цыклапі́чны, ‑ая, ‑ае.

Масіўны, вельмі вялікі (звычайна пра збудаванні). Цыклапічная калона. □ Рэшткі горада на .. берагах — гэта рэшткі марскога порта. Сярод іх — руіны цыклапічных пабудоў. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

магу́тны, -ая, -ае.

1. Вельмі вялікі, значны (па сіле, велічыні).

М. ўдар.

М. ўраган.

2. Які мае вялікую магутнасць (у 2 знач.).

М. рухавік.

3. Тоўсты, масіўны (пласт, слой).

М. пласт гліны.

4. 3 вялікімі вытворчымі і матэрыяльнымі магчымасцямі.

Магутная краіна.

|| наз. магу́тнасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Магу́тны ’вельмі дужы, здаровы’, ’вельмі вялікі, значны па сіле, велічыні’, ’тоўсты, масіўны (пра слой, пласт)’, ’з вялікімі вытворчымі і матэрыяльнымі магчымасцямі’ (ТСБМ, Касп., Бяльк.). Укр. могу́тний, рус. могу́тный ’моцны, магутны, здаровы’, чэш., славац. mohutný ’тс’. Утворана ад дзеепрыметніка цяп. часу mogǫt‑ пры дапамозе суф. ‑ъnъ‑jь. Да магчы́ (гл.). Параўн. Фасмер (2, 636), Махэк₂ (371). Анышкевіч (Сл. бойк. гов., 1, 426) супастаўляе бойк. маготний з венг. mag ’зерне’. Сюды ж магутнасць ’уласцівасць магутнага, вялікая сіла, моц’ (ТСБМ, Гарэц.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цяжкі, нялёгкі, важкі, грузны, масіўны; пудовы (перан.) □ як падняць

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Вальяжны ’няспешны, здаволены’ (КТС): «Дзед ішоў на дзіва вальяжны і прыгожы» (У. Караткевіч). Параўн. рус. вальяжный ’які ідзе няспешна, нетаропка’. Рус. вальяжный ’грузны, тоўсты, непаваротлівы, вельмі важны’. Фасмер (1, 271) услед за Праабражэнскім (1, 63) звязвае з *вальяга < валить. Іншая версія: рус. вальяжный < льячный (Даль, 1, 163; Шанскі, 1, В, 15). Акрамя ўказаных, слова мае шэраг значэнняў: ’масіўны, моцны; разны, прыгожа выраблены’ і звязваецца з дзеясловам вальяжиться ’важнічаць, фанабэрыцца’. Магчыма, бел. слова з’яўляецца русізмам. Варта ўказаць на ўкр. валежний ’важны’ (Грынч., 1, 123), якое Рудніцкі (1, 299) лічыць магчымым вытлумачыць як кантамінацыю ўкр. валечный (< польск. waleczny) і ўкр. важний.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гру́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Масіўны, цяжкі. Грузны стол. □ Пыл шэраю хмараю валіць З-пад грузных машын у бакі. Калачынскі. Нівы пладавітыя Шэпчуць грузным коласам. Глебка. // Тоўсты, непаваротлівы (часцей пра чалавека, яго цела). Дзедава пляменніца была ўжо не маладая: здаровая, грузная, з бледным прыпухлым.. тварам. Ракітны. Грузны, камлюкаваты Валак, па-старэчы цяжка перавальваючыся, тупае да грубкі. Васілевіч. // Цяжкі, марудны (пра крок, паходку і пад.).

2. Цяжка нагружаны. Я ўбачыў здалёк два вокі, і гэта быў поезд. Ён соп, калі падыходзіў, вельмі ж сярдзіта. І такі ж грузны, чорны ўвесь, як тоўстая вужака. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ця́жкі, -ая, -ае і цяжкі́, -а́я, -о́е.

1. Які мае вялікую вагу або з грузам вялікай вагі.

Чамадан быў вялікі і ц.

Конь ледзь цягнуў ц. воз.

2. Пазбаўлены лёгкасці, хуткасці (пра паходку, рух і пад.).

Нехта набліжаўся цяжкімі крокамі.

3. Які робіць уражанне вялікай вагі; густы, непразрысты.

Цяжкія хмары.

4. Масіўны, грувасткі, вялікі.

Вуліца была забудавана цяжкімі гмахамі.

5. Які нялёгка зразумець; складаны, няясны (пра стыль, мову і пад.).

Аповесць напісана цяжкім стылем.

Ц. пераклад.

6. Моцны.

Ц. ўдар.

7. Які патрабуе высілкаў, нялёгкі для выканання; турботны, складаны.

