мы́шца, ‑ы, ж.

Тканка жывога арганізма, здольная скарачацца і забяспечваць функцыю руху частак цела; мускул.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мы́шца ж., анат. мы́шца, -цы ж., му́скул, -ла м., цяглі́ца, -цы ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Мы́шцамускул’ (ТСБМ). Запазычана з рус. мышца (Крукоўскі, Уплыў, 72), у якой са ст.-рус. мышьца < ст.-слав. мышьца. Да мыш (Фасмер, 3, 27).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

жаўла́к, ‑а, м.

1. Зацвярдзенне, пухліна ў выглядзе гуза на целе чалавека, жывёлы. // Мускул, які выступае на шчоках пры сцісканні сківіц. Пад карычневай плямай маёравай шчакі ўсхадзіўся жаўлак, і здавалася: на шчацэ варушыцца мыш. Лынькоў.

2. Акруглены кусок мінералу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

поднима́ющий

1. прич. які́ (што) падыма́е, які́ (што) падніма́е; які́ (што) узніма́е, які́ (што) уздыма́е; які́ (што) ста́віць; які́ (што) пачына́е, які́ (што) усчына́е, які́ (што) распачына́е; які́ (што) узганя́е; які́ (што) успу́джвае; см. поднима́ть;

2. прил. падыма́льны, падыма́ючы;

поднима́ющий му́скул анат. падыма́льны му́скул;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

зварухну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Зрабіць рух целам; варухнуцца, паварушыцца. Зося гэтак задрыжала ад страху, што нават дзіця на руках зварухнулася і заплакала. Чарот. Андрэйка прыціснуўся да плота, балюча апёк крапівой лоб, але сцярпеў, нават не зварухнуўся. Ваданосаў. // Зрабіць хуткі, нязначны рух; таргануцца, дрыгнуць (пра часткі цела). Кусцістыя бровы старога зварухнуліся. Даніленка. Ніводзін мускул на твары Лабановіча не зварухнуўся. Колас. // Прыйсці ў лёгкі рух; скалыхнуцца. Досвітак ціхі ў барах, Не зварухнуцца галінкі. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́мія 1, ‑і, ж.

1. Труп, захаваны ад гніення бальзамаваннем.

2. перан. Пра худога, маларухомага або не здатнага да моцных пачуццяў чалавека. Пасярэдзіне, за сталом, крэсла-трон. Прысланіўшыся да яго непамерна высокай спінкі, сядзіць у чорным сурдуце мумія. Ніводзін мускул не жыве — усё застыла. Сяргейчык. [Ярохін:] — Чалавек павінен быць вясёлым, жыццярадасным, і няма ніякай патрэбы ператварацца яму ў нейкую бязмоўную мумію. Шамякін.

[Араб. mumija, ад перс. mum — воск.]

му́мія 2, ‑і, ж.

Мінеральная фарба розных колераў (ад светла-чырвонага да чырванавата-карычневага).

[Араб. mumija.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ступа́к, ‑а, м.

Абл.

1. Частка нагі ад костачкі ўніз; ступня. Пасля першага дня балела ўсё цела, як пабітае, кожны мускул адзываўся болем, пачынаючы ад шыі і канчаючы ступакамі ног. Дамашэвіч. // Ніжняя паверхня ступні; падэшва. Да самых маразоў Нічыпар хадзіў босы, і зноў жа таму, што не любіў якіх-небудзь турботаў. — Ступак у мяне нічога не разбірае, — апраўдваўся ён перад людзьмі. Кулакоўскі.

2. Абутак на ступні ног. Намацвае [Амброзім] пад лавай ступакі, саджае ў іх ногі, апранае кажух. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нерв, нерв звычайна мн. не́рвы, нэ́рвы ’нервы’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), не́рва ’тс’ (Янк. 1), не́рванный ’нярвовы’ (Юрч.); сюды ж нэрвава́цца ’перажываць’ (Сл. ПЗБ), не́рвенік ’дзіванна скіпетрападобная, Verbascum thapsiforme Schrad.’ (Бейл.). Запазычана праз рус. нерв або польск. nerw з заходнееўрапейскіх моў (< ням. Nerw, франц. nerf, што з лац. nervus ’жыла, мускул, нерв’), гл. Фасмер, 3, 64; назва расліны ўтворана паводле прадуктыўнай мадэлі па тыпу сярдзе́чнік ’зелле ад сэрца’, не́рвенік ’зелле ад нерваў’ і пад. Форма ж. р. другасная, узнікла з мэтай пазбегнуць неўласцівага беларускай народнай мове спалучэння ‑рв у канцы слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́бка1 памянш. да жа́ба1–4 (гл.).

Жа́бка2 ’падкоўка на абутку’ (зэльв., Жыв. сл., 141). Улічваючы геаграфію, магчыма, з польск. żabka ’тс’. У слав. мовах, у тым ліку польск. żabka, укр. жа́бка, серб.-харв. жабица ’стрэлка ў капыце, нарасць на назе каня’, балг. дыял. жабамускул на назе’. Аналагічны перанос у іншых мовах (англ. frog ’жаба’ — ’стрэлка ў капыце’, грэч. βάτραχος ’жаба’ — ’частка капыта’, якуцк. баӷа ’жаба’ — ’стрэлка пад капытом’; Пякарскі), таму апошняе да жа́ба1, а адсюль па падобнасці перанос на ’падкоўку’.

Жа́бка3 ’гатунак школьнага пяра’ (ТСБМ). Ад жа́ба1 па знешняму выгляду.

Жа́бка4 ’каменьчык, які кідаецца на водную паверхню, а ён падскоквае’ (КЭС). Рус., укр. жабка, польск. żabka, чэш. žabka, серб.-харв. жа̏бице, славен. žábica ’тс’. Відаць, паводле жабячых (да жа́ба1) падскокаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)