—33). У 1919—24 удзельніца арганізаванай ёю самадз. трупы пры палітаддзеле Зах. фронту. У оперы дэбютавала ў 1928 партыяй Маргарыты («Фауст» Ш.​Гуно, спектакль муз. тэхнікума). Да 1960 салістка, у 1951—60 і гал. рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам шырокага дыяпазону, выконвала сапранавыя і мецца-сапранавыя партыі. Музыкальнасць, драм. тэмперамент і артыстызм абумовілі моцнае эмац. ўздзеянне створаных ёю вобразаў. Сярод партый у нац. спектаклях: Марыся і Алеся («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.​Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.​Туранкова), Марыя Грагатовіч («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса). Своеасаблівасцю вак.-сцэнічнай трактоўкі, пранікнёным лірызмам вызначаліся партыі ў класічных операх: Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Яраслаўна, Канчакоўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава) і інш. Рэжысёр пастановак: «Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага (1951), «Страшны двор» С.​Манюшкі і «Мазепа» Чайкоўскага (1952), «Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага і «Аіда» Дж.​Вердзі (1953), «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1954), «Надзея Дурава» А.​Багатырова (1956), «Міхась Падгорны» (1957), «Яснае світанне» Туранкова (1958), «Пікавая дама» (1960) і інш. Выступала як канцэртная спявачка, выконвала бел. нар. песні, у т. л. на Міжнар. муз. выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне (1927), гастраліравала ў Германіі, Швецыі (з С.Навіцкім; першы выезд бел. артыстаў за мяжу ў сав. час). Адна з арганізатараў Бел. тэатр. аб’яднання (з 1946 старшыня, з 1976 ганаровы старшыня яго прэзідыума). Дзярж. прэмія СССР 1941. З 1987 праводзіцца Рэсп. конкурс вакалістаў імя Александроўскай, у 1992 устаноўлена прэмія імя Александроўскай у галіне тэатр. мастацтва.

Літ.:

Модэль М. Л.​П.​Александроўская. Мн., 1945;

Рузов Г. Л.​П.​Александровская. М.; Л., 1950;

Лукас Д., Жураўлёў Д. Выдатны дзеяч опернага мастацтва // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Б.​С.​Смольскі.

Л.П.Александроўская.
Л.Александроўская ў ролі Канчакоўны.

т. 1, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ЎКА (Пятрусь) (Пётр Усцінавіч; 25.6.1905, в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 24.3.1980),

бел. паэт і грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1962). Акад. АН Беларусі (1966, чл.-кар. з 1953). Засл. дз. нав. Беларусі (1975). Герой Сац. Працы (1972). Скончыў БДУ (1931). З 1918 працаваў перапісчыкам у Велікадолецкім ваен. камісарыяце, справаводам у валвыканкоме, рахункаводам у саўгасе, старшынёй Маладолецкага сельсавета. У 1925 накіраваны на працу ў Полацкі акр. к-т ЛКСМБ. У 1927—28 адказны сакратар газ. «Чырвоная Полаччына». З 1940 рэдактар час. «Полымя». У 1941—42 працаваў у франтавой газ. «За Савецкую Беларусь», супрацоўнічаў у партыз. друку. З 1943 адказны сакратар СП БССР, з 1945 рэдактар час. «Полымя». У 1948—67 старшыня праўлення СП БССР, у 1967—80 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя».

Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі «Гады як шторм» і «Прамова фактамі» (1930), «Цэхавыя будні» і аповесць «Каландры» (1931). Ранняя лірыка прасякнута матывамі ўслаўлення рэвалюцыі, новай рэчаіснасці. Пераадольваючы пэўную рытарычнасць і рамант. схематызм, паэт авалодваў прынцыпамі канкрэтна-рэаліст. адлюстравання жыцця (зб. «Прыход героя», 1935). У героіка-рамант. паэме «Праз горы і стэп» (1932), прысвечанай падзеям грамадз. вайны, і рэаліст.-быт. Паэме «1914» (1935) канкрэтнасць лірычнага перажывання, праўдзівасць у раскрыцці чалавечых характараў. У зб-ках «Вясна Радзімы» (1937) і «Шляхамі баравымі» (1940) побач з грамадскімі праблемамі значнае месца займае інтымная і пейзажная лірыка. Паэт плённа вучыцца ў Я.​Купалы, арганічна засвойвае асаблівасці нар.-паэт. мыслення, часцей звяртаецца да лірыка-песенных формаў. У гады Вял. Айч. вайны паглыбляецца эмацыянальны і рэаліст. змест паэзіі Броўкі, узмацняецца яе патрыят. гучанне. Подзвіг народа, тэма вернасці Радзіме, пераемнасці гераічных традыцый атрымалі глыбокае лірычнае і шырокае эпічнае ўвасабленне ў «Паэме пра Смалячкова» (1943), паэмах «Беларусь» (1943) і «Ясны кут» (1944), вершах «Кастусь Каліноўскі», «Надзя-Надзейка», «Рана», «Магіла байца», «Будзем сеяць, беларусы!». Многія творы Броўкі пасляваен. часу (паэма «Паланянка», 1945; вершы «Парк Перамогі», «Смерць героя») яшчэ звязаны з яго франтавой лірыкай, але пафас творчасці паэта вызначае тэма мірнай працы (паэма «Хлеб», 1946). Працоўны подзвіг народа, барацьба за мір адлюстраваны ў зб-ках «У роднай хаце» (1946), «Дарога жыцця» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Сонечнымі днямі» (1950), «Цвёрдымі крокамі» (1954), рамане «Калі зліваюцца рэкі» (1956, Літ. прэмія імя Я.​Коласа 1959; па матывах рамана балет Г.​Вагнера «Святло і цені», паст. 1963). У некаторых творах гэтага часу ілюстрацыйнасць, святочная параднасць, ідэалізацыя дасягненняў. За паэму «Хлеб», вершы «Думы пра Маскву», «Брат і сястра», «Народнае дзякуй», «Каб мне стаць...», «Спатканне» прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1947. У 1960—70-я г. ўзмацнілася ўвага паэта да маральна-этычных, агульначалавечых праблем, шырокае гучанне набыла інтэрнац. тэма. У паэзіі дасягнуў цэласнасці лірычнага характару, гарманічнасці ў выяўленні асабістага і грамадскага. Творчасць Броўкі напоўнілася матывамі, звязанымі з асабістай біяграфіяй, з камсамольскім юнацтвам, маладосцю, авеянымі героікай рэв. барацьбы. Вяршынным дасягненнем творчасці Броўкі сталі зб-кі «Пахне чабор» (1959), «А дні ідуць» (1961, Ленінская прэмія 1962), «Заўсёды з Леніным» (1967), «Між чырвоных рабін» (1969, Дзярж. прэмія БССР імя Я.​Купалы 1970), «Калі ласка» (1972), «І ўдзень і ўночы...» і кніга прозы «Разам з камісарам» (1974). У паэме «Голас сэрца» (1960) пранікнёна адгукнулася памяць пра маці, закатаваную ў фаш. канцлагеры. Броўка — паэт высокага грамадз. пафасу, мастак з ярка выяўленай рамант. патэтыкай і песенна-лірычнай накіраванасцю. Яго паэзіі ўласціва адкрытая публіцыстычнасць, маштабнасць, народнасць маст. мыслення, прастата рэаліст. светаадчування. Напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны», «Алеся» (з Я.​Рамановічам). На бел. мову перакладаў творы Т.​Шаўчэнкі, У.​Маякоўскага, П.​Тычыны, М.​Бажана, А.​Твардоўскага, М.​Ісакоўскага, А.​Пракоф’ева, У.​Бранеўскага, Дж.​Байрана і інш. Дзярж. прэмія БССР 1976 за ўдзел у выданні Бел. Сав. Энцыклапедыі.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—7. Мн., 1975—78;

Зб. тв. Т. 1—9. Мн., 1987—92.

Літ.:

Ярош М. Пятрусь Броўка: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981;

Васілеўскі М.С., Каваленка М.А. Пятрусь Броўка: Бібліягр. паказ. 2 выд. Мн., 1976.

В.​У.​Івашын.

П.Броўка.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́ДА (франц. ballade ад позналац. ballo танцую),

1) у фальклоры раманскіх, германскіх, англа-сакскіх, скандынаўскіх народаў напачатку танц., лірычная або драм. сюжэтная песня з харавым прыпевам.

