адлучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.

Пакінуць якое‑н. месца на пэўны час; выйсці, адысці. Адлучыцца з дому. □ Марынка ўспомніла, як Паходня.. падышоў і пацалаваў яе, сказаўшы, што адлучыцца на якую гадзіну на калгасны двор па справах. Хадкевіч. // Аддзяліцца, адысці ад каго‑, чаго‑н. □ Гадзіны дзве ўся калона рухалася разам з партызанамі. Потым партызаны адлучыліся і пайшлі кожны сваім маршрутам. Колас. Віктар адлучыўся ад варот і знік у цемрадзі. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

налучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.

Разм.

1. Сустрэцца, трапіцца. Налучыўся знаёмы ў дарозе. □ Я жыва сабраўся, дастаў з пячуры сваю дубінку, бо ў лесе мог налучыцца воўк. Колас. // Прыйсці (пераважна нечакана). Налучыўся госць пад поўнач.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Настаць, надысці. Налучыўся зручны выпадак. Налучыўся момант.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); каму. Здарыцца з кім‑н. Хто баіцца, таму ўсё можа налучыцца. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прылучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.

1. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. Прылучыцца да кампаніі. □ Завод, на якім працаваў Рыгор, прылучыўся да забастоўкі трэцім. Гартны. Пакуль ураднік збіраўся, падышоў дзяк. Да іх яшчэ прылучыўся дыякан з фельчарам. Колас. // Стаць на чый‑н. бок, згадзіцца з кім‑н. Прылучыцца да прапановы.

2. Пазнаёміцца з чым‑н., уключыцца ў якую‑н. дзейнасць. Будзе працаваць [Віктар] нароўні з усімі. Зноў прылучыцца да нялёгкай, але знаёмай сялянскай працы. Паўлаў.

3. Разм. Здарыцца, стацца. [Алеся] перадумала ўсе няшчасці і здарэнні, якія маглі прылучыцца з Васілём. Колас. [Марыля:] Жалоба па бацьку яшчэ не адышла, з Зоськай такое няшчасце прылучылася, а ён — на табе! На скрыпцы выігрывае. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.

1. з кім і без дап. Расстацца, перастаць быць разам (пра блізкіх, сяброў). Здарылася так, што неразлучныя сябры разлучыліся: загад ёсць загад. Васілёнак. Не магла і падумаць старая, што трэба будзе з Лідачкай разлучыцца. Брыль. // Перастаць жыць разам (пра мужа і жонку); разысціся. [Агата:] — Няма Хведара. — [Антось:] — А дзе? — Другі год няма ўжо... Разлучылася я з ім. Чорны. // перан. Пакінуць што‑н. дарагое, блізкае, адмовіцца ад чаго‑н. звычнага. Цяжка раптоўна разлучыцца з думкай аб шчасці. Дамашэвіч. Лявон Лук’янавіч Кулакоўскі не па сваёй ахвоце разлучыўся з пасадай дырэктара школы. «Вожык».

2. Перастаць быць злучаным з чым‑н.; аддзяліцца. Канцы правадоў разлучыліся.

3. Падзяліцца, раздзяліцца. [Руневіч] памятаў, як прыходзілі хлопцы, паасобку і групамі, як абрастаў іх атрад, як разлучыўся на два, як да двух прырос трэці, чацвёрты. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

далучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак., да каго-чаго.

1. Дабавіцца да чаго‑н., стварыць адно цэлае з чым‑н. У гэтым годзе да .. [асушаных плошчаў] далучыцца яшчэ каля 50 тысяч гектараў тарфянікаў. «Полымя». І пасля гэтага, калі да двух дзесяцін Хвёдаравых далучылася дзесяціна жончына, — і тады нічога не змянілася. Чорны. Да пералётнага святла ракет далучыўся пажар эшалона. Брыль.

2. Прымкнуць да каго‑, чаго‑н., увайсці ў лік удзельнікаў, членаў чаго‑н. Чалавек далучыўся да дэманстрацыі і павёў першую калону касцельнаю вуліцаю на пляц. Чорны. Да партызан далучылася ўсё насельніцтва. Маўр. // Прыняць удзел у чым‑н. Далучыцца да працы. □ Бастуючым удалося .. пераканаць рабочых далучыцца да ўсеагульнай забастоўкі. «Полымя».

3. Згадзіцца з кім‑н., стаць на чый‑н. бок. Далучыцца да выказанай прапановы. □ Алена цалкам далучылася да Максімавых поглядаў на Саўкава партызанства. Колас.

