мёрзлы, ‑ая, ‑ае.
1. Які зацвярдзеў ад марозу. Чалавек пад бярозай кашлянуў і пайшоў прэч, загрукатаўшы ботамі па мёрзлай зямлі. Шамякін. Сухі вецер гнаў па мёрзлай раллі пясок. Ваданосаў. // Пакрыты лёдам, абледзянелы. Сонейка зірнула У мерзлае акно — І заззяла пышна Іскрамі яно. Журба. Як толькі Сцёпка параўняўся з адною хатай у сяле і зірнуў на яе мёрзлыя шыбы, ён адразу заўважыў гэта прагрэтае акеначка ў аконцы. Колас.
2. Сапсаваны ад холаду, ад марозу. Мёрзлая бульба.
3. Разм. Вельмі халодны, выстуджаны — аб памяшканні. [Чарноў:] — Дай .. [каню] на месяц аўса ды пастаў яго ў сапраўдную канюшню, а не ў гэту мёрзлую яму — .. і ты яго не пазнаеш. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сасно́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сасны, уласцівы ёй. Сасновая кара. □ Цімохава хата была моцная, ёмкая, пабудаваная з тоўстага сасновага дрэва. Колас. Тут [у вёсцы] водар сасновы, здаровы, Ігліцы, жывіцы настой. Бялевіч. // Які здабываецца з сасны. Грудзямі гарачымі зноў я ўдыхаю Пах кветак палёў і сасновай жывіцы. Хведаровіч.
2. Які складаецца з соснаў, парос соснамі. Няма ў ціхае надвор’е лесу болей спакойнага, паважна-ўрачыстага, чым сасновы бор. Навуменка. Лагер размяшчаўся ў сасновым гушчары. Мележ.
3. Зроблены з сасны. На заставе.. ўздымаюцца вялікія сасновыя зрубы. Брыль. Мёрзлыя камякі зямлі глуха падалі на сасновыя векі дамавін. Лынькоў.
4. у знач. наз. сасно́выя, ‑ых. Тое, што і хваёвыя.
5. Як састаўная частка пазваў раслін, жывёл, птушак. Сасновы шаўкапрад. Сасновая саўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хра́па 1, ‑ы, ж.
1. Пярэдняя частка галавы ў буйной жывёлы; морда. Мядзведзь смокча лапу ў бярлозе санліва, Лось высунуў храпу — Шукае спажывы. Купала. // Ніжняя і сярэдняя частка пераносся ў жывёлы. Салвэсь папрасіў гаспадара разявіць каню зяпу. Той ахвотна паслухаўся: сціснуў праваю рукою жывёлу за храпу, а другою адцягнуў ніжнюю губу. Пальчэўскі.
2. звычайна мн. (хра́пы, храп). Ноздры ў вялікіх жывёл (каня, лася і пад.). Храпы вялікага гнядога каня дыхалі параю. Пестрак. З храп у .. [аленя] ішла пара, і яны былі белыя — заінелі. Пташнікаў.
3. Груб. Твар, нос чалавека. Якім чынам сюды трапіў, Не магу ніяк уцяміць. Ці не даў мне хто па храпе Ды адбіў дарэшты памяць? Крапіва. — Сам бачыў, як у Бабруйску на Казначэйскай нейкі дзяцюк сунуў кулаком у храпу гарадавому, а той толькі юшку выцер, лахі пад пахі ды ходу. Грахоўскі.
хра́па 2, ‑ы, ж.
Разм. Замёрзлая грудамі зямля. Васіль як бы і не заўважаў холаду, борзда тупаў прадранымі лапцямі па ўкамянелай камякаватай храпе, што біла ў падэшвы, у пяткі. Мележ. На дварэ падмарожвала. Растаптаная скацінай гразь ператварылася ў храпу. Чарнышэвіч. Аступілася [Ганна] у нейкую яму і балюча ўпала каленьмі на вострыя, мёрзлыя храпы. Місько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)