пакрасава́цца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; зак.

Красавацца некаторы час. Мабыць, кожнаму чалавеку хочацца перад людзьмі пахваліцца, пакрасавацца: у маладосці — сваёй прыгажосцю, а ў старасці — прыгажосцю сваіх дзяцей. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

красава́ць несов.

1. цвести́;

жы́та ~су́е — рожь цветёт;

2. разг., см. красава́цца2

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

красава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Цвісці (пра злакавыя расліны). — Лубін сеецца па жыце тады, калі жыта красуе, і лепш яго сеяць пад дождж. Пестрак. У агародах зелянелі каноплі, цвіў мак, красавала нізкарослае жыта. Лупсякоў. // Пышна развівацца, квітнець (пра расліны). На ўзгорку, бачылі ўсе праз вокны, каліна красавала белым цветам. Дубоўка. Усё буйна красавала, — і на палях, і на лугах, і ў лясах. Якімовіч.

2. Тое, што і красавацца (у 2 знач.). Дочкі цвілі, Красавалі, як ружы. Дубоўка.

3. Тое, што і красавацца (у 3 знач.). Між сцёган, сала і грудзінак Красуе ўсмажаны падсвінак. Колас.

4. перан. Тое, што і красавацца (у 5 знач.). Красуй над светам, Рэспубліка Саветаў! Пушча. Красуй, ардэнаносная Краіна Беларусь! Кляшторны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

франці́ць, ‑нчу, ‑нціш, ‑нціць; незак.

Разм. Быць франтам, модна адзявацца. Калі вырасце Люся, яна будзе франціць у тонкім вышытым плацці. Чорны. // Выстаўляць напаказ сваё адзенне, прычоску і пад.; красавацца. [Маці:] — Не беражэш ты сябе, сынок. Хоць бы на шыю павязаў што. Ці ж зімой франціць... Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвісці, квітнець, красаваць, красавацца

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Брыня́ць ’набухаць’. Здаецца, беларускае новаўтварэнне да слав. *brьněti: укр. брені́ти, брині́ти ’гучаць; цвісці, красавацца’, ст.-польск. brznieć (польск. brzmieć), чэш. brněti і г. д. ’гучаць’. Як заўважыў Брукнер, 45, словы, якія азначаюць гучанне, гук, часта азначаюць і набуханне. Параўн. слав. *bręk‑ (гукапераймальная аснова) і *bręk‑ ’набухаць’ (гл. бра́кнуць), польск. brzmieć ’тс’, але nabrzmiały ’набухлы’. Бел. брыня́ць < *brьněti (развівалася, можа, пад польск. уплывам?). Адсюль і бры́на ’цвіль’ (гл.). Сюды адносіцца і абрыняць (гл.) ’напухнуць, азызнуць’ (гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2, 74).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́яць, мая́ты ’віцца (на ветры)’, ’калыхацца’ (Доўн.-Зап., Мотивы), ’махацца’ (Доўн.-Зап., Песні), ’красавацца, чырванець’ (Бес.), ’адхайваць’ (ТС), ’кідацца (аб конях)’ (Ян.). Укр. ма́яти ’рухаць туды-сюды’, рус. ма́ять ’махаць’, ’падмануць’, польск. majak ’міраж’, ’вакольная дарога’, majaczyć ’круціцца, балбатаць бязглуздзіцу’, н.-луж. mawaś ’махаць’, чэш. mávati ’тс’, славен. májati ’рухаць туды-сюды’, балг. зама́я, ома́я ’адурманьваю, чарую’, ст.-слав. намаꙗти, помавати ’ківаць на каго-небудзь’. Прасл. majati. Роднаснымі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца: літ. móti, лат. māt ’махаць’, ст.-інд. māyā́ ’пераўтварэнне, падман, мана, ілюзія’, ст.-грэч. μῑμος ’фокуснік, актор’, μώσθαι ’жыва рухацца’, і.-е. *mā‑ (Бернекер, 2, 7; Траўтман, 166; Фасмер, 2, 587, Махэк₂, 355; Бязлай, 2, 161). Параўн. махаць, мана́, мара́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

буя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. Бурна расці; пышна красаваць. Ярына на полі буяла, высыпала. Чорны. [Ніну] ўразіла, што навокал гэтага спусташэння яркай вясковай зелянінаю, бела-ружовым цветам буялі дзе-нідзе ўцалелыя яблыні. Мележ. // перан. Жыць, красавацца. [Арцюшыха] усім сэрцам разумела маладую жанчыну, жыццё якой пераламалася акурат тады, калі яму сама трэба буяць. Сабаленка.