4. Пазнаёміцца з чым‑н., асвоіць што‑н. Далучыцца да грамадскага жыцця краіны. □ Толькі далучыўшыся да багаццяў чалавечага генія, .. [пісьменнік] можа стаць сапраўдным творцам. Івашын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лу́чыць ’трапіць, пацэліць’ (ТСБМ, Шат.; КЭС, лаг.; Сл. ПЗБ), ’трапіцца, надарыцца’ (дзярж., Нар. сл.), ’натрапіць, сустрэць’ (ТС; КЭС, лаг.). Укр. лу́чити ’цэліць, прыцэльвацца’, рус. дан., сіб. лучи́ть ’здарацца, дапускаць’, лука́ть ’кідаць што-небудзь’, ’кідаць каменне з прашчы’, уладз., сарат. ’трапляць у цэль’; у выразе: коли бог лучит ’як бог дасць’, ст.-рус. лучити ’дасягаць чаго-небудзь’, ’знаходзіць, сустракаць’, ’даць’; лучитися ’здарацца, адбывацца’, ’прыйсціся’, ст.-польск. łuczyć ’лучыць’, н.-луж. (nad)łucyś se ’здарацца’, чэш. lučiti ’кінуць’, славац. lúčiť ’тс’; славен. lučíti ’кідаць у цэль’, серб.-харв. lúčiti ’знаходзіць, атрымліваць; сустракаць што-небудзь’, макед. лучи ’кідае’, балг. луча ’намерваюся, цэлю, дапускаю, трапляю ў цэль’, ст.-слав. лоучити ’здарацца’. Прасл. lučiti ’цэліць, кідаць у цэль, трапіць’ > ’дасягаць, атрымліваць, сустракаць’ (Слаўскі, 5, 283–285). Да і.-е. *leuk‑ ’глядзець’ (як і *leuk‑ ’свяціць, блішчэць’). І.‑е. адпаведнікі: літ. láukti, lū́čioti ’чакаць’, suláukti ’дачакацца, атрымаць’, ст.-прус. laukīt ’шукаць’, лат. lũkât ’глядзець, спрабаваць’, nùolũkât ’азірацца, назіраць’, nùo‑lũks ’цэль’, ст.-інд. lókate ’назірае’, lokáyati ’бачыць, аглядае’, lōcanam ’вока’, кімр. go‑lwg ’твар’, llygad ’вока’ (< *lukato‑), ст.-грэч. λεύσσω ’бачу, прымячаю’. Асноўнае значэнне і.-е. *leuk‑ было ’глядзець’, якое ў славян змянілася ў ’глядзець вакол сябе’ > ’знаходзіць, дасягаць’, у балтаў — ’глядзець вакол сябе’ > ’чакаць’, ’шукаць’ (Скок, 2, 324–325; Фасмер, 2, 538; Бязлай, 2, 155; БЕР, 3, 529–530; Шустар-Шэўц, 11, 784).

Лучы́ць1 ’яднаць, злучаць’ (ТСБМ), лу́чыць ’сябраваць’ (смарг., Сцяшк. Сл.), лучы́цца ’злучацца, далучацца, прыставаць да кампаніі’ (ТСБМ; КЭС, лаг.), ’сватацца’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. лу́чи́ти, лучи́тися ’тс’, ст.-рус. лучиты ’аддзяляць, расшчапляць’, лучитися ’аддзяляцца; уцякаць, аддаляцца’; польск. łączyć ’злучаць, яднаць, кантактаваць’, ’злучацца ў пары’, каш. ląčëc ’тс’, ’сутыкацца’, łǫčënë ’заручыны’, з XV ст. з’яўляецца значэнне ’аддзяляць, раздзяляць’, сілез. ’развівацца, заставацца’; н.-луж. łucyś ’з’яднаць, звязваць’, łycyś se ’здарацца’, чэш. loučiti ’дзяліць, разлучаць’, loučiti se ’пакідаць’, славац. lúčiť ’аддзяляць’; славен. lǫčiti (se) ’тс’, ’адрознівацца’, ’раздвойвацца (аб дарозе)’, серб.-харв. лу́чити се ’аддзяляць, адлучаць (цяля)’, ’зганяць у адно месца, напр., свіней’; макед. лачам ’аддзяляю’, ’адлучаю дзіцё ад грудзей’, ’аддзяляць ад асадку’, балг. лъча́ ’тс’, лъча се ’аддзяляцца, быць збоку, пазбягаць людзей’, ст.-слав. лѫчити ’аддзяляць, раз’ядноўваць’. Прасл. lǫčiti ’гнуць, згінаць’ — гэта значэнне часткова захавалася ў чэш. lúčiti se ’згінацца, хіліцца’, славен. lǫ́čiti ’гнуцца’, а пасля ў слав. гаворках адбылося развіццё значэння ў двух процілеглых кірунках: ’аддзяляць, раздзяляць’ ⟷ ’злучаць’ (Слаўскі, 5, 77–79). Уплывалі на гэта і прэфіксы дзеяслова. З’яўляецца першасным ітэратывам да прасл. lękti ’гнуць, выгінаць, скрыўляць’. Адпавядаюць лексеме лучыць літ. lankýti ’наведваць’, ’згінаць, схіляць’, lánkioti ’абыходзіць’, lankúoti ’гнуць, рабіць гнуткім’, лат. lùocît ’нахіляць, накіроўваць’ (Фасмер, 2, 537–538; Шустар-Шэўц, 11, 784; БЕР, 3, 565–566 з л-рай).

Лучы́ць2 ’калоць рыбу ноччу васцямі пры святле пучка лучыны’ (полац., З нар. сл.). Да луч3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)