2) Паняцце, якое ў розных краінах выкарыстоўваюць для абазначэння разнастайных па змесце, часе ўзнікнення, формах існавання відаў і з’яў нар. (песеннай) і прафес. (паэтычнай, літаратурнай, музычнай) творчасці. Тэрмін балада замацаваны ў навук. фалькларыстычнай практыцы з канца 19 ст.

У славянскім, у т. л. беларускім, фальклоры балада належыць да сферы песеннай ліраэпікі. Яна не мае адзінай жанравай прыроды меласу, вылучаецца спецыфічнай тэматыкай і арыгінальным тыпам сюжэтаў. У яе аснове — апавяданне пра трагічнае, драматычна напружанае, абвострана канфліктнае. Бел. нар. балада адзначана гіст. шматслойнасцю, маштабнасцю сюжэтнага фонду, поліфункцыянальнасцю, муз.-жанравай разгрупаванасцю, існаваннем у розных стылявых пластах песеннага фальклору — раннетрадыцыйным (балады каляндарна-земляробчага, сямейна-абрадавага і сямейна-быт. цыклаў), познатрадыцыйным (бяседныя, рэкруцкія, салдацкія, чумацкія, батрацкія і інш. балады), сучаснага фарміравання (рэв., партызанскія балады-песні і інш.). Асн. частка бел. балад належыць да каляндарнага песеннага цыкла (асабліва ў традыцыі Бел. Паазер’я). Паводле функцыянальнага зместу і напеваў гэта масленічныя, валачобныя, юраўскія, траецкія, купальскія, жніўныя, восеньскія, піліпаўскія і інш. песні (гл. адпаведныя артыкулы). На Бел. Палессі (паводле назіранняў З.​Эвальд, З.​Мажэйкі ў Тураўскім краі) баладныя песні па меры прыстасавання іх да спеву «за калыскай», «зімой» (раней за «кудзеляй»), «у пост» склаліся ў асаблівы стылявы тып. У паэт. тэкстах раннетрадыц. пласта нямала міфал., казачных, легендарных, гераічных, прыгодніцкіх, фантаст. фантаст. матываў (пра лёс дзяўчыны-бяглянкі, пра нараджэнне дзіцяці па-за шлюбам і яго забойства, пра дзяўчыну-ваяра, пра змеяборца Юрая і інш.). Познатрадыц. балады, непрымеркаваныя па часе выканання, — тыповыя апавяданні пра добрага малайца, які схаваўся ў лесе ад набору ў войска; пра малайца, што начаваў на каранях маці-бярозы і забіты маланкай; пра Чарнаморца, які ўтапіўся; пра вальналюбную Бандароўну і інш. Паказальныя для іх і сюжэты з «маці-атрутніцай», «нявернай жонкай», «шынкаркай-здрадніцай», «брат брата забіў» і інш. Напевы познатрадыц. балад апіраюцца на інш., чым у каляндарных, заканамернасці мелодыка-рытмічнай арганізацыі, яны тэрытарыяльна рухомыя і схільныя да міграцыі і запазычання. Выкарыстанне класічных старадаўніх баладных сюжэтаў і матываў у баладах сучаснага паходжання абмежаванае. Як і ў напевах, сувязі тут ускосныя і апасродкаваныя, выступаюць як паэт., муз.-рытмічныя, інтанацыйна-меладычныя «цытаты», уключаныя ў іншы фабульны, сюжэтны, муз.-стылістычны кантэкст.

3) У французскай паэзіі 14—15 ст. верш з 3 строфамі, рэфрэнам і заключнай паўстрафой (зваротам да адрасата). Яркія ўзоры балады — у паэзіі Ф.​Віёна.

