безумо́ўна,

1. Прысл. да безумоўны.

2. у знач. пабочн. Бясспрэчна, канечне. [Веры], безумоўна, найбольш імпанаваў Андрэй Шыбянкоў, але яна ні ў чым гэтага не выяўляла. Зарэцкі. З двух спраў, якія прадвяшчала трывожнае чэрвеньскае зацішша, перамагла, безумоўна, наша: наступленне.. апярэдзіла новую блакаду Налібоцкай пушчы. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

натура́льна,

1. Прысл. да натуральны (у 5, 6 знач.).

2. у знач. пабочн. Зразумела, канечне. Незвычайна было тое, што за будаўніцтва ўзяліся выключна былыя партызаны, прысланыя па пуцёўках Цэнтральнага штаба партызанскага руху. Іх былі тысячы, і, натуральна, сярод іх знайшліся інжынеры, тэхнікі, шафёры, слесары-зборшчыкі. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усма́к, прысл.

Разм.

1. Са смакам; з апетытам. Снедаюць.. [Ларыса і Даніла] ўсмак, бо ўсё на стале свежае, гарачае. Кулакоўскі.

2. Да поўнага задавальнення, удосталь. Канечне, я мог бы не спяшацца і наогул не ўставаць так рана, паспаць усмак: да пачатку змены было далёка. Вышынскі. Некалі начаваў у.. [Васіля] пасля сходу, пагаварылі тады ўсмак, спадабаўся чалавек: разумны, гаспадарлівы. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прылаўчы́цца, ‑лаўчуся, ‑лаўчышся, ‑лаўчыцца; зак.

Разм. Асвоіўшыся, набыць навык, спрыт у чым‑н.; прыстасавацца. Пачаў [Лёнька] тачкі з растворам адвозіць. Канечне, цяжка было. Іншы раз на паўдарозе абарочваў якую, але з цягам часу прылаўчыўся. Гроднеў. Крыху замінала вінтоўка, але скора [Сяргей] прылаўчыўся паўзці з вінтоўкаю. Колас. // Злаўчыцца. Сапёр, прылаўчыўшыся і падхапіўшы адной рукой камісара, перацягнуў яго ў густы арэшнік. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халасцякава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Разм. Жыць халасцяком, без жонкі. Відаць, густ.. [Павалковіча] быў вельмі пераборлівы. Аб гэтым сведчыла ўжо тое, што, нягледзячы на сваю інтэлігентнасць, якую ён выстаўляў напаказ, і паўвалочку зямлі, домік з садам у Рымках, ён да гэтага часу халасцякаваў. Машара. [Доня:] — Ну, ну. То чаму халасцякуеш? Табе ж [Тодар] недзе ці не пад трыццаць ужо? Усё, канечне, выбіраеш. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зразуме́ла,

1. Прысл. да зразумелы (у 1 знач.).

2. у знач. пабочн. Вядома, канечне. Дакументы ў .. [парушальнікаў], зразумела, былі ў поўнай спраўнасці. Брыль.

3. у знач. вык. Ясна. І гэта зусім зразумела, Напісана чорным па белым: — Наш Ленін — свабода і мір, Працоўных усіх правадыр! Бялевіч. На.. плошчы.. салдаты ўкопваюць слупы, трамбуюць зямлю.. Усё гэта так зразумела і так проста. Лынькоў. / у безас. ужыв. — Так, зразумела, — быццам нешта падагульваючы ў сваіх развагах, прамовіў Камлюк. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

талко́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Разумны, кемлівы; дзелавіты. [Апейка:] — Актывістаў арганізуй, каб памаглі. Падбяры групу талковых, сумленных, пагавары шчыра. Мележ. І калгасныя справы .. [Васіль] павёў так, што хутка стаў вядомы як здольны, талковы рахункавод. Васілевіч. Канечне, — гаварыў дзед Нічыпар, — старшынёй трэба выбраць чалавека пісьменнага, талковага. П. Ткачоў. // Змястоўны, разумны, дзелавы. Талковы даклад. □ [Тарасевіч:] — А як трэба нашай прамысловасці разумная, удумлівая парада вучонага-эканаміста, талковая рэкамендацыя. Арабей.

2. Ясны, зразумелы, пераканаўчы (пра думкі, словы і пад.). Звычайна паліцэйскія былі альбо п’янчугі, альбо людзі тупыя, не здольныя вымавіць ніводнага талковага слова. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вядо́ма,

1. безас. у знач. вык. Аб наяўнасці якіх‑н. звестак. Імя гэтага чалавека было вядома таму, хто хоць зрэдку чытаў сельскагаспадарчую літаратуру. Сабаленка. [Кавалёва] усміхнулася, схавала насенне ў кішэню і прамовіла: — Мне ўжо ўсё вядома. Дуброўскі.

2. у знач. пабочн. Зразумела; канечне. Я быў за старшага ў атрадзе і, вядома, усе чакалі маёй каманды. Якімовіч. Хацелася мне, вядома, пачуць ад Коласа нешта незвычайнае, важнае. Брыль.

3. часціца сцвярджальная. Бясспрэчна. Ты напішаш мне? — Вядома, напішу.

•••

Аднаму богу вядома — пра тое, што нікому не вядома.

Як вядома (у знач. пабочн.) — пра тое, што ўсе ведаюць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хало́днасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць халоднага (у 10, 11 знач.).

2. Адсутнасць запалу, страснасці, жывасці, эмацыянальнасці. [Андрэй:] — Канечне, змяніўся... Такое дарам не праходзіць. Але мая халоднасць і жорсткасць — не табе. Арабей. Хоць хуткі ад’езд Марынкі і яе незразумелая халоднасць пры расстанні пакінулі смутак і гаркоту ў сэрцы Паходні, раздумваць аб гэтым, перажываць і пакутаваць проста не было часу. Хадкевіч.

3. Раўнадушша, нядобразычлівасць. Васіль ненавідзеў Алесю, хоць адкрыта і не выказваў гэтага. Затое Аўгіня кампенсавала ёй бацькаву халоднасць гарачымі матчынымі ласкамі. Колас. Хлопчык адчуў халоднасць у .. словах [Азаркевіча] і, зажмурыўшыся, адышоўся да сваёй калясачкі. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́лент, ‑а і ‑у, М ‑нце, м.

1. ‑у. Надзвычайныя прыродныя здольнасці. Музыкальны талент. □ Канечне, звычайнаму