Кары́ць1 ’ачышчаць дрэва ад кары’ (Шат., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Янк. 3., КЭС., лаг.). Сувязь з лексемай кара (гл.) відавочная. Аднак цяжка вызначыць тып гэтай сувязі. Прасл. koriti мае другасныя значэнні і значэнне, зафіксаванае на ўсх.-слав. глебе (укр. корити, рус. корить), не мае адпаведных паралелей у іншых славянскіх мовах. Аднак калі прасл. koriti разглядаць як карэлят да čьrtǫ črěsti (?) ’рэзаць’, то значэнне ’ачышчаць дрэва ад кары’ можна разглядаць як першаснае, а kora як ’штосьці зрэзанае’.

Кары́ць2, укр. корити, рус. корить, чэш. kořiti ’пакараць’, славац. korit sa ’пакарацца’, в.-луж. korić ’пакараць’, польск. korzyć ’карыць’, балг. коря ’тс’, макед. кори ’тс’, серб.-харв. ко̀рити ’тс’, славен. koriti ’тс’: koriti sę ’спрачацца’. Найбольш верагодным з’яўляецца параўнанне з лац. carināre ’здзекавацца’, ірл. caire ’вымова, знеслаўленне’. Параўн. з апошнімі ст.-слав. корити ’знеслаўляць’, славац. koriťsa ’здзекавацца’, рус. коритись ’тс’. Семантычныя адрозненні двух радоў дзеясловаў вымушаюць нас дапусціць ідэю аб суіснаванні аманімічных дзеясловаў koriti1 і koriti2, якія, напрыклад, ва ўсходнеславянскіх мовах поўнасцю зліліся. Тады, магчыма, рэфлексацыі koriti1 са значэннем ’пакараць’ і адпаведна koriti sę1 ’спрачацца’ можна суаднесці з літ. kãras ’вайна’, гот. harjis ’войска’ (супраць Фрэнкель, 220 і Трубачоў, Эт. сл., 11, 76–77).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пан ’уладальнік маёнтка, памешчык (у дарэвалюцыйнай Расіі і ў капіталістычных краінах; асоба, якая належала да прывілеяваных (чыноўных, арыстракратычных) слаёў грамадства дарэвалюцыйнай Расіі’. Па́ни, пане́нка, па́ня, па́нскі, па́ні‑ма́тка, панава́ць, па́ніцца ’жыць па-панску, гультайнічаць’. З польск. pan ’тс’, як і рус. і ўкр. пан (Кюнэ, Poln., 84). Ст.-бел. панъ ’пан, памешчык, бог’ (1340 г.) < ст.-польск. pan; пани (пания, панья, паня ’пані’ (пач. XV ст.) < ст.-польск. pani (Булыка, Лекс. запазыч., 21). Слова зах.-слав. арэалу: польск., в.-, н.-луж. pan, чэш., славац. pán, ст.-чэш. hpán. Паводле Фасмера (3, 195), узыходзіць да *gъpan і звязана чаргаваннем са ст.-рус. жупанъ ’кіраўнік акругі’. У іншых і.-е. мовах параўноўваюць са ст.-інд. gōpā́s ’пастух, вартавы’, gōpyáti, gōpayati ’ахоўвае, засцерагае’, gōpanam ’ахова’, грэч. γυπή κοίλωμα γῆς, нов.-в.-ням. Koben ’свінарнік’ (Гуйер, LF, 31, 105 і наст.; Младэнаў, 410). Брукнер (393) разглядае ст.-чэш. hpán як скарачэнне з županъ; апошняе ён лічыць аварскім элементам; супраць Фасмер (там жа). Махэк₂ (431) і Голуб-Копечны (263) тлумачаць panъ як карэлят м. р. да panьji, якое з *potnī — утварэнне ж. роду ад і.-е. pot‑ ’пан’. Трубачоў (Этимология, 1965, 73 і наст.) крыніцу слав. слова бачыць у ст.-іран. gopān ’пастух, вартаўнік стада’, якое з’яўляецца кампазітам з go‑ ’бык, карова’ і — nomen agentis ад pā‑ ’вартаваць’. На такую марфалагічную структуру і.-е. паралеляў яшчэ раней указваў Пізані (Paideia, 10, № 4, 1955, 262). Вялікую семантычную дыстанцыю Трубачоў тлумачыць дастаткова высокім становішчам пастуха ў жывёлагадоўчым грамадстве. Гл. яшчэ агляд літаратуры ў Трубачова, История терм., 184.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́валга ’птушка жоўты дрозд, Oriolus galbula’ (ТСБМ), івал (Мат. Гом.), і́вельга, і́вега (Маш., 18, 19). Рус. и́волга ’жоўты дрозд, Oriolus galbula’, укр. і́волга ’тс’, польск. wilga, wiwielga ’тс’, чэш. vlha ’Merops apiaster’, славац. vlha ’івалга’, славен. vólga ’тс’, серб.-харв. ву̏га ’рэмез’, балг. авли́га ’івалга’. Ст.-слав. влъга, ст.-рус. иволга, ивлъга. Прасл. *vьlga ці, паводле Трубачова (Эт. сл., 8, 251–252), *jьvьlga мае адпаведнікі ў балт. і герм. арэалах. Пачатковае і‑ тлумачаць як пратэзу (Брукнер, 621) ці як прыіменную прыстаўку *jь‑ (Петарсан, 52; Трубачоў, Этимология, 1970, 19–20). Этымалогія не зусім ясная. Згодна з найбольш прынятай версіяй, роднаснае прасл. *vьlg‑ ’вільгаць’: у гэтай птушцы бачаць прадвесніцу дажджу. Семантычная паралель — ням. Regenpfeifer ’івалга’, ’сявец’. Гл. Брукнер, 621; БЕР, 1, 2; Трубачоў, Этимология, 1970, 19–20. Магчыма, гэта больш позняе пераасэнсаванне народна-этымалагічнага характару (Махэк₂, 694). З семантычнага боку верагодна сувязь з авест. vārə(n)gan ’нейкая птушка’, польск. wołać ’клікаць, крычаць’. Гл. Эндзелін, IF, 33, 126; Шпэхт, Der Ursprung, 172; Фасмер, 2, 114–115. Ці не сюды імя язычаскага бога Сварогъ у сувязі з міфалагічнымі ўяўленнямі аб вогненнай птушцы? Іншыя тлумачэнні: Махэк₂ (694) звязвае *vьlga з ням. дыял. Widewalch ’івалга’ і лац. galbula ’тс’, якія з «праеўрапейскага» *valgā (з метатэзай *galv‑). Супастаўленне са швейц.-ням. Wiedewalch прыводзіць Булахоўскага (ВЯ, 1968, 4, 104) да рэканструкцыі слав. *ivo‑vьlga. Наўрад ці магчыма прыняць і тлумачэнне Младэнава (2), які параўноўваў з грэч. αὐλέω ’іграць на жалейцы’, αὐλός ’жалейка’, хаця да гэтага супастаўлення звяртаюцца зноў у сувязі з думкай аб гукапераймальным характары слав. слова (Антропаў, дыс.). Усечаная форма івалкарэлят м. р. Гл. віваўка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)