Плю́скат ’шум ад удару чым-небудзь па вадкасці або наадварот’ (ТСБМ). Да плю́скаць 1 (гл.). Назоўнікі на *‑ot‑ъ утвараюцца часцей за ўсё ад дзеясловаў, якія абазначаюць гукі. Сюды ж плюскаце́ць ’хлюпаць (пра ваду ў ботах)’ (Сцяц.), плюската́ць ’плёскаць (аб хвалях)’ (Шат.), ’плёскацца’ (астрав., Сцяшк. Сл.), ’распырсквацца, вылівацца’ (ТСБМ). Параўн. польск. pluskot ’пляск’, ’плёскат’, ’лопат’, pluskolać ’выдаваць пляск’, ’ударыць з пляскам’, ’плёскацца’, укр. плюскота ’пляск’, плюскотати ’плёскаць’, н.-луж. pluskot ’пляск, плёскат, журчанне’, pluskotaś ’плёскаць, журчаць’, в.-луж. pluskolać ’тс’, чэш. pliskotati ’пра моцны дождж’, паўд.-чэш. pluskotati ’тс’, макед. плускот ’манатонны шум дажджу’, ’патрэскванне агню’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)