КАЎРУ́С (Алесь Аляксандравіч) (н. 18.5.1935, в. Брусы Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1965). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1959). З 1965 выкладаў у Мазырскім пед. ін-це. З 1968 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1974 у выд-ве «Народная асвета», з 1981 у Бел. пед. ун-це. Даследуе мову маст. л-ры і сродкаў масавай інфармацыі, бел. тэрміналогію, культуру мовы, стылістыку і інш. Аўтар кніг «З крыніц народнай мовы» (1968), «Стылістыка беларускай мовы» (1980, 3-е выд. 1992), «Культура слова» (1983), «Слова наша роднае» (1986), «Мова народа, мова пісьменніка» (1989), «Дакумент па-беларуску» (1994), дапаможніка «Уводзіны ў стараславянскую мову» (1998, з М.​М.​Круталевічам).

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мілагу́чны ’прыемны на слых’ (ТСБМ). Наватвор У. Дубоўкі (Каўрус, ЛіМ, 11.3.1988, 6). Магчыма, паводле польск. miłodźwięk ’гармонія’ — калькай з н.-грэч. εὐφονία ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АФІЦЫ́ЙНА-ДЗЕЛАВЫ́ СТЫЛЬ,

адзін з функцыянальных стыляў літаратурнай мовы, які абслугоўвае сферу афіц.-дзелавых пісьмовых зносін. Вылучаюцца 3 падстылі: канцылярска-дзелавы, дыпламатычны і юрыдычны, на аснове якіх ствараюцца заканад. акты, дакументы міжнар. права і дыпламатыі, пастановы, загады, інструкцыі, статуты, вядзецца службовая перапіска і інш.

Асн. рысы стылю: жанравая, кампазіцыйная і моўная стандартызаванасць; лагічнасць, акрэсленасць і дакладнасць; разгорнутасць зместу і багацце сродкаў перадачы інфармацыі; ускладненасць сінтаксісу, пашыранасць залежных канструкцый, рубрыкацый і пераліку; высокая частотнасць аддзеяслоўных назоўнікаў, вытворных прыназоўнікаў і злучнікаў; насычанасць спец. і абстрактнай лексікай і фразеалогіяй; адсутнасць суб’ектыўнай эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі і вобразнага (пераноснага) ужывання слоў.

Літ.:

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992.

Н.​Б.​Мячкоўская.

т. 2, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУБЛІЦЫСТЫ́ЧНЫ СТЫЛЬ,

адзін з кніжных стыляў мовы, які выкарыстоўваецца ў газетах, грамадска-паліт. і літаратурна-мастацкіх часопісах, у агітацыйна-прапагандысцкіх выступленнях, на радыё і тэлебачанні. Асн. жанры: рэпартаж, нарыс, нататка, інтэрв’ю, памфлет, хроніка, фельетон. Выконвае 2 асн. функцыі: інфарматыўную і ўплывовую. Яму ўласцівы: дакументальна-факталагічная дакладнасць, лагічнасць, накіраванасць на чытача (слухача), вобразнасць, экспрэсіўнасць, выразнасць. Тэматычна неабмежаваны, таму ў ім выкарыстоўваюцца разнастайныя моўныя адзінкі: грамадска-паліт. лексіка і фразеалогія, ацэначныя словы, прыказкі, прымаўкі, крылатыя словы, сінтакс. канструкцыі з ярка выражанай экспрэсіяй (рытарычныя пытанні, звароты, паўторы, сказы-заклікі) і інш. У П.с. могуць быць выкарыстаны моўныя сродкі інш. стыляў.

Літ.:

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;

Костомаров В.Г. Языковой вкус эпохи. М., 1994;

Плещенко Т.П., Федотова Н.В., Чечет Р.Г. Основы стилистики и культуры речи. Мн., 1999.

Р.​Р.​Чэчат.

т. 13, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУТАРКО́ВАЯ МО́ВА,

жывая вусная мова народа, якая служыць сродкам штодзённага абмену думкамі і характарызуецца вял. адвольнасцю і варыянтнасцю нормаў на фанетычным, арфаэпічным, лексічным, марфал., фразеалагічным і інш. узроўнях. Непасрэдна звязана з канкрэтным спосабам мыслення, у пераважнай большасці з неафіцыйнасцю маўлення, адсутнасцю папярэдняй падрыхтоўкі да размовы і аналізу думкі, з дадатковымі спосабамі перадачы інфармацыі ў вуснай мове — інтанацыяй, мімікай, жэстамі.

Сучасная бел. гутарковая мова выразна праяўляецца ў 3 разнавіднасцях: афіцыйная гутарковая мова — вусная разнавіднасць літаратурнай мовы, якой карыстаюцца на радыё, тэлебачанні, у школе, ін-тах і інш. афіц. установах; штодзённагутарковая мова, якой карыстаюцца ў штодзённым жыцці, прычым пад уплывам гутарковай стыхіі побач з літ. мовай ужываюцца элементы неліт. маўлення (у першую чаргу прастамоўныя, дыялектныя і інш.); народна-дыялектная гутарковая мова, характэрная пераважна сельскаму насельніцтву старэйшага пакалення. Гутарковая мова бел. народа стала асновай бел. нац. літаратурнай мовы.

Літ.:

Каўрус А.А. З крыніц народнай мовы. Мн., 1968.

