Саламя́ ’салома або кастрыца, накладзеная на грэбень саламянай страхі’ (Шат.), ’верхняе бервяно, якое накладвалася на козлы і служыла непасрэднай апорай страхі’ (Малчанава, Мат. культ.), саламяно ’бэлька, якая вагаецца на слупе ў калодзежы з жураўлём’ (бых., КЭС), со́лам’е, со́ломʼя, со́ломʼе, со́лумʼекладзь, якая служыла апорай страхі на сохах’ (калінк., лельч., Нар. сл.), ’чалеснікі ў пячы і верхняе спалучэнне іх’ (усх.-палес.), ’вялікі агонь у пячы’ (жытк., Нар. сл.), со́ламʼя ’чалеснік’ (Мат. Гом.), со́ламенне ’ямка для жару на прыпечку’ (калінк., Нар. сл.), со́ломjе, со́ломень ’чалеснікі’ (Шушк.), sołommie (Маш.), сало́мʼе ’скляпенне’ (петрык., Шатал.), со́ломjе ’вусце печы’ (Шушк.). Рус. царк.-слав. слѣмя, больш позняе (XVI ст.) соломина ’брус, бервяно, перакладзіна’, польск. ślemię, szlemię ’брус, вільчак’, чэш. slémě, slemeno ’брус, вільчак’, ’горны грэбень’, славац. slemā, slemeno ’брус, перакладзіна’, серб.-харв. шље̏ме ’вільчак’, ’горны грэбень’, славен. slé̥me ’тс’, балг. сле́ме ’вільчак’. Прасл. *selmę, ‑ene. Верагодныя паралелі толькі ў літ. šelmuõ, Род. с. šelmens ’вільчак, франтон, доўгі брус’, šelmenỹs ’тс’, лат. salmene ’саламяны капялюш’, гл. Траўтман, 301 і наст., Мюленбах-Эндзелін, 3, 674 і наст. Далей мяркуюць аб магчымасці і.-е. *kʼs(u̯)el‑ + суф. ‑men і параўноўваюць з грэч. σέλμα ’брус, памост, палуба’, англ.-сакс. sealma, selma ’ложа’ < ’драўляны ложак’; гл. Педэрсан, LF, 5, 59; Сной₁, 580; супраць Фасмер, 3, 669. Аналагічна БЕР, 6, 867 — ад і.-е. *sel‑ ’града’ з (kʼ)seul‑, якое роднаснае групам *suel‑, *seel‑, працягам якіх з’яўляецца ст.-в.-ням. swelle ’парог’ < герм. swalja, ням. Schwelle ’тс’. Махэк₂ (553) параўноўвае таксама з лац. culmen ’верх, вяршыня’, але гэта лічыцца фанетычна непрымальным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слон1 ‘буйная траваядная млекакормячая жывёліна з доўгім хобатам і двума біўнямі’ (ТСБМ, Ласт.), слонь (Байк. і Некр.). Укр. слон, слонь, рус. слон, стараж.-рус. слонъ, рус.-ц.-слав. слонь, польск., в.-луж. słoń, н.-луж. słon, чэш., славац. slon, славен. slȍn, серб.-харв. сло̏н, балг., макед. слон. Форма слонь у беларускай, таксама як і ва ўкраінскай (аб апошняй гл. Фасмер, 3, 674), з польскай. Слова спрэчнага паходжання. Старое тлумачэнне *slonъ ад *(pri)sloniti sę ‘прысланіцца, прыхіліцца’ заснавана на сярэднявечных уяўленнях, што слон не можа згінаць каленяў, а таму спіць, прысланіўшыся да дрэва, параўн. рус.-ц.-слав. егда хощетъ спати дубѣ ся въслонивъ спитъ (гл. Праабражэнскі, 2, 324; Брандт, РФВ, 24, 180 і наст.; Брукнер, 500; Младэнаў, 591), адхіляецца Фасмерам (там жа) і Кіпарскім (ВЯ, 1956, 5, 137) як народная этымалогія, таму што ў славян, як заўважае Фасмер, не было магчымасцей назіраць за звычкамі гэтай жывёліны. Па фанетычных і гісторыка-культурных прычынах найбольш прымальная версія аб запазычанні з цюркскіх моў, параўн. тур., карай., азерб., крым.-тат. aslan ‘леў’; літаратуру гл. Фасмер (там жа); аналагічна Сной₁ (581), Борысь (558). Да пераходу значэння параўн. верблюд, які ў канчатковым выніку ўзыходзіць да грэч. έλεφας ‘слон’ (гл. Кіпарскі, там жа), асец. dombaj ‘зубр’, якое ў сучасным ужыванні стала абазначаць ільва (Абаеў, ВЯ, 1958, 1, 121), а таксама семантычнае новаўтварэнне рус. пск. слон ‘лось’. Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 27) прапануе супастаўленне з тахар. kloŋ; Іванаў (Этимология–1975, 153 і наст.) лічыць гэтую форму прамежкавай паміж цэнтральнаеўразійскімі і сібірскімі формамі гэтага міграцыйнага тэрміна і параўноўвае славянскія словы з формамі тыпу кіт. *sẟaŋ, тыбец.-бірм. slaŋ ‘слон’, параўн. Глухак, 563. Гл. яшчэ Махэк₂ (556) — аб версіі Ошціра (Slavia, 6, 1 і наст.), што ўзнаўляе праформу *slop‑n‑ і роднасць з грэч. έλεφας, Р. скл. έλεφαντος. Да апошняй версіі параўн. Скок, 3, 286. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1304; ЕСУМ, 5, 307–308.

Слон2 ‘лаўка, услон’ (Нас., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк., Шатал., Ян., Скарбы), слонь ‘вялікае крэсла’ (Сцяшк. Сл.); памянш. сло́нец (Нас., Касп., Бяльк.), сло́нчык (Нас., Бяльк., Шатал., Скарбы), сло́нак (Сл. ПЗБ, Жыв. сл.), слі́нчык, сло́нчык, слу́нчык (Сл. Брэс.). З аслон, услон (гл.) з адпадзеннем галоснага (пратэзы) або непасрэдна ад сланіць (гл.) як аддзеяслоўны назоўнік, параўн. слоніца ‘вялікая складаная рама на ўсю бакавую сценку хаты як аснова кроснаў’ (Серб.), рус. пск. слон ‘засланка ў печы’ і інш.

Слон3 ‘жэрдка, з якой робіцца ключні́к (тоўстая жардзіна з калочкам на канцы, якім яна вешалася на кладзь, выконваючы ролю кроквы ў страсе на сохах)’ (ельск., Нар. сл.). Да *sloniti (гл. восланкі, услон).

Слон4 ‘сланечнік’ (Касп., Жд. 2, Шатал.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), сло́нкі ‘семачкі сланечніку’ (чэрв., Жыв. сл.). Відаць, скарачэнне з сланечнік, сломачнік або з слонца2 ‘сланечнік’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)