разасла́ць 1, разашлю, разашлеш, разашле; ‑шлём, ‑шляце; зак., каго-што.

Паслаць, адправіць у розныя месцы. Разаслаць пісьмы. Разаслаць запрашэнні. □ Стараста разаслаў ганцоў ва ўсе куты вёскі Ямішчы. Колас. Зараз жа пасля нарады Грамабой разаслаў пасланцоў — дзяўчыну, жонку, Міколу. Крапіва.

разасла́ць 2, рассцялю, рассцелеш, рассцеле; зак., што.

1. Разгарнуўшы, паслаць на якой‑н. паверхні. Дзед разаслаў на траве пінжак і прылёг. Шашкоў. Першае, што Ніна зрабіла, — гэта паздзірала газеты з акон, са стала, фіранкі павесіла, настольнікі разаслала. Лобан. // Раскласці тонкім слоем па якой‑н. паверхні. — Ну, як там лён? — тонам гаспадара спытаў Віктар. — Увесь разаслалі? Кулакоўскі. // перан. Распаўсюдзіць на паверхні чаго‑н. Ранак выдаўся які! Паглядзі на гоні: Сонца, нібы ручнікі, Разаслала промні. Смагаровіч.

2. Разабраць для сну (пра ложак, пасцель). Думалася і нам выспацца. Мы і пасцелі разаслалі, і от.. прыселі пагаварыць. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; заг. папраў; зак., каго-што.

1. Ліквідаваўшы пашкоджанні, зрабіць прыгодным для карыстання; выправіць. [Куліпа:] — Сёння дажджу няма, таксі павінна пайсці. Гэта ўчора нешта ў ім паламалася. Але ж, пэўна, паспелі паправіць. Чыгрынаў. Трэба было падладзіць плугі, паправіць падвесную дарогу на свінаферме. Даніленка. // перан. Змяніць на лепшае або вярнуць да ранейшага (аб справах, жыцці і пад.). Зноў запяклі думкі пра сваё малое, пра бяду, якой ужо не паправіць ніколі. Мележ. [Алека] неяк падумаў, што да прыезду гаспадароў няблага купіць бутэльку віна.. Але ж было яшчэ не позна, усё яшчэ можна было паправіць. Хадановіч.

2. Прывесці да належнага выгляду, да парадку. Паправіць хустку на галаве. □ Навасад паправіў за плячамі мяшок і ўвайшоў у вуліцу сяла. Краўчанка. Лена паправіла кветкі ў гладышыку, абарвала некалькі звялых лістоў. Ваданосаў.

3. Ліквідаваць недахопы, памылкі. — Ёсць там і памылкі, і недагляды. Але ўсё гэта можна паправіць. Скрыган. // Указаць каму‑н. на зробленую памылку. Цыля прываблівала сваёй адукаванасцю, смелымі думкамі і ўменнем паправіць чалавека, не робячы яму крыўды. Асіпенка. // Унесці папраўкі ў чые‑н. словы, выказванні. — Не муравашка, а мурашка, — паправіла Вера Антонаўка і скрывілася, гатовая заплакаць. Карпаў.

4. Аднавіць, палепшыць, умацаваць. [Сальвэсь:] — Яна [жанчына] там нагаворыць! Ох, яна там нагаворыць ужо! А тут што, яна дзеля гэтага і замуж ішла, каб маім дабром сваю гаспадарку паправіць. Чорны. // Разм. Палепшыць чым‑н. здароўе. У дваццаць пяць гадоў трэба было б жыць самастойна, зарабляць не толькі на сябе, але і на сям’ю. Колькі разоў узнікалі гутаркі аб гэтым! Але такт Адама Юр’евіча, бацькі, згладжваў вострыя куты. Аб гэтым будзем думаць, калі льга будзе паправіць здароўе... Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)