Ц. абавязак.

Цяжкае жыццё.

Цяжкія часы.

8. Моцны, балючы, глыбокі.

Цяжкая крыўда.

Цяжкая страта.

9. Які доўга і дрэнна ператраўліваецца (пра ежу).

10. Пра ступень хваробы: моцны, небяспечны.

Цяжкая хвароба.

Ц. стан параненага.

11. Які прыносіць клопат, турботы каму-н.

Ц. характар.

12. Змрочны, невясёлы, сумны.

Ц. настрой.

Цяжкія думкі.

13. Удушлівы, непрыемны (пра паветра, пах і пад.).

Ц. дух.

Цяжкая атлетыка — комплекс фізічных практыкаванняў па падыманні цяжараў.

Цяжкая вада — ізатопная разнавіднасць вады, у якой звычайны вадарод часткова або поўнасцю заменены цяжкім вадародам.

Цяжкая прамысловасць — прамысловасць па вырабе сродкаў вытворчасці.

Цяжкія металы — металы з удзельнай вагой звыш 5 грамаў.

|| наз. ця́жкасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

магу́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае фізічную сілу; вельмі дужы, здаровы. Магутны асілак. Магутны зубр. Магутныя крылы. // Які сведчыць аб фізічнай сіле. Брыль робіць кароткі перапынак. І яго магутная постаць, і голас, і нейкая прастата і шчырасць у словах робяць на сялян добрае ўражанне. Колас. // Здаровы, жыццяздольны. Магутны арганізм.

2. Вельмі вялікі, значны (па сіле, велічыні). Магутны ўраган. Магутны залп. □ У заключэнне рэйда быў нанесены магутны камбінаваны ўдар па чыгунцы. Шамякін. // З тоўстым ствалом; густы, раскідзісты. У гушчары, на скрыжаванні торных Лясных дарог. — вышэй сваіх сяброў Узрос магутны граб. Кірэенка. Прайшло шмат часу, а .. [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнае голле. Дуброўскі. // Надзелены вялікай баяздольнай сілай, добра ўзброены, умацаваны (пра вайсковыя злучэнні, умацаванні і пад.). Пяскоўцы ведалі ўжо, што следам за разведчыкамі ідуць магутныя часці Чырвонай Арміі. Пальчэўскі. // перан. Здольны аказаць значнае ўздзеянне на каго‑, што‑н. Калі ж вайна хадзіла па Радзіме І вораг нёс нам рабства і разбой, З тваім [Максіма Горкага] магутным словам, Гордым імем Фашызму мы давалі жорсткі бой. Астрэйка.

3. З вялікімі вытворчымі і матэрыяльнымі магчымасцямі. Магутная краіна. Магутная металургічная прамысловасць. □ Для пераможнага салюта, Якім байцоў Радзіма славіць, Мы ведалі: Урал магутны Даўно руду ў мартэнах плавіць. Танк. А калі магутны атам Мы для працы пакарылі, Стаў народ такім багатым, Што канца няма той сіле. Крапіва.

4. Спец. Тоўсты, масіўны (слой, пласт). Тут адразу ж пачынаўся магутны пласт чырвонай гліны. Штыхаў.

5. Спец. Які мае вялікую магутнасць (у 3 знач.). Магутная турбіна.

•••

Магутная кучка гл. кучка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стыль 1, ‑ю, м.

1. Сукупнасць прыкмет, якія характарызуюць мастацтва поўнага часу і напрамку з боку ідэйнага зместу і мастацкай формы. Гатычны стыль. Рамантычны стыль. Стылі ў жывапісе. □ Змрочны, масіўны будынак сельмага ў манументальным стылі мінулых часоў, а цераз вуліцу, у садку, — вясёлы, зграбны ружовы домік з керамічна[й] цэглы — само ўвасабленне лёгкасці, прыгажосць яко[й] адкрыў чалавецтву наш касмічны век. Палтаран. / Пра мэблю, творы прыкладнога мастацтва. Чый гэта голас Кволенькі, Без мужнасці і без веры .. Чуецца з-за шыфаньераў, Са спальняў імпартных, з крэслаў Самага моднага стылю. Кірэенка.