4) У літаратуры — ліра-эпічны жанр з легендарна-гіст. ці казачна-фантаст. сюжэтам. Узнік у англа-шатландскай нар. паэзіі 14—16 ст. (балады пра легендарнага героя Робін Гуда і інш.). Цікавасць да нар. балады ў эпоху рамантызму выклікала з’яўленне аналагічнага жанру літаратурнай балады (В.​Скот, Ф.​Шылер, І.​В.​Гётэ, А.​Міцкевіч, В.​Жукоўскі, А.​Пушкін, М.​Лермантаў). Для яе характэрны драматычна напружаны сюжэт са сціслым і цэласным разгортваннем падзей, шырокае выкарыстанне фалькл. прыёмаў і сродкаў (адухаўленне прыроды, матывы непазбежнай адплаты, неўміручасці герояў, элементы чарадзейнага з закляццямі і прадказаннямі). Першыя бел. балады з’явіліся ў сярэдзіне 19 ст. і былі напісаны па матывах нар. паэзіі («Нячысцік» А.​Рыпінскага, «Травіца брат-сястрыца» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Хцівец і скарб на святога Яна» Ф.​Багушэвіча). У творчасці Я.​Купалы («Забытая карчма», «Братка і сястрыца»), Я.​Коласа («Няшчасная маці»), М.​Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.​Бядулі («У калядную ноч») жанр набыў вызначальныя рысы менавіта літаратурнай балады. Вяршыняй у развіцці жанру стала балада перыяду Вял. Айч. вайны, якая ўвасобіла трагізм і героіку вайны, подзвігі вядомых і малавядомых нар. герояў (Я.​Коласа «Над магілай партызана», П.​Броўкі «Кастусь Каліноўскі», А.​Куляшова «Балада аб чатырох заложніках» і інш.). Балады, прысвечаныя мінуламу, гіст. лёсу народа, стваралі У.​Караткевіч, Я.​Янішчыц, А.​Пысін, Р.​Барадулін, Н.​Гілевіч, А.​Лойка, Ю.​Свірка, Я.​Сіпакоў (кн. «Веча славянскіх балад»).

5) У прафесійнай музыцы балада — твор ліра-эпічнага ці эпіка-гераічнага характару. Вядома некалькі жанрава акрэсленых гіст. тыпаў балады: эпохі Адраджэння — вакальная поліфанічная балада (Гільём дэ Машо), эпохі рамантызму — сольная вакальная (Ф.​Шуберт, К.​Лёве, І.​Брамс, Х.​Вольф) і інструментальная (балады Ф.​Шапэна). У сучаснай музыцы тэрмін «балада» выкарыстоўваецца даволі шырока ў дачыненні да розных паводле выканальніцкага складу і будовы твораў і паказвае хутчэй на характар зместу, чым на наяўнасць пэўных муз.-стылістычных рысаў, часта ён спалучаецца з інш. жанравым вызначэннем (сімфонія-балада, канцэрт-балада). У бел. музыцы балады створаны М.​Аладавым (сімфонія-балада «У суровыя дні»), Я.​Цікоцкім (балада-маналог «Помнік» для баса і арк. на сл. А.​Пушкіна), А.​Багатыровым (харавая балада «Шумелі бярозы», балада з фп. трыо), П.​Падкавыравым (кантата «Балада пра чатырох заложнікаў» на сл. А.​Куляшова), Я.​Глебавым («Альпійская сімфонія-балада»), Л.​Абеліёвічам (вак. цыклы «Партызанскія балады» і «Ваенныя балады»), І.​Лучанком («Балада пра салдацкае сэрца» і цыкл песень-балад для салістаў, хору і арк.), І.​Кузняцовым (хор «Балада пра маці») і інш. Шэраг твораў непасрэдна звязаны з тэматыкай і сюжэтамі фальклорных балад: сімф. паэма «Бандароўна» Г.​Гарэлавай, кантата «Надзя-Надзейка» Э.​Наско, кантата «Не сячы, мой татухна, пры дарозе бярозы» М.​Васючкова (для нар. хору і ансамбля ўдарных інструментаў на тэксты бел. нар. балад).

Публ.:

Балады. Кн. 1—2. Мн., 1977—78;

Беларуская балада. Мн., 1978.

Літ.:

Салавей Л.М. Беларуская народная балада. Мн., 1978;

Мухаринская Л.С., Якименко Т.С. К изучению музыкальной типологии народных баллад // Памяти К.​Квитки, 1880—1953: Сб. ст. М., 1983;

Народные баллады. М.; Л., 1963;

European Folk Ballads: Edited by Erich Seemann, Dag Strömbäck, Bengt R.Jonsson. Copenhagen, 1967 (European folklore series. Vol. 2);

Kumer Zmaga. Vsebinski tipi slovenskih pripovednih pesmi. Ljubljana, 1974.

Т.​С.​Якіменка (фальклор, прафес. музыка), В.​Л.​Бечык (літаратура).

т. 2, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)