кармаку́хня, ‑і; Р мн. ‑хань; ж.
Спецыяльна абсталяванае памяшканне на ферме для прыгатавання корму жывёле і птушцы. Механізаваная кармакухня. □ Паблізу рачулкі размяшчаўся гаспадарцы двор — канюшня галоў на сорак, кароўнік і свінарнік, кармакухня. Хадкевіч.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
каню́шня, ‑і, ж.
1. Памяшканне для коней. Паблізу рачулкі размяшчаўся гаспадарчы двор — канюшня галоў на сорак, кароўнік і свінарнік. Хадкевіч. [Коні] былі рахманыя, павольныя, надта цягавітыя стварэнні, стаялі ў пабеленай канюшні, крытай бляхаю. Мікуліч.
2. Неадабр. Пра бруднае запушчанае памяшканне.
•••
Аўгіевы канюшні — тое, што і аўгіевы стайні (гл. стайня).
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
тыпавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які з’яўляецца тыпам, узорам, мадэллю для чаго‑н. Дзяржбуду .. прапанавана распрацаваць .. новыя тыпавыя праекты будынкаў бібліятэк для розных раёнаў краіны. «Звязда».
2. Які адпавядае пэўнаму тыпу, узору, мадэлі; стандартны. Тыпавы кароўнік. □ Неўзабаве Мікола падышоў да гасцініцы. Гэта быў тыпавы трохпавярховы будынак, які можна сустрэць у любым больш-менш буйным раённым горадзе. Гаўрылкін.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
зя́бка, прысл.
1. Адчуваючы холад. Старшына зябка захінуўся ў шынель. Быкаў. Стала халадней, людзі зябка паціскалі плячамі і хуталіся ў лёгкае адзенне. Лынькоў.
2. безас. у знач. вык. Холадна. Ля вушэй свішча вецер, пранізвае наскрозь. Зябка. Асіпенка. На двары так зябка, што хочацца хутчэй зайсці ў цёплы кароўнік абагрэцца. Дуброўскі.
3. безас. у знач. вык., каму-чаму. Пра адчуванне холаду. Мне зябка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
Ка́рнік 1 ’член карнага атрада, карнай экспедыцыі’ (ТСБМ) — Nomen agentis ад караць (гл.).
Ка́рнік 2 ’спецыяльна абсталяваная частка хлява для захоўвання сена’ (Жыв. сл.), да *кармнік як месца захоўвання кармоў. Выклікае сумненні магчымасць суфіксацыі з дапамогай суфікса ‑ік (< ‑ікъ), які страціў былую прадуктыўнасць. Але трэба ўлічыць верагоднасць формы *кармнік < kъrm‑ьn‑ikъ < kъrmьnъ (‑ьn‑ikъ). Трэба таксама мець на ўвазе паралелізм назваў гаспадарчых пабудоў (кароўнік, курнік і г. д.). Тады ў якасці першаснай формы прымаюцца адносныя прыметнікі на ‑ьnъ (kurьnъ, а ў нашым выпадку kъrmьnъ), да якіх рэгулярна далучаецца суфікс ‑ikъ.
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
узо́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які можа служыць прыкладам для іншых; дасканалы, паказальны. Узорны парадак. Узорная школа. □ — Дзякуй, дачка, за ўзорную службу, — па-бацькоўску павіншаваў .. [Кацю] генерал. Алешка. Куды ні зірні: на кухню, дзе рыхтуецца корм жывёле, у кароўнік, у цялятнік — усюды ўзорная чыстата і парадак. «Беларусь».
2. Разм. Тое, што і узорысты. Жалеза з узорным ліццём Абнесла тут ліпы і клёны. Калачынскі. Узорную лістоту ясеня суха трос вецер. Савіцкі.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
або́ра 1, ‑ы, ж.
Вераўчаны або раменны шнур пры лапцях для прывязання іх да нагі. У пакоі селянін азірнуўся на бакі і, развязаўшы аборы з лапця, дастаў з-пад анучы лісток паперы. Мурашка. Мокрыя аборы рэзалі ногі, ціснула на плечы сярмяга. Каваль.
або́ра 2, ‑ы, ж.
Вялікае памяшканне для жывёлы; кароўнік. З краю, на ўзгорку, былі заўсёды добра відаць доўгія будыніны калгасных абор і свірнаў. Мележ. У свінарніках пішчаць парасяты, рыкае цельная карова, дзесьці ў аборы... Чорны.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
перайгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Сыграць што‑н. паўторна, яшчэ раз. Перайграць нанава эцюд.
