Капе́ц, копе́ц ’куча агародніны, накрытая ад дажджу і марозу саломай і прысыпаная зверху зямлёй’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Яўс., Бір. Дзярж., Сцяшк., Рам. 7; Яшк.; слуц., Лекс. і грам.; чэрв. Сл. паўн.-зах.; бялын., Янк. Мат., Янк. I); ’курган, магільны насып’ (Янк. I; паст., навагр., шчуч., пух., Сл. паўн.-зах.; Серб., Грыг., Яруш., Касп., Мал., Гарэц., ТСБМ); ’насып са слупам як межавы знак’ (Касп., Яруш., Гарэц., лід., в.-дзвін., паст., Сл. паўн.-зах.; ТСБМ), копэ́ц ’мурашнік’ (лунін., Шатал.), капе́ц ’тс’ (пух., Сл. паўн.-зах.); ’кратавінне’ (беласт., ганц., Сл. паўн.-зах.); капе́ц//капцы́ ’смерць, пагібель, канец’ (ТСБМ, Некр., Янк. БФ, Сержп., Яўс., Бір. Дзярж., Янк. I); капе́чышча ’месца, дзе быў капец бульбы, буракоў’ (Яшк.). Прасл. kopьcь ’насып, куча, узгорак’ — памяншальнае ад коръ < kopati > капа́ць (гл.) (прыклады і этымалагічную літ-ру гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 38–40 і 28). Параўн. таксама бел. драг. скопэ́ц ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

капе́ц, ‑пца, м.

1. Куча агародніны, накрытая ад марозу саломай і прысыпаная зверху зямлёй. Капец буракоў. □ Засыпаюць бульбу ў капцы таксама хлопцы. Выкопваюць доўгую прамавугольную яму, засцілаюць дол, берагі саломай і воз за возам насыпаюць высокі конус, які затым зноў накрываецца саломай і, засыпаецца зямлёй. Навуменка. Гаспадар сёння абладзіў капец бульбы, абгледзеў яго так, каб ніводная бульбіна не прапала. Сабаленка.

2. Насып са слупам як межавы знак. З капца тырчаў новы дубовы слупок, на абчасаным баку яго быў выпалены дзяржаўны герб. Галавач. Але праведзена граніца, На ёй пастаўлены капец, Парог паложаны — канец! Колас.

3. Разм. Насып, курган, звычайна надмагільны. Над гэтым салдацкім капцом дарагім Прашу аднагодкаў: праверце, Ці не зараслі дзе да родных магіл Сцяжыны — у полі і ў сэрцы! Гілевіч.

4. звычайна мн. (капцы́, ‑оў). Разм. Смерць, пагібель, канец. Доўга хварэў пан. Усе думалі, што капцы ўжо яму. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пята́, пʼята́ ’задняя частка ступні, пятка’ (ТСБМ, Ласт., Варл., Сцяшк.; ашм., Стан.; віл., Сл. ПЗБ), ’абух у сякеры’, ’задняя частка касы’, ’тупы канец яйца’, ’карма лодкі’ (Варл.; Сцяшк.; навагр., полац., Сл. ПЗБ), пʼета́ ’пятка нагі, пятка ў касе, сасе і інш.; межавы знак на вуглу поля’ (ТС), пя́та ’пятка’ (беласт., Сл. ПЗБ), пʼяда́ ’тс’ (драг., Сл. ПЗБ), ст.-бел. пята ’месца (пункт), з якога пачынаецца вымярэнне зямлі’; укр. пʼята́ ’пятка’, рус. пята́, польск. pięta, чэш. pata, славац. päta, в.-луж. pjata, н.-луж. pěta, палаб. ṕǫta, славен. pẹ̑ta, серб.-харв. пета, балг. пета́, макед. пета, ст.-слав. пѧта. Прасл. *pęta ’нага, капыт, ступак’, роднаснае літ. péntis ’абух, задняя частка касы і інш.’, лат. piête, pietis ’абух, аснова грабель, заднік, запатылак’, ст.-прус. pentis ’пята’, афг. pūnda ’пята’, што ўзыходзяць да кораня і.-е. *pent‑ ’ісці, хадзіць’ (Скок, 2, 648; Сной₂, 510). Іншая, менш верагодная версія звязвае праславянскае слова з *pęti ’напінаць’ (гл. пяць), *pǫto ’пута’ (гл. пута), параўн. Шустар-Шэўц, 2, 1072; БЕР, 5, 192; ЕСУМ, 4, 651; пад сумненнем Фасмер, 3, 424. Абедзве версіі лічыць прыймальнымі ESJSt, 11, 643. Збліжэнне з польск. piękny (гл. пекны) з больш ранняга pięk(r)ny ’выступаючы, выпуклы’, здавальняючае семантычна, вядзе да сумнеўнай рэканструкцыі *penktā, гл. Банькоўскі, 2, 573.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)