2. Расці ў націну (пра бульбу, памідоры і пад.), у салому (пра жыта, пшаніцу і пад.); разрастацца на шкоду плоданашэнню. Бульба ў агародзе буяе. □ Цяпер там [на балоце] буйным коласам долу нікне жыта, зялёным шоўкам разгарнуліся травы, густым лесам буяе кукуруза. Дуброўскі. Унізе быў даволі глыбокі яр, у якім густа буялі вялікія і дробныя дрэвы. Мележ.

3. Буяніць, бушаваць. Калі на жоўтым полі буяюць вятры, калі навальніца цісне грудзі зямлі, тады жыта ламаецца, а ў пачуццях чалавека роспач. Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

віднецца, віднець, бачыцца, значыцца, вызначацца, праступаць, тырчаць / пра што-небудзь цёмнае: цямнець, цямнецца / пра што-небудзь высокае: высіцца; маячыць, вытыркацца (разм.); выглядваць, выглядаць, праглядаць, выдавацца, высоўвацца, свяціцца, красавацца, прасвечваць, вымалёўвацца (перан.) □ кідацца ў вочы

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

узня́ць, ‑німу, ‑німеш, ‑німе і уздыму, уздымеш, уздыме; пр. узняў, ‑няла, ‑ло; заг. узнімі і уздымі; зак., каго-што.

1. Узяць, падабраць што‑н. (з зямлі, падлогі і пад.). [Чалавек] абапёрся на рукі, а потым павольна ўстаў і ўзняў з зямлі плашч. Караткевіч.

2. Падняць, аддзяліць ад зямлі і пад., маючы столькі сілы, каб утрымаць (што‑н. цяжкае). Пагукваюць хлопцы і падважваюць бервяно. Узнялі, зрушылі. Колас.

3. Падняць уверх, перамясціць у больш высокае становішча. Высока ўзняўшы ўгору рукі, маладая жанчына вешала на .. [ялінку] бліскучыя каляровыя цацкі. Васілевіч. Завуч узняў акуляры на лоб і ўставіўся на Косцю. Карпюк. Захожы здзіўлена ўзняў шырокія калматыя бровы. Быкаў. / Пра парус, сцяг. Свет не забудзе сцяга над рэйхстагам: Нялёгка нам узняць было яго. Панчанка. // перан. Разм. Ставіць каго‑н. у больш высокае грамадскае становішча. [Клава:] — Там .. [Гаравы] быў і райком, і пракурор, і міліцыя. Усё разам. Хоць і там [у партызанах] яго вайна высока ўзняла. Асіпенка. // Падцягнуць уверх і замацаваць. Узняць заслону. // Загнуць уверх край чаго‑н. Бяжыць уперадзе дзяўчына, узняўшы падол. Колас.

4. Перавесці ў вертыкальнае становішча, адкрываючы або закрываючы што‑н. Я зашпіліла гузікі старога плашча, узняла каўнер, але ад гэтага ніколькі не пацяплела. Савіцкі. Аляксей узняў капот — матор увесь пабіты. Новікаў. Дзядок, што першым зайшоў у вагон, гаспадарліва ўзняў сярэднюю лаўку і перагаворваўся з жанчынамі. Даніленка. // Перавесці з нахільнага становішча ўверх (галаву, вочы і пад.). [Саша і Пеця] спыніліся, узнялі галовы і ў чыстым блакіце неба ўбачылі жураўлёў. Шамякін. [Студэнтка] ўзняла вочы да столі, нібы дзесьці там прачытала адказ. Прокша. Цаліна ўзняла свой светлы, прывабны твар. Кавалёў. // Узвысіцца дзе‑н., над чым‑н. Блішчыць рака. Гамоніць гай, Узняўшы ў неба кроны. Калачынскі. Наперакор ліхой стыхіі, На гэтай згруджанай жарстве, Узняўшы вежы залатыя, Прыгожы горад расцвіце. Глебка.

5. Прымусіць устаць, скрануцца з месца з якой‑н. мэтай. Узняць полк у атаку. □ Канваіры ўзнялі нявольнікаў, пагналі далей. Ставер. Іх [людзей] узняў па трывозе Цімох з кірмаша на пажар. Куляшоў. // Разбудзіць, прымусіць устаць з пасцелі. А заўтра ўзніме на світанні касцоў ледзь чутны звон травы. А. Вольскі. // Успудзіўшы, выгнаць адкуль‑н. (з нары, гнязда і пад.). Максім жа не загінуў ад звера, як гэта думалі людзі. Узняўшы з бярлогі мядзведзя, ён падштурхнуў яму ў лапы пана, а сам накіраваўся ў балоты. Машара. // Прымусіць каня перайсці на рысь, галоп і пад. Лёня нават Мяцеліцу ўзняў па рысь, успомніўшы белабрысы, падзюбаны воспай твар свайго начнога хаўрусніка. Брыль. // Падняць уверх (пыл, снег і пад.). Снегавы пыл, што ўзняў грузавік Стаева, даўно сплыў за дарогу, растаў сярод кедраў. Савіцкі. / у перан. ужыв. Узняць у душы віхор пачуццяў. // перан.; на што. Натхняючы, схіліць да актыўных дзеянняў. Узняць масы на датэрміновае выкананне плана. □ Бунтар, славуты герой беларускага народа [Ілья Гаркуша] яшчэ ў XVII стагоддзі ўзбунтаваў, узняў плугароў і сейбітаў, ганчароў і плытагопаў .. на барацьбу супраць белапольскіх магнатаў. Бялевіч.

