танцу́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад танцаваць.

2. у знач. наз. танцу́ючыя, ‑ых. Удзельнікі, выканаўцы танцаў. Любка прабралася між танцуючых да выхаду. Лынькоў.

3. Дзеепрысл. незак. ад танцаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ты́-бачко ‘ты’: як ты‑бачко паздатнела, ты‑бачко дзе робіш? (Сцяшк. Сл.). Да ты (гл.). Другая частка ‑бачко, відаць, ласкальны суфікс, утвораны адсячэннем канцовай часткі слоў, як у драг. лю́бочколюбка, мілая, харошая, зязюлька і г. д.’ у клічным склоне, параўн. лю́бачка ‘мілая, дарагая’ (гл. любка1), або, што больш верагодна, аформленая суф. ко‑ выклічнікавая форма бач (гл. бачыць), што выражае здзіўленне (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Любкі ’частка дзяльбы на дзве долі, якую адзін з удзельнікаў падзелу выбірае сабе’ (Цясл.). З рус. любки́ ў спалучэннях по любка́м, на любки́, любка́ ’добраахвотна, паводле свайго жадання, на выбар’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пералю́бка (піралю́бка) ’асоба, якая парушае шлюбную вернасць’ (слаўг., Нар. словатв.). Укр. перелю́б(ки) чини́ти ’пралюбадзейства рабіць з кім-небудзь’, серб.-харв. пр́љуб(а), макед. прељуба, ’тс’. Відаць, са ст.-слав. прѣлюбы дѣяті, творити ’тс’. Суфікс ‑ка, як у лю́бка1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цуке́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Салодкі кандытарскі выраб у выглядзе плітачкі, шарыка і пад. Шакаладныя цукеркі. Мятныя цукеркі. □ Сват хадзіў з рэшатам, абдзяляў гасцей цукеркамі і збіраў падарункі маладым. Васілевіч. // перан. Разм. Пра каго‑, што‑н., падобнае на такі выраб; пра нешта саладжавае. [Надзя:] — А хіба вы, Мірон Іванавіч, хацелі б бачыць мяне такой салодкай, як Любка? Тая сапраўды на цукерку ператварылася. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адхапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., што.

1. Паспешліва адняць. [Аляксей] палажыў свае дужыя, запэцканыя ў мазуту рукі на белы падаконнік, але тут жа паспешліва адхапіў іх і схаваў за спіну. Шамякін. Любка нечакана стукнула яму па руцэ і крыкнула: — Не лезь! — Паліцай адхапіў руку, як ад прыску. Дамашэвіч.

2. Разм. Набыць, дастаць, ухапіць; зарваць. Зямля была вельмі ўрадлівая. Ксавэр Блецька ведаў, які кавалак адхапіць ад Гальваса. Чорны.

3. Разм. Зарабіць, атрымаць. Адхапіць двойку. Адхапіць вымову.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Захворваць шаленствам (пра жывёлу).

2. Прыходзіць у крайняе раздражненне, гнеў; вар’явацца, лютаваць. Шалець ад злосці. □ Б’ючы, .. [Яўхім] не толькі не спатольваўся, а шалеў яшчэ больш. Мележ. Толькі дарэмна бандыты З лютае злосці шалеюць, — Не задушыць ім свабоды, Не заняволіць Карэі! Танк. // перан. Вельмі бурна, інтэнсіўна праяўляць сваё дзеянне, сілу. Шалее вецер. □ Шалелі ўдалечыні салаўі, выдумляючы самыя мудрагелістыя грэлі. Хадкевіч. Плынь вады, справа адносна запаволеная, часам аж шалее злева, пад зараснікамі вербалозаў, што густа навісаюць над вадою з крутых лугавых абрываў. Кірэенка. Каторы дзень шуміць наўкола, Шалее лютая зіма, Аж дрэвы хіляцца да долу. Каторы дзень цябе няма. Танк.

3. Рабіць учынкі, пазбаўленне разважлівасці, здаровага розуму; паводзіць сябе як шаленец. Маладыя лейтэнанты проста шалелі, выклікаючы на сцэну на дзіва прыгожую самадзейную артыстку. Навуменка. А Любка шалела, цалавалася з усімі афіцэрамі. Лынькоў.

4. перан. Вельмі хутка расці, буяць. Рэдкі і маленькі, на пяску.. [ячмень] цяпер зусім пасох і пакорчыўся. Але ў ім шалеюць баравікі — беленькія, з чорнымі галоўкамі і тоўстым карэннем. Пташнікаў.