2. Сыграць усё, многае. Баяніст, чарнавокі хлопец, слесар суседняй МТС, перайграў бадай усе любімыя песні і танцы. Паслядовіч. Мы перайгралі амаль усе вадэвілі А. П. Чэхава: «Юбілей», «Мядзведзь», «Прапанова», «Хірургія». Сяргейчык.
3. без дап. Разм. Сыграць ненатуральна якую‑н. ролю на сцэне, у кіно і пад. Артыст страціў пачуццё меры і перайграў.
4. Разм. Памяняць якое‑н. рашэнне, пастанову; зрабіць інакш, па-свойму. [Гаруноў:] — Ладна, Аксён, перайграйце план асушэння — на кароўнік. Дуброўскі.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
шчымлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае раздражненне, боль; рэзкі. Пад раніцу .. сюды, у расчынены кароўнік, плывуць нейкія шчымлівыя пахі. Кухараў.
2. Тупы, ныючы (пра боль). Потым .. [Карызна] падсеў да стала і, падпёршы рукамі галаву, доўга сядзеў у мёртвай нерухомасці, слухаючы шчымлівы боль свайго сэрца. Зарэцкі. Петрык да шчымлівага, салодкага болю ў грудзях любіць усіх гэтых людзей. Місько.
3. Моцны, неадольны, які хвалюе, узбуджае. Было шчымлівае жаданне і лесам прайсці вось так, без дарог, напрасткі. Кірэйчык. Янак яшчэ мацней адчуў шчымлівую радасць, якую нясе гэтая навальніца, гэты дождж, і зноў прыхінуў да сябе Алёну. Лупсякоў. // у знач. наз. шчымлі́вае, ‑ага, н. Тое, што хвалюе, узбуджае, выклікае розныя пачуцці, перажыванні. Напамінак пра Веру ўскалыхнуў даўняе, шчымлівае. Кудравец.
4. Які выклікае цяжкае пачуццё, прыгнечанасць, тугу і пад. Гэта было прыемна, вельмі прыемна, але сэрца пяклі шчымлівыя думкі пра Людмілу. Радкевіч. Прыгнятала прымусовая бяздзейнасць, шчымлівая туга. Машара. Стоячы сярод двара, Форстэр прыгадаў ночы ў сябе на радзіме, у роднай вёсцы, і шчымлівы, адвечны, як сусвет, сум агарнуў яго. Сачанка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
стано́к, ‑нка, м.
1. Машына для апрацоўкі якіх‑н. матэрыялаў (металу, драўніны і пад.) і для вырабу чаго‑н. Такарны станок. Свідравальны станок. □ — Тут у нас сабіраюць унікальныя станкі, — нарэшце парушае маўчанне сакратар, — таму канвеера ці яшчэ якіх тэхнічных навінак, як бачыце, няма. Асіпенка.
2. Прыстасаванне для якіх‑н. работ; апора для якіх‑н. прылад, механізмаў. Станок для прамывання золата. □ Гараць над ракою заранкі У сонечных іскрах вясны, Прыйшлі да станкоў віцяблянкі Квяцістыя ткаць дываны. Русак.
3. Металічная аснова, на якой умацоўваюцца гарматы, кулямёты; лафет.
4. Спец. Прыстасаванне для ўмацавання палатна, устаноўкі каркаса, скульптурнага матэрыялу пры рабоце над карцінай, скульптурай.
5. Спец. Прыстасаванне для апоры ў час некаторых заняткаў, трэніроўкі. Станок для прыцэльнай стральбы.
6. Прыстасаванне, у якое ставяць жывёлу (для лячэння і пад.); стойла. Вера зайшла ў станок, пагладзіла карову па цёпламу боку. Асіпенка. Шэмет хацеў быў ступіць у кароўнік, прайсці ўздоўж паміж станкамі, але Клім спыніў яго: — Не трэба, усё там як паложана. Лобан.
•••
Бесчаўнаковы станок — станок, які не мае чаўнака.
Карусельны станок — вертыкальны такарны станок для апрацоўкі вялікіх дэталей.
Рэвальверны станок — такарны станок з рухомай (вакол восі) галоўкай.
Саматкацкі станок — ткацкі станок; кросны.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)