Лю́дны ’мнагалюдны, шматлікі; такі, дзе звычайна бывае многа прахожых і праезджых’ (ТСБМ, Нас.), ’прыхільны да сваякоў’ (Жд. 1, Сл. ПЗБ), ’таварыскі’ (Ян.), ’прыстойны, добры, людскі’ (ТС, Сл. ПЗБ). Да прасл. lʼudьnъ (< lʼudъ) ’які датычыць народа, звязаны з людам, людскім зборышчам’, ’уласцівы людзям’ (Слаўскі, 4, 365). Сюды ж людно ’людна’ (ТС), ’прыстойна, па-чалавечы’ (Нік.), людне́ць ’станавіцца людным, лепшым, выхаваным’, ’набываць якасці чалавечнасці, ветлівасці, пачцівасці’ (Нас., Янк. 3., ТСБМ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
шу́мны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Які стварае, робіць шум 1 (у 1 знач.). Вада ў калонцы была сцюдзёная, і Піхамір з ахвотаю стаў пад шумны струмень. Чыгрынаў. Патрэскваюць галіны бярозы ў шумным ветры. Пестрак.
2. Які робіць шмат шуму, гучна гаворыць; крыклівы і пад. (пра чалавека). Штодзень збіраліся на полі Мы, хлапчукі, у шумны гурт. Смагаровіч. Гэткай жа шумнай кампаніяй адправіліся на вакзал. Шыцік. Паводзіны.. [Соні] нічым не адрозніваліся ад ранейшых, яна была ўсё такой жа, вясёлай і шумнай, поўная бесклапотнага смеху. Ракітны.
3. Які суправаджаецца шумам, адбываецца з шумам (у 1, 2 знач.). Шумныя спрэчкі. □ З прычыны добрай пагоды і святочнага дня сход асабліва мнагалюдны і шумны. Крапіва. Шашы ўспаміналіся падзеі вясельнага дня: вяселле было багатае і шумнае. Шамякін. [Зіну] цягнула на шумныя вечары, танцы, дзе было ёй цікава і дзе не трэба было непакоіцца, як падумаюць аб табе іншыя. Шыцік. // Які праяўляецца, выражаецца бурна, з шумам. «Віват! Жаданы госць!» — і ў захапленні шумным Гасціннасць расчыніла дзверы насцеж. Панчанка. // Гучны. Шумная гамонка.. адарвала Святлану ад роздуму. Шахавец.
4. Поўны кіпучай дзейнасці, напоўнены шумам, ажыўлены. Шумная вуліца. Шумны двор. □ Прывезлі ёлку прадаваць На гарадскі на шумны рынак. Танк. Белы дом стаіць пры шумным скверы Паміж ліп і клёнаў маладых. Непачаловіч. // перан. Поўны здарэнняў, трывог; неспакойны. Па следу шумнага, напружанага дня, Нарэшце, завітала цішыня. Корбан.
5. перан. Які выклікае шум (у 4 знач.), прыцягвае да сябе ўвагу, цікавасць. Музычны фільм «Карнавальная ноч» меў шумны поспех. «Маладосць».
шу́мны 2, ‑ая, ‑ае.
Які ўтварае на сваёй паверхні пену (пра напітак); пеністы. Шумнае віно. Шумнае піва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)