Напаў- — першая частка складаных слоў напаўгнілы, напаўдзікі, напаўмёртвы і г. д., якая абазначае частковую прысутнасць прызнака, выражанага ў другой частцы слова. Да напоў (*напол) ’напалавіну’ (гл.). Баханькоў (Весці АН БССР, 1981, 1, 120) беспадстаўна лічыць названыя словы недакладнымі калькамі з рус. полугнилой, полумертвый і інш., хутчэй тут прысутны ўплыў польск. napółdziki і пад., паколькі ў народнай мове такога тыпу ўтварэнні сустракаюцца рэдка, параўн., аднак, напоўсмерць, напоўсмерці ’страшэнна, да паўсмерці’ (ТС) і пад., якія паказваюць, што першапачаткова падобныя ўтварэнні ўзніклі сярод прыслоўяў, а потым распаўсюдзіліся і на прыметнікі. Зубаты лічыць утварэнні тыпу чэш. na půl пазнейшымі, першаснымі былі спалучэнні са склонавай формай падвойнага ліку na poly, параўн. чэш. na poly živý ’напаўжывы’, польск. napoły pijany ’напаўп’яны’, што ўжывалася паралельна з napół (Зубаты, Studie, 171). Выказваецца думка пра ненатуральнасць утварэнняў з напаў‑ у беларускай мове (параўн. Каўрус, Мова народа, мова пісьменніка. Мн., 1989, 162).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыгр ‘буйная драпежная жывёла Panthera tigris, Felix tigris’ (ТСБМ, Нас.), ‘люты звер’ (Ласт.), ты́гра, тыгры́ца ‘тыгрыца’, перан. ‘злая жанчына’ (Байк. і Некр.), ты́г(а)р, ты́гра ‘Felix tigris’ (Некр. і Байк.), ты́гр(ыс) ‘тс’ (Пятр.), ст.-бел. тигрисъ ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. укр. тигр, рус. тигр, рус.-ц.-слав. тигръ, ст.-слав. тигръ ‘тыгр’ (у Супрасльскім рукапісе: рѣка тигрьска ‘рака Тыгр’), якое ўзыходзіць да с.-грэч. τίγρις ‘тыгр’, апошняе было запазычана з нейкай авестыйскай лексемы, роднаснай ст.-перс. tiɣri‑ ‘страла’, tiɣra‑ ‘востры’ < і.-е. *(s)tei̯g‑ ‘калоць, басці’, ‘завостраны’ (Фасмер, 4, 56; Сной₂, 763; Голуб-Ліер, 495; ЕСУМ, 5, 564). У сучасных славянскіх мовах назвы гэтай жывёлы былі запазычаны з ням. Tiger ці з франц. tigre, якія ўзыходзяць да лац. tigris ‘тс’ (Сной, Фасмер, там жа; Махэк₂, 663; Арол, 4, 70). Ст.-бел. тигрисъ (тикгрисъ) ‘тыгр’ (1517 г.) запазычана са ст.-польск. tygris ‘тс’ у XVI ст. (Булыка, Лекс. запазыч., 144), што захавалася ў суч. польск. tygrys ‘тс’. Форма тыгра ‘тс’ (Я. Колас, М. Гарэцкі, гл. Каўрус, Словаклад) і адпаведныя дыялектныя формы ўтвораны паводле мадэлі сябра, майстра, Пётра, каб пазбегнуць неўласцівага народнай мове спалучэння зычных на канцы слова (Станкевіч, Язык, 781).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)