Мясі́ць, місі́ць, месі́ць, драг. мысэ́тэ ’мяць, размінаць густую масу, перамешваючы яе з вадкасцю’, ’таўчы’, ’біць, дубасіць’, ’хадзіць, ездзіць па гразкім, топкім, сыпкім’ (ТСБМ, Грыг., Шат., Сл. ПЗБ, ТС; гродз., драг., КЭС), мясі́лка ’машына для размешвання’ (ТСБМ). Укр. міси́ти, рус. меси́ть, польск. miesić, н.-луж. měsyś, в.-луж. měsyć, чэш. mísiti, славац. miesiť, славен. mesíti/mésiti, серб.-харв. мије̏сити, макед. меси, балг. ме́ся́, ст.-слав. мѣсити. Прасл. měsiti, да якога роднаснымі з’яўляюцца: літ. maišýti ’мяшаць’, лат. màisît ’тс’, ст.-прус. maysotan ’перамешаны’, ст.-інд. mēkṣayati ’мяшае’. Першасны прасл. атэматычны дзеяслоў не захаваўся (у літ. мове ёсць група з аблаўтам: mìštimiẽštimaišýti). У іншых і.-е. мовах з суфіксам ‑sk‑: лац. misceō ’мяшаю’, ірл. mescaim ’тс’, ст.-в.-ням. miscan ’мяшаць’, нарв. meisk ’сумесь’, ст.-грэч. μίσγω (< *mig‑skō) ’мяшаю’ (Бернекер, 2, 52; Траўтман, 175; Мюленбах-Эндзелін, 2, 551, 636; Фрэнкель, 450; Фасмер, 606–607; Махэк₂, 365; Бязлай, 2, 180; Буга, Rinkt., 1, 478; 2, 166 і 487). Сюды ж ме́сіва ’густая, вадкаватая маса’, ’сумесь’, ’мешаніна’ (ТСБМ, Грыг.). Гл. таксама мяша́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́заць ’пакрываць слоем чаго-небудзь тлустага ці вадкага’, ’пэцкаць’, ’непрыгожа маляваць або пісаць’, ’рабіць промахі ў гульні, стральбе’ (Нас., ТСБМ, Шат., Мат. Гом.); жытк., нараўл., лельч. ’бяліць’ (Мат. Гом.); светлаг. ’чысціць боты’ (Мат. Гом.), ’падмазваць, намазваць’ (Сл. ПЗБ), ’бяліць мелам’ (ТС). Укр. ма́зати, рус. ма́зать, польск. mazać, н.-луж. mazaś, в.-луж. mazać, чэш. mazati, славац. mazať, славен. mázati, серб.-харв. ма̏зати ’тс’; макед. мазни ’гладзіць’, ’песціць’, мазнина ’сала, тлушч’, балг. мажа; ст.-слав. мазати, мажѫ. Прасл. mažǫ, mazati мае няяснае паходжанне (Махэк₂, 356). Аднак Бернекер (2, 58), Мерынгер (IF, 17, 148), Эндзелін (KZ, 44, 66), Мюленбах-Эндзелін, (2, 684), Младэнаў (WuS, 12, 59), Траўтман (173), Фасмер (2, 557) мяркуюць, што роднаснымі да прасл. mazati з’яўляюцца лат. (iz)muôžêt ’мучыць’, ’перахітрыць’, muôžêt ’прагна есці’, ’біць’, літ. mēžti ’угнойваць’, лат. mêzt ’чысціць ад гною, падмятаць’, ст.-грэч. μάσσω, μάττω, μεμαγμένος ’цісну, мажу’, μαγεύς ’пекар’, μαγίςмесіва’, μᾱζα ’цеста’, ст.-в.-ням. mahhôn ’складваць, звязваць’, н.-в.-ням. machen ’рабіць’, арм. macanim ’гусцею’. Такім чынам, mazati паходзіць ад *magʼ‑. Яно з’яўляецца ітэратывам з доўгім галосным кораня *‑māgʼ‑ā‑tei. Першасны дзеяслоў у славян не захаваўся. Сюды ж мазену́ць ’ударыць’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)