М.​В.​Абабурка.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тэ́нта ‘туга’ (шальч., Сл. ПЗБ), тэ́нго, тэ́ньго ‘старанна?’: будзе ахвотна й тэнго робіць, што схочэ (Сержп. Прымхі), тэ́нґа ‘вельмі добра’: тэ́нґа павячэраў (мядз., Каўрус). З польск. tęgo ‘туга’, а таксама дыял. tęngo ‘многа, добра’, tęgo ‘ўпарта; вельмі; хутка, шпарка’ (Варш. сл.). Сюды ж тэ́нгі ‘рослы, поўны’ (воран., Сл. ПЗБ) з польск. tęgi ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэст ‘выпрабавальнае заданне’ (ТСБМ, Улас.). Запазычана з англ. test ‘выпрабаванне, даследаванне’ ў XX ст., выводзіцца праз франц. test ‘ганчарны посуд’ з лац. testu, testa — ‘посуд, у якім правяралі якасць атрыманага металічнага вырабу, першапачаткова ў алхімікаў’ (Сной₂, 762; ЕСУМ, 5, 561; Арол, 4, 67). Сюды ж тэстава́нне, тэсці́раванне ‘праверка ведаў абітурыентаў’ (Каўрус, Словаклад).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трубло́ ‘пражорлівы конь ці карова’ (Яўс.), ‘пражора’ (астрав., Сл. рэг. лекс.; полац., Нар. лекс.; лаг., Гіл., Барад.), ‘чэрава’ (рас., ЛА, 1, Шатал., Нік., Оч., Юрч. Мудр.), трубла́ты ‘чалавек з тоўстым жыватом’ (Касп., Сцяшк. Сл.; в.-дзв., Шатал.). Утворана ад трубі́ць2 < труба1 (гл.), параўн. трубі́ла ‘пра абжорлівага’ (Каўрус, Словаклад), пры ад’ідэацыі трыбу́х (гл.). Гл. таксама трабло, трыбло.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КНІ́ЖНЫЯ СТЫ́ЛІ,

функцыянальныя стылі літаратурнай мовы, звязаныя з пісьмовай формай выражэння і проціпастаўленыя размоўнаму стылю прыкметамі маналагічнасці, папярэдняй падрыхтаванасці, стандартызаванасці, разнастайнасці і складанасці моўных сродкаў. Сярод К.с. вылучаюць навуковы стыль, афіцыйна-дзелавы стыль, публіцыстычны стыль і стыль маст. л-ры (гл. Мастацкі стыль).

Станаўленне К.с. звязана з узнікненнем пісьменнасці. Напачатку яны існавалі пераважна ў пісьмовай форме. На сучасным этапе развіцця мовы з пашырэннем сродкаў масавай камунікацыі К.с. функцыянуюць і ў вуснай форме (лекцыі, даклады, радыё, тэлебачанне). Пры вуснай форме функцыянавання ў іх пранікаюць элементы размоўнага стылю, якія, аднак, не аказваюць істотнага ўплыву на структуру стылю, на яго моўныя сродкі; пры гэтым размоўны стыль адчувае на сабе ўздзеянне К.с. (напр., вусны навук. даклад амаль не адрозніваецца ад фіксацыі яго ў пісьмовай форме). Сістэму стыляў, моўныя нормы і спосабы ўжывання літ. мовы вывучае стылістыка.

Літ.:

Розенталь Д.Э. Практическая стилистика русского языка. 5 изд. М., 1987;

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;

Современный русский язык. Ч. 3. 2 изд. Мн., 1998.

Л.​А.​Антанюк.

т. 8, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВЫ СТЫЛЬ,

адзін з кніжных стыляў мовы, які абслугоўвае разнастайныя галіны навукі (тэхн., прыродазнаўчыя, гуманітарныя і інш.) і рэалізуецца ў манаграфіях, навук. артыкулах, дысертацыях, рэфератах, навук. паведамленнях, дакладах і інш. Мае 3 асн. падстылі; уласна навуковы, навукова-вучэбны, навукова-папулярны. Асн. стылявыя рысы: яснасць, дакладнасць, аб’ектыўнасць, лагічнасць, доказнасць, недвухсэнсавасць, бязвобразнасць. Найб. ярка праяўляецца ў пісьмовай форме, у апошні час актыўна пранікае (зберагаючы сваю спецыфіку) і ў вуснае маўленне. У сучасным Н. с. многа розных наменклатурных знакаў, схем, табліц, дыяграм і інш. Н. с. ўласцівы; у лексіцы — шырокае выкарыстанне тэрміналогіі і слоў з абстрактным значэннем; у марфалогіі — пераважнае выкарыстанне некаторых класаў слоў, напр., назоўнікаў, прыметнікаў (каля 13% любога навук. тэксту), займеннікаў мнл. 1-й асобы для ўказання асобы аўтара; у сінтаксісе — складаныя сінтакс. канструкцыі, дзеепрыметныя і дзеепрыслоўныя словазлучэнні, розныя ўстаўкі, тлумачэнні і інш. Характарызуецца тэндэнцыяй да інтэрнацыяналізацыі.

Літ.:

Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983;

Стилистика русского языка. 2 изд. Л., 1989;

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;

Современный русский язык. Ч. 3. 2 изд. Мн., 1998.

Р.​Р.​Чэчат.

т. 11, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)