2. Моўныя сродкі, характэрныя для якога‑н. пісьменніка або літаратурнага твора, жанру, напрамку; сукупнасць прыёмаў выкарыстання такіх сродкаў. Стыль Коласа. Газетны стыль. Кніжны стыль. Фальклорны стыль. □ Уладзімір Караткевіч вылучаецца не толькі адметнасцю тэматыкі, не толькі асацыятыўным, метафарычным вершам, дасканалыя, амаль іканаграфічным стылем сваіх аповесц[ей], якія хутчэй нагадваюць раманы. «Маладосць». // Сукупнасць асаблівасцей у пабудове сказаў і словаўжыванні, манера выказвання. Чым выклікаліся гэтыя слёзы: ці то стылем пісьма, перасыпаным такімі звонкімі і мудрымі словамі, ці то Мікітаваю здольнасцю пісаць так хораша і складка. Колас. // Пабудова выказвання ў адпаведнасці з нормамі сінтаксісу і словаўжывання. Працаваць над стылем. Памылкі ў стылі.

3. Метад, характар якой‑н. работы, дзейнасці. Ленінскі стыль кіраўніцтва. □ Возьмем, для прыкладу, такое важнае пытанне, як савецкі стыль работы. Яго галоўнымі рысамі з’яўляюцца канкрэтнасць, дзелавітасць, наватарства, пастаянная апора на сучасную навуку і перадавую практыку. Машэраў. // Спосаб выканання, ажыццяўлення чаго‑н., які характарызуецца сукупнасцю пэўных тэхнічных прыёмаў. Плаваць стылем «брас». □ Вось ужо чутна, як лыжы стукаюць аб дарогу. Ідуць двое рознымі стылямі; адзін бяжыць, другі едзе, моцна рыўкамі адштурхоўваючыся палкамі. Размаўляюць. Шамякін.

4. Разм. Манера паводзіць сябе, гаварыць, адзявацца і пад. Маякоўскі нас уразіў .. незабыўнай манерай чытання сваіх вершаў, усім стылем сваіх паводзін на сцэне. Рамановіч. Ліда часамі спрабавала кальнуць яе за такі модны стыль у адзенні, але Кулінка рабіла выгляд, нібы яна не чуе. Ермаловіч.

•••

Вольны стыль — у спартыўных спаборніцтвах — спосаб плавання, які выбіраецца самім плыўцом.

Высокі стыль гл. высокі.

У стылі каго-чаго або у якім стылі — такі або так, як у каго‑н. (пра знешні выгляд, манеры, паводзіны).

[Фр. style ад грэч. stylos — палачка для пісьма.]

стыль 2, ‑ю, м.

Спосаб летазлічэння.

•••

Новы стыль — сістэма летазлічэння, уведзеная ў 1582 г.; грыгарыянскі каляндар.

Стары стыль — сістэма летазлічэння, уведзеная ў 46 г. да н. э. і прынятая ў Расіі да 1917 г.; юліянскі каляндар.

[Фр. style ад грэч. stylos — палачка для пісьма.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ця́жкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікую вагу, з грузам вялікай вагі. Калун быў вялікі і цяжкі. Якімовіч. Адна ідзе старая Аксіння. Адна са сваімі ціхімі думамі і цяжкім мехам травы за спінай. Ракітны. / Аб прадметах большай вагі, аб’ёму, як звычайна. Цяжкія кроплі. Цяжкія каласы. □ [Кацярына] ціха плакала. Цяжкія слёзы каціліся адна за другой па твары. Васілевіч. Усе яны анямелі, здаецца, перасталі дыхаць, у каго скацілася, у каго толькі набегла цяжкая мужчынская сляза. Янкоўскі. // Які пакідае ўражанне вялікай вагі, цяжкасці (буйнымі памерамі, цёмным колерам, характарам прапорцый). Цяжкія хмары. □ Неба чорнае, цяжкае і таксама мёртвае. Гамолка.

2. Вялікі, грузны (пра чалавека, жывёлу). Здалёку пачулася нейкае няроўнае чвяканне, быццам нехта цяжкі і нязграбны прабіраецца па багністай і гразкай глебе. В. Вольскі. // Масіўны, грувасткі, вялікі (пра пабудовы, мэблю і пад.). Страшны замак, цяжкі, грозны. Пара вежаў, як адна. Колас. Хтосьці барабаніў рукамі па раялі, хто трымаў партрэты польскіх каралёў у цяжкіх залачоных рамах, а хто калом вокны павыбіваў. Бядуля.

3. Пазбаўлены лёгкасці, прыгажосці, хуткасці (пра паходку, рух і пад.). [Ян] пайшоў да дзвярэй цяжкай хадой стомленага чалавека. Чарнышэвіч. [Лукаш] ішоў ззаду ўсіх сваёй цяжкаю паходкай. Сабаленка. // Пазбаўлены тонкасці, прыгажосці, занадта пышны ці грувасткі, нязграбны. Цяжкі стыль. Цяжкі пераклад.

4. Які патрабуе вялікай працы, энергіі, сіл, напружання для ажыццяўлення, разумення і пад. Шлях быў цяжкі наш і доўгі, Гартаваны ў барацьбе. Астрэйка. Усё прыходзіла з гадамі, Набыта цяжкаю цаной: Ад неўсвядомленага «ма-ма» Да бессмяротнага «За мной!» Жычка.

5. Які пераадольваецца з цяжкасцю; абцяжараны, з турботамі. Суцяшаў, суцяшаў дзед [Міколку], але ад цяжкага жыцця захварэў, злёг. Лынькоў. Маці наша расказвала, што маленства ў хроснага было цяжкае: сіратой ды калекам пры нямоглай матцы і старэйшым браце. Брыль. // Разм. Які з цяжкасцю паддаецца выхаванню, уздзеянню. [Вера Мікалаеўна:] — Не згодна я. Няма цяжкіх дзяцей! «Звязда». // Які звязаны з хваравітымі адчуваннямі, болем. У .. [Марыны Архіпаўны] былі вельмі цяжкія роды. Шамякін. // Вельмі сур’ёзны, небяспечны (пра хваробу ці стан хваравітасці). Аляксея Шыраева даставілі ў Рэчыцу, у спецыяльны санаторый, у вельмі цяжкім стане. «Беларусь».

6. Сумны, змрочны, пануры. А з мястэчка партызаны неслі цяжкую навіну. Паўлаў. // Які выражае змрочнасць, суровасць, панурасць. Андрэй цяжкім позіркам акінуў сястру. Чарнышэвіч. Паліцай адарваўся ад дакумента, цяжкім позіркам укалоў Сцяпана. Шыцік.

7. Вельмі густы, моцны, непрыемны (пра паветра, пах і пад.). Паветра вельмі цяжкае, душыць, няма дзе дзецца... Бядуля. Кіслы, цяжкі дух сустрэў Якуба, калі ён пераступіў парог свае хаты. Крапіва.

8. Які мае вялікія габарыты і магутную зброю. Супраць крэпасці было выстаўлена дзевяць лёгкіх і тры цяжкія артылерыйскія батарэі 45‑й дывізіі. «Беларусь». // Які вырабляе машыны вялікай магутнасці і вялікіх габарытаў. Цяжкае машынабудаванне.

9. Змрочны, невясёлы, сумны. Цяжкія думкі перабіў скрып варот у гумне і моцны смех. Васілевіч. [Жонка] варочалася з боку на бок, накрываючыся з галавою, нібы хаваючыся пад коўдру не толькі ад Вацікавага храпення, а і ад цяжкіх думак. Марціновіч. // Непрыемны, нязручны. Дзяўчына адвярнулася і хутка пайшла назад, нібы ўцякаючы ад гэтага месца. Уражанне было вельмі цяжкае. Маўр. Ведала [Ганна]: будзе непрыемная, цяжкая гаворка, але гатовая была да яе. Мележ.

10. Навіслы, змрочны. Цяжкая хмара была ўжо зусім блізка. Гамолка. // перан. Які цісне, маральна ўшчамляе. Словы паліцыянта, здавалася, былі цяжкія, як волава. Сабаленка.

11. Моцны, вялікі, глыбокі; які з цяжкасцю праходзіць, адбываецца, утвараецца, звязаны з непрыемнымі фізічнымі адчуваннямі. Цяжкае гора. Цяжкі сон. □ І, выдых хаваючы цяжкі, Карэнні хаваюцца ўглыб. Гаўрусёў.

•••

Цяжкая атлетыка гл. атлетыка.

Цяжкая вада гл. вада.

Цяжкая кавалерыя гл. кавалерыя.

Цяжкая прамысловасць гл. прамысловасць.

Цяжкія металы гл. метал.

Цяжкая рука; цяжкі на руку гл. рука.

Цяжкі на пад’ём — а) пра чалавека, якога цяжка ўгаварыць куды‑н. пайсці, паехаць і пад.; б) пра таго, хто з неахвотай прымаецца за што‑н., ідзе на што‑н.

Цяжкі хлеб гл. хлеб.

цяжкі́, а́я, ‑о́е.

Тое, што і ця́жкі. [Чарнавус:] Дапамажыце выйсці з цяжкога становішча, у якое я трапіў з нечае ласкі. Крапіва. Наперадзе будзе цяжкое спатканне... Дубоўка. Паслухаць бы драздоў свістанне У час ружовага світання, Калі цяжкі мядзведзь з бярлогі Высоўвае на сонца нос. Панчанка. Дзецям ногі баляць, іх стамляе дарога цяжкая. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)