прытушы́ць, ‑тушу, ‑тушыш, ‑тушыць; зак., што.

1. Трохі збавіць, аслабіць (святло, агонь і пад.). Прытушыць лямпу. □ [Сухоцкі] звярнуў на прасёлак і, прытушыўшы фары, паехаў у бок Ядліны. Курто. // у перан. ужыв. Зоры прытушылі свой бляск, толькі самыя буйныя сям-там яшчэ ярка гарэлі на небасхіле. Быкаў.

2. Разм. Затушыць, загасіць. Бацька трохі пакурыў, потым прытушыў недакурак, паклаў на трухлявы пянёк — эканоміў курыва. Масарэнка.

3. перан. Аслабіць, стрымаць. — Але чаму яны засталіся? — каб неяк прытушыць Шарэйкаву гарачнасць, спытаў Зазыба. Чыгрынаў. — А мне не спадабалася! — усміхнуўся ён аднымі вачамі і тут жа прытушыў ўсмешку. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хапі́цца, хаплю́ся, хо́пішся, хо́піцца; зак.

1. Зак. да хапацца (у 1–3 і 5 знач.).

2. Агледзеўшыся, спахапіцца, раптоўна заўважыць што‑н. Мы спяшаемся. Неба на ўсходзе Ружавее. Дарога Выйшла з вёскі. Хапіўся Мікіта: На вяселлі ватоўка забыта. Куляшоў. [Гэля:] — Баюся, Павел. Жандармерыя — не камендатура. Калі хопяцца, возьмуць бацьку. Навуменка. Пан Войцех хапіўся, што няма курыва, і папрасіў мяне спусціцца на першы паверх, купіць у кіёску папярос. Карпюк.

3. каго-чаго. Успомніўшы, пачаўшы шукаць, раптоўна выявіць адсутнасць каго‑, чаго‑н. Праз які дзень з фермы знік славак Юлік. Яго хапіліся раніцою, калі трэба было запрагаць коні. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; заг. падкінь; зак., каго-што.

1. Кінуць уверх. Падкінуць мяч. □ Нехта падкінуў угару кіну лістовак. Гурскі. [Люба] хапіла на рукі сына, падкінула яго ўгару, паставіла назад на падлогу і ўзялася грэць ваду. Чорны. // Штуршком узняць уверх. Грымнулі ўзрывы. Зямля колькі разоў падкінула Смірына. Алешка. / у безас. ужыв. Машыну падкінула і нахіліла набок. Новікаў. Задрамаў ён ці не, дзед не памятаў. Раптам яго нібы спружынай падкінула. Курто. // Узняць уверх рэзкім рухам (рукі, ногі і інш.). Тут як падскочыць конь, як падкіне ўгору заднія ногі, не ўтрымаўся дзед і лёгкай птахай узвіўся ў паветра. Лынькоў.

2. Закінуць пад што‑н. Падкінуць сякеру пад лаву.

3. і чаго. Кідаючы, дадаць да чаго‑н. Падкінуць вугалю ў топку. Падкінуць гною ў глебу. □ Уладзік памаўчаў, падкінуў у агонь кавалак смаліны. Краўчанка. // перан. Разм. Даць, паслаць дадаткова. Падкінуць грошай. Падкінуць воз дроў. □ Нам няма як паветрам ці сушай Падмогу падкінуць. Куляшоў. [Лясніцкі:] — Дні праз два.. прадуктаў нам на лодках падкінуць. Шамякін. / безас. Падбавіць. — Цяпер [Андрэй] чакае, каб добра падмарозіла ды пабольш сняжку падкінула, каб вывезці калоды з лесу. Машара. // перан. Разм. Сказаць у дадатак. — Няхай курыць, .. [Валодзя] да панскага курыва прывычны, — падкінуў з’едлівае слаўцо Кастусь. Машара.

4. і чаго. Разм. Даць корму жывёле. Падкінуць карове канюшыны. □ На хаду [фурманшчык] скубянуў пярэбірак сена з чужых саней і падкінуў свайму каню. Чорны.

5. Кідаючы, наблізіць. Ахрэменка падкінуў .. [Карагу] бліжэй кісет з махоркаю. Колас.

6. Употай, тайком падлажыць. Падкінуць лістоўку. // Употай пакінуць (пра дзіця). І цёмнай восеньскай ноччу, баючыся, каб не загінуў Томі на яе руках галоднай смерцю, .. [Роза] падкінула яго на ганак аднаго прытулку для бяздомных дзяцей. Лынькоў.

7. Разм. Падвезці куды‑н. — Давай, брат, падкіну! — параўноўваючыся з салдатам, спыніў .. [шафёр] машыну. Васілевіч. «Падкінуць» на мове шафёра значыць падвезці. Шыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)