•••

Шалець з раскошы — перабіраць, капрызіць (пра асоб, якія перанасычаны ўсім, маюць усё ў дастатку).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лю́бы, лю́бый ’які выклікае пачуццё любві; блізкі, дарагі, мілы сэрцу, каханы’ (Нас., Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Шат., Касп., Бяльк., ТСБМ, ТС; мядз., Сл. ПЗБ), ’той, каго любяць, шкадуюць’ (КЭС, лаг.). Укр. лю́бий ’тс’, люб ’мілы’, лю́ба ’каханая’; рус. люб, любый (люба ’каханая’); польск. устар. luby, н.- і в.-луж. luby (прыметнік і назоўнік), палаб. lʼaibě (< ljubъjь); чэш. libý, ст.-чэш. ľubý, ľub, ľúb, славац. ľúby (ľúba ’каханая’); славен. ljȗb, ljúba ’мілы, каханы, дарагі’ (ljúbi ’каханы’, ljȗba ’каханая’), серб.-харв. паўн.-зах. љуб (з XVII ст. і як назоўнік), љу́ба ’жонка’, макед. љуба ’каханая’, ’жонка’, балг. любалюбка, каханая’, ст.-слав. любъ ’мілы, прыемны’. Прасл. lubъ ’мілы, прыемны, каханы’ (Слаўскі, 4, 360–362), роднаснымі да якога з’яўляюцца літ. liaupsė́ ’пашана’, ’хвалебная песня’, liáupsinti ’ўсхваляваць’, ст.-інд. lúbhayati ’моцна жадае’, lōbhas ’жаданне, прага’, lōbháyati ’ўзбуджае жаданне’, гоц. liufs, ст.-в.-ням. liob, н.-в.-ням. lieb, ст.-грэч. λυπτά ’юрлівая’, ’каханка’, лац. lubet (libet) ’мне падабаецца’, ’я жадаю, маю ахвоту’, lubīdō, libīdō ’страснае жаданне’, алб. laps ’жадаю, прагну’ — і.-е. *leubhos (Фасмер, 2, 544; Слаўскі, 4, 360–362; Скок, 2, 337–339; Бязлай, 2, 146; Шустар-Шэўц, 12, 864; БЕР, 3, 572; Трубачоў, Эт. сл., 15, 181–182). Сюды ж лю́бенькі, любе́нькі, лю́бінькі, любу́нка — ветлівы зварот да людзей, любе́й ’мілей’, любе́йшы ’мілейшы’ (Бяльк., Шат., Нас., Мікуц., Рам. 8–9; КЭС, лаг.), лю́ба, лю́бо ’міла, з любоўю’, ’падабаецца’, ’па сэрцу’, ’добра’ (ТСБМ, Бяльк., Растарг., ТС; калінк., З нар. сл.; воран., Сл. ПЗБ), любя ’даспадобы’ (мядз., Жыв. сл.)

Любы́ ’кожны, усякі’, ’які хочаш (на выбар)’, ’абы-хто’ (ТСБМ, ТС; КЭС, лаг.; брасл., Сл. ПЗБ), рус. любой, ст.-рус. любой ’які хочаш’ (XVI ст.), славен. poljúben, чэш. libovolný, славац. ľubovolný ’тс’. Да лю́бы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дзе́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рабіць што‑н., займацца чым‑н. — Хопіць агітаваць, таварышы, пара дзейнічаць. — І Салавей расказаў пра ўсё, аб чым даведаўся ў Бабруйску. Грахоўскі. Ажыўшы пасля раптоўнага ўдару, народ пачаў дзейнічаць. Шамякін. // Праяўляць сваю дзейнасць (у 2 знач.). Ад сваіх людзей Заслонаў ужо ведаў, што ў дэпо дзейнічае падпольная камсамольская група, і здагадваўся, хто яе ўзначальвае. Шчарбатаў. // Праводзіць ваенныя дзеянні, аперацыі. Габдулін сказаў, што брыгада адрэзана ад штаба злучэння і іншых брыгад і цяпер дзейнічае адна. Мележ. [Бумажкоў] падвёў атрад да самага месца, дзе дзейнічала нямецкая часць. Чорны. // Выступаць у якасці дзеючай асобы літаратурнага твора. З цягам часу маленькае апавяданне, у межах якога ўкладваецца які-небудзь адзін толькі тыповы эпізод і дзейнічае самая мінімальная колькасць герояў, не магло больш задаволіць аўтара. Майхровіч.

