Ма́каўе1 ’макаўкі, верхавіны дрэў’ (Бяльк.), ’ссечаныя вершаліны дрэў’ (Нас.) — Балтызм. Параўн. літ. makaũtė ’макушка’, ’мазгаўня’.

Ма́каўе2, макавей ’свята братоў Макавеяў у дзень 14 жніўня’ (Др.-Падб., Растарг., Сл. ПЗБ), ма́каўе ’тс’ (Гарэц., Нас.). Ад назвы іудзейскага жрэчаскага роду Макаве́й.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

галава; кумпал (разм.); мазгаўня (разм. груб.); кацялок, манерка (перан.); голаў (абл.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Ты́ква ‘від гародніны’ (Бес.), ‘посуд з гліны для алею’ (Ян.). Параўн. укр. ти́ква, ти́квиця ‘гарбуз’, ‘пасудзіна для вады, віна’; рус. ты́ква ‘гарбуз’, стараж.-рус. тыкы, тыкъвь, тыкъва, ц.-слав. тыкы, тыковь, тыкъве ‘тс’, польск. tykwa (zwyczajna) ‘гарлянка, Lagenaria vulgaris Ser.’, старое польск. таксама tykwia ‘тс’; ст.-польск. (XV ст.) tykwa ‘нейкі сорт груш’, ‘гарлянка’, ‘гурок, Cucumis sativus’, tykwa (włoska) ‘кавун, Citrullus vulg.’, каш. tëka, tëkva ‘вялікія прадаўгаватыя грушы’, славін. tëka ‘сорт асенніх груш’, чэш. tykev, мар. tykva ‘гарбуз’, славац. tekvica ‘тс’, ‘кабачок’; славен. tȋkva ‘гарбуз’, перан. ‘мазгаўня’, ‘бутэлька’, tikváča ‘чэрап’, tikveníca ‘сорт груш’, tȋkvešnica ‘нейкі сорт яблык’; харв. tȉkva, серб. ти̏ква ‘гарлянка’, ‘гарбуз’, ‘сасуд з гарбуза’, ‘сіфон для набірання віна з бочкі’, перан. ‘дурная мазгаўня’; макед. тиква ‘гарбуз’, ‘дурань’, балг. тѝква ‘тс’. Дапускаецца прасл. *tyky, *tykъve (якое не зусім яснае этымалагічна) ‘гарлянка’, ‘гарбуз’ ці падобныя да іх расліны, што паходзяць з паўднёвых краін. Назва, прынятая славянамі, магчыма, базіруецца на даіндаеўрапейскай (пелазгійскай) назве, роднаснай той назве, да якой узыходзяць ст.-грэч. σικύα ‘гарлянка, Lagenaria vulgatis’, σίκυος, σικός ‘гурок’, ‘дзікі гурок, Ecbarium elaterium’, лац. cucumis, cucumeris ‘тс’ (SEK, 5, 143; Бязлай, 4, 180), ficus, арм. t‘uz ‘тс’ (Фасмер, 4, 130; Гиндин, ЭИРЯ, 2, 1961, 88); Скок (3, 469) прыцягвае сюды яшчэ італ. zucca ‘гарбуз’, франц. дыял. tüko ‘тс’. Іліч-Світыч (ЭИРЯ, 1, 21) выказвае ідэю аб славянскім паходжанні слова тыква, супастаўляючы яго з *tykati ‘тыкаць’, *tyky ‘тычкі, слупы’, матывуючы тым, што гарбузы сеяліся ўздоўж платоў, за якія яны чапляліся, і віселі на іх. Агляд версій гл. ESJSt, 17, 1002; Арол, 4, 125.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лоб1, лоп, луоб, ло̂б ’пярэдняя частка галавы’ (ТСБМ, Бес., Кл., Бяльк., Касп., Сцяшк., Янк. Мат., ТС, Мат. Гом.), ’чалавек моцнага целаскладу’ (ТС), ’галава, мазгаўня’ (Кл.), ’абібок’ (б.-каш., Мат. Гом.), ’пярэдняя частка чаго-небудзь’ (Сцяшк.); лэб, лэп ’лоб’ (шальч., воран., іўеў., шчуч., валож., трак., швянч.), ’галава’ (астрав., ашм.), шчуч. ’валасы’ (шчуч.Сл. ПЗБ) — параўн. ст.-бел. лебъ < ст.-польск. łeb (Булыка, БЛ, 11, 46). Укр. лоб, ліб, рус. лоб ’лоб’, польск. łeb ’галава жывёлы’, зневаж. ’галава чалавека’, ст.-польск. łep ’чэрап’ (у Сымона Буднага); паўн.-усх. ’лоб’ і розныя пераносныя значэнні; чэш. leb ’чэрап’, перан. ’галава’, ст.-чэш. leb, славац. leb ’чэрап’, славен. ləb ’чэрап’, ’лоб’, балг. лъб, ц.-слав. лъбъ ’чэрап’, ст.-слав. лъбьнъ (параўн. рус. лобное место, славен. lebánja, lobánja ’чэрап’, ’узгорак’). Прасл. lъbъ ’чэрап’ > ’лоб’ > ’галава’ (Слаўскі, 5, 92). Звычайна прасл. лексему супастаўляюць са ст.-грэч. λόφος ’шыя’, ’узгорак’, ’чубок, чупрына’, ’султан з пёраў’ і з тах. A lap ’чэрап’, ’галава’ (Шульцэ, Kleine Schriften, 1933, 252; Бецэнбергер, BB, 4, 333; Фрэнкель, 398; Поўха, Inst. linguae tocharicae, 1, 1955, 264; Фасмер, 2, 507). Аднак гэта аспрэчваюць: Бернекер (1, 748–749), Слаўскі (JP, 36, 72), Фрыск (2, 140) з прычыны фанетычных неадпаведнасцей. Яны, а таксама Брукнер (309), Махэк₂ (323) параўноўваюць прасл. lъbъ з lubъ ’кара, лыка’, прыводзячы ў якасці доказаў наяўнасць сінонімаў — параўн. серб.-харв. дуброўн. lùbina ’чэрап’, харв. lùbanja, славен. lubánja, якія ў рэшце рэшт узыходзяць да і.-е. *leubh‑ ’лупіць, здымаць кару’. Прасл. lъbъ адпавядае і.-е. lubh‑ (сюды ж і літ. lùbena ’лушпіна’, lùbos ’столя’, lubà ’стальнічына’) з першасным значэннем ’выпуклая шкарлупка’ (параўн. серб.-харв. чак. з XVI–XVII стст. lup ’чэрап’, lȗp ’шкарлупа’).

Лоб2 ’пакрытая ледзяной карой зямля (пасля дажджу, адлігі)’ (карэліц., Янк. Мат.). Да лоб1 (гл.).

Лоб3 ’шчыт, франтон’ (Тарн., Зн., Касп.; пруж., бяроз., в.-дзв., Нар. сл., Шатал.; міёр. Нар. сл.), лельч., калінк. ’падстрэшак’, пруж. ’закот’, міёр. лоп ’падфрантонная сцяна ў будынку’ (Нар. сл.). У выніку пераносу паводле падабенства з лоб ’лоб’, параўн. палес. спіна, грыва ’вільчык’. Да лоб1 (гл.). Параўн. таксама лабак1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)