6. Пачаць якое‑н. дзеянне (у спалучэнні з назоўнікамі, якія выражаюць дзеянне або вынік дзеяння). Узняць шум. Узняць паўстанне. Узняць плач. □ Надзя ў слёзы, цешча ўголас. Узнялі такі лямант, што Валодзька мусіў адкрыць карты. Гроднеў. Летам парабак панскі, Цімох Загула, узняў бунт у маёнтку, як прыйшоў з вайны... Куляшоў. І стала ёй [Аксінні] млосна, і села яна. Суседка трывогу ўзняла. Вярцінскі. // Падняць, узбудзіць (пытанне, справу і пад.). Шукаючы «красу, і светласць, і прастор», усё-ўсё светлае, што даваў паэту яго час, узняў .. [Багдановіч] у сваёй паэзіі. Лойка.

7. Зрабіць больш высокім. Узняць узровень вады. // перан. Зрабіць больш значным у чыіх‑н. вачах. [Паходня:] — Калі хочаш ведаць, дык я застаюся ў Старыцы, каб памагчы табе зноў узняць аўтарытэт эмтээс. Хадкевіч.

8. Павялічыць, павысіць. Узняць прадукцыйнасць працы. Узняць цэны. Узняць культурны ўзровень. □ — Знізіць крывую расцэнак, Якасць узняць вышэй!!! Лявонны. [Арэшка:] — Як, скажам, гэтыя мерапрыемствы павярнуць, каб надоі ўзняць? Пянкрат. // Падняць, павысіць (пра голас). — Не баюся я цябе! — апошнія словы .. [Аўгіня] сказала ўзняўшы голас. Колас. // перан. Зрабіць больш бадзёрым (настрой, дух і пад.). Лазоўскі жартам хоча ўзняць мой настрой. Васілевіч.

9. Наладзіць, палепшыць (што‑н. заняпалае, запушчанае, разбуранае). Узняць гаспадарку. □ Наш Гомель — краса Беларусі, Цябе мы з руін узнялі, Табе ў вяках красавацца На роднай квяцістай зямлі. Русак. [Сяргей:] — Разеітая жывёлагадоўля ўзніме эканоміку калгаса. Шахавец. // Пабудаваць, паставіць што‑н. Ён [Ільіч] верыў, што мінуць нягоды І што свабодны чалавек Узніме новыя заводы, Пакорыць плынь магутных рэк. Смагаровіч. Манумент мы гэты ўзнялі, Каб не забываць сыноў і дочак, Што з франтоў дадому не прыйшлі, Але з намі ў будучыню крочаць. А. Астапенка.

10. Узараць (папар, цаліну і пад.). Да нас у госці май прыходзіць, Як той старанны гаспадар, — Глядзіць, як поле наша родзіць, Ці ўзнялі ўвесь мы свой папар. Купала. Я быў упэўнены, што .. [Язэп] можа за лета ўзняць цаліну на некалькі вёрст. Бядуля.

11. перан. Выгадаваць, выхаваць, паставіць па ногі. Дзед спяшаўся. Яму трэба было ўзняць і гэтага. Цяпер Вацлаў быў у шостым класе. Караткевіч.

12. звычайна безас. перан. Узлаваць, вывесці з сябе. Выйшла [Дуся] разам з Віктарам, а гуляць не захацела. Віктара гэта ўзняло. Сташэўскі.

•••

Не ўзняць вачэй — не паглядзець ні на кога.

Узняць вочы — тое, што і падняць вочы (гл. падняць).

Узняць галаву — тое, што і падняць галаву (гл. падняць).

Узняць голас — тое, што і падняць голас (гл. падняць).

Узняць меч (зброю) — тое, што і падняць меч (гл. падняць).

Узняць на належную вышыню — давесці да высокага ўзроўню дасканаласці.

Узняць на ногі — тое, што і падняць на ногі (гл. падняць).

Узняць на штыкі — тое, што і падняць на штыкі (гл. падняць).

Узняць руку па каго-што — тое, што і падняць руку на каго-што (гл. падняць).

Узняць сцяг — тое, што і падняць сцяг (гл. падняць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)