аднато́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Нязменлівы, аднастайны паводле тону, гучання; манатонны. Аднатонныя песні спявала восень, жалобна шумеў аголены лес. Колас. Ноч звініць за акном аднатоннымі кроплямі. Скрыган.
2. Аднаколерны. Аднатонны стэп. Афарбоўка лесу ніколі не бывае аднатоннай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ро́кат ’раскацістыя гукі, якія зліваюцца ў манатонны гул’ (ТСБМ), укр. ро́кіт, рус. ро́кот ’тс’, рокота́ть ’грукаюць, грукатаць’, рус. карэл. ’моцна спяваць; крычаць’, стараж.-рус. рокотати ’гучаць’. Усходнеславянскае. Зах.-слав. і паўд.-слав. адпаведнікі маюць ‑е‑ у корані і ‑г‑ замест ‑к‑, набліжаючыся да рагатаць, рогат (гл.). Гукапераймальнае (Праабражэнскі, 2, 212; Фасмер, 3, 497; SEK, 4, 201).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ка́ня, ‑і, м.
1. Драпежная птушка сямейства ястрабіных, дакучлівы манатонны крык якой нагадвае слова «піць»; сарыч, канюк. Прытаіцца да моху русалка, лясун, Каня вечнага «піць» не заводзіць. Пад звон-песню жывучых гусляравых струн Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць. Купала.
2. Абл. Кнігаўка. Пералётам да балот далі аб сабе знаць кані. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чмялі́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чмяля, уласцівы яму. Чмяліны мёд. □ Маленькіх пчаляроў у Пуцілкавічах было многа. У час сенакосу яны збіралі чмяліныя гнёзды і пераносілі іх у свае берасцяныя вуллі. С. Александровіч. // Такі, як у чмяля (пра гул, голас). Струн гітарных гул чмяліны, Кастаньет бусліны клёкат. Дзве ружовых гітарысткі Абарвалі дзве струны. Панчанка. Манатонны, нудны постук колаў чмяліным гудам поўз у вушы. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Плю́скат ’шум ад удару чым-небудзь па вадкасці або наадварот’ (ТСБМ). Да плю́скаць 1 (гл.). Назоўнікі на *‑ot‑ъ утвараюцца часцей за ўсё ад дзеясловаў, якія абазначаюць гукі. Сюды ж плюскаце́ць ’хлюпаць (пра ваду ў ботах)’ (Сцяц.), плюската́ць ’плёскаць (аб хвалях)’ (Шат.), ’плёскацца’ (астрав., Сцяшк. Сл.), ’распырсквацца, вылівацца’ (ТСБМ). Параўн. польск. pluskot ’пляск’, ’плёскат’, ’лопат’, pluskolać ’выдаваць пляск’, ’ударыць з пляскам’, ’плёскацца’, укр. плюскота ’пляск’, плюскотати ’плёскаць’, н.-луж. pluskot ’пляск, плёскат, журчанне’, pluskotaś ’плёскаць, журчаць’, в.-луж. pluskolać ’тс’, чэш. pliskotati ’пра моцны дождж’, паўд.-чэш. pluskotati ’тс’, макед. плускот ’манатонны шум дажджу’, ’патрэскванне агню’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ро́кат, ‑у, М ‑каце, м.
Раскацістыя гукі, якія зліваюцца ў манатонны гул. Рокат матора, .. рэзкі шум барабана зліліся ў суцэльны гул. Хадкевіч. Недалёка бліснула маланка, і праз лязгат гусеніц данёсся рокат грому. Мележ. Мора бушавала, яго рокат аглушыў юнака, ахапіў усю істоту. Жычка. // Густое, прыглушанае гучанне галасоў. Гудзе сход, як цёмная пушча пад напорам буры. Асобных слоў не чуваць, адзін густы рокат поўніць школьную залу. Колас. // Меладычныя, пералівістыя гукі. Беларусь гукае, кліча Больш, чым нечых мораў шквал, Сваёй даллю маляўнічай, Сваім рокатам цымбал. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпу́ля, ‑і, ж.
1. Тое, што і шпулька (у 1, 2 і 3 знач.). Волька напрадзе за вечар шпулю, а мама дзве ручайкі. Пальчэўскі. Гурчыць паціху самапрадка, Кудзеля — як на каравуле, І спіць памочніца дзіцятка Пад манатонны шорхат шпулі. Гаўрусёў.
2. Пасадка з драўніны ці кардону, якая надзяваецца на верацяно для намотвання на яе пражы. Бабуля сядзіць на тапчане. Худыя, парэпаныя пальцы наўздагад вядуць тонкую кужэльную нітку, пускаючы яе на шпаркую шпулю калаўротка. Брыль.
3. Спец. Стрыжань для намотвання дроту, кабелю і пад., а таксама намотаны сам дрот, кабель і пад. Партызаны захапілі шпулю кабелю і па балоце зайшлі ім [гітлераўцам] наперад. Федасеенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аднаста́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Аднолькавы, нязменлівы на ўсім працягу. Тут была вялікая тэрыторыя, аднастайная сваёй прыродай. Чорны. Магло здацца, што ні моладзь, якая тут сабралася, нічога больш не ўмела скакаць, ні музыка — іграць, акрамя гэтай аднастайнай полькі. Лобан. Поезд ішоў сваёй аднастайнай хадою. Пестрак.
2. Які выяўляецца ў аднолькавым гучанні; манатонны. А яшчэ запомніўся мне аднастайны і роўны шум пушчы, што стаяла ўся ў красе асенняга золата. Краўчанка. Спачатку.. [Антонік] не мог разабраць ні аднаго слова, галасы зліваліся ў аднастайны гул. Мележ.
3. Аднародны паводле складу, будовы. Глеба з аднастайнай структурай.
4. Падобны адзін на адзін; зроблены на адзін узор. Тоўстым пластом лёг на саламяных стрэхах снег і, здаецца, яшчэ ніжэй прыгінае да зямлі старасвецкія будынкі, шэрыя, нізкія, аднастайныя. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)