ляту́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які лятае, носіцца ў паветры. Лятучыя воблакі. // Здольны лятаць, насіцца ў паветры. Лятучае насенне. Лятучыя пяскі. □ Там-сям серабрылася ў паветры лятучае павуцінне. Караткевіч. // перан. Здольны хутка перамяшчацца з месца на месца, мяняць месца. Лятучы партызанскі атрад.
2. перан. Які хутка праходзіць, кароткачасовы (пра час, з’яву і пад.). Хай час пралятае лятучы, Усмешка заўжды, як вясна. Зарыцкі. // Мімалётны, які хутка мяняецца, няўлоўны. У часе прыязнай гамонкі, Лятучых жартаў і прыкрае Ускочыў хлопчык з крыкам звонкім, Каханак Богутаў, Адась. Колас.
3. Які праводзіцца раптоўна і хутка (пра сходы, мітынгі і пад.). Лятучы рэйд. Лятучы мітынг.
4. Які раптоўна пачынаецца і хутка праходзіць (пра хваробы). Лятучая ліхаманка. Лятучы рэўматызм.
5. Спец. Які хутка выпараецца. Лятучы эфірны алей. Лятучыя кіслоты.
•••
Лятучая мыш — гл. мыш.
Лятучая пошта гл. пошта.
Лятучыя рыбы гл. рыба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́гляд, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Накіраванасць зроку на каго‑, што‑н. Я тады быў у тым узросце, калі ўжо не млеюць ад дзявочых поглядаў і ўсмешак. Васілевіч. [Якуб] зноў пераводзіць погляд на паляну і спрабуе ўявіць на ёй далёкі, напаўзабыты вобраз. Зарэцкі.
2. які. Выраз вачэй, манера глядзець. Мужны і дародны [Батура], Як той дуб, плячысты, погляд — ясны, чысты. Пушча. І чуць калі што вынікала, То бацька кідаў так, бывала, На хлопцаў погляд выразліва, Што тыя ў лаву баязліва Траха са страху не ўпаўзалі, Бо гэты погляд добра зналі. Колас.
3. Пункт гледжання. Кожны чалавек мае сваю асобную мерку да шчасця і свой асобны погляд на самое шчасце... Бядуля. Кожны расказваў сваё, на яго погляд, самае цікавае і незвычайнае. Пальчэўскі. Погляд Дубоўкі на паэзію мае многа агульнага з поглядам на яе Максіма Багдановіча: як той, так і другі змагаліся за высокую культуру беларускага верша. Конан.
•••
Абвесці поглядам гл. абвесці.
Абеглы погляд — мімалётны, ледзь улоўны погляд.
На першы погляд — паводле першага ўражання.
На погляд — па знешняму выгляду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)