2. чым. Кіраваць, валодаць чым‑н. Не ўмела Любка дзейнічаць нажом, не было ў яе руках патрэбнага спрыту. Лынькоў. [Марына] прыгожа дзейнічала ракеткай на тэніснай пляцоўцы. Васілевіч.

3. на каго-што і без дап. Рабіць уплыў, уздзеянне; выклікаць якую‑н. рэакцыю ў адказ. Лякарства пачало патроху дзейнічаць. Брыль. Бярозу стары не зразаў: ці то на яго дзейнічалі Максімавы ўгаворы, ці то проста адкладваў да іншага.. моманту. Даніленка.

4. Быць спраўным, працаваць, функцыяніраваць (пра механізмы, апараты, часткі цела і пад.). Па мосце ішоў таварняк — чыгунка на Бярозаўскую ДРЭС жыла, дзейнічала. Дадзіёмаў. Усюды дзейнічалі вулканы, нават у такіх месцах, дзе цяпер аб гэтым ніхто і не думае. Маўр. Жыла Анюта ўдваіх з мужам брыгадным конюхам, інвалідам ад прыроды — у яго не дзейнічала правая рука. Хадкевіч.

5. Мець сілу, абавязваць рабіць пэўным чынам. Эканамічны закон размеркавання па працы дзейнічае ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі. «Звязда». Тут, мабыць, дзейнічаў даўні вясковы звычай. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́сца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Тое, што і ліхаманка, малярыя. [Якаў Іванавіч:] — Ведаю добра гэта сяло. Чаго толькі тут пры цары не было! У кожнай хаціне — На печы сядун, У кожнай сялібе — Трасца, каўтун. Броўка.

2. Пра што‑н. няпэўнае, невядомае, нядобрае і пад. [Садовіч:] — Усяго, брат, было: і карты, .. і ўсякая трасца. Вось жа я і ўцёк ад усяго гэтага. Абрыдзела і астачарцела. Колас. [Астап:] — Знойдзе ружжо ці яшчэ якую трасцу, дык яму абавязкова трэба, каб да парадку давесці, праверыць ды выстраліць. Лынькоў. Іваноўскі ж, кажуць, і прафесар, і доктар, і інжынер, і яшчэ нейкую там трасцу прысвоілі яму. Новікаў. — Але няўжо Любка данесла на свайго мужыка? — здзіўляліся адны. — І праўда, няўжо? — паўтаралі другія. — А што вы думаеце, магла. Гледзячы з-за якой трасцы загарэўся сыр-бор. Карамазаў.

3. перан. Ужываецца з адмоўным адценнем у сэнсе: нічога не атрымаецца, не выйдзе і пад. — Ага, трасцу ўзяў! — прагаварыла Паліна і выцерла на [лбе] пот. Гурскі. — Ну пакажы, ну пакажы! Трасцу ты пакажаш, — падлівала масла ў агонь жанчына. Лобан. У цемені трасцу пацэляць, дый яны ж спяць, калі выставілі вартавога. Лупсякоў.

4. Ужываецца як лаянкавае слова. «Няўжо тупік? Няўжо тупік?.. Каму? Гужавіну? А трасцу!» Фаміч так лёгенька не здасца! Бачыла. [Валодзька:] — А на якую трасцу везці туды самапрадку, прасніцу, кросны? Гроднеў.

•••

Адна трасца (адзін чорт) — адно ліха, усё адно.

Трасца ліхая — пра што‑н. вельмі дрэннае, благое.

Трасца на яго (тваю) галаву — ужываецца як вокліч, якім выказваецца здзіўленне, пагроза і пад. — Не, думаю, трасца на тваю галаву, я цябе падпільную. Ермаловіч.

Трасца не бярэ — нічога не здараецца.

Трасца ў бок — пра нежаданне каму‑н. чаго‑н. дрэннага.

Трасца яго (вашай, іх, тваёй, яе) галаве — ужываецца як вокліч, якім выказваецца незадавальненне, абурэнне, прыкрасць і пад. А дзядзька Пракоп перайшоў ужо на другое: — Дык, значыцца, царок, святы памазанік боскі, спляжыўся, трасца яго галаве. Сабаленка.

Трасцу з’есці гл. з’есці.

Трасцу схапіць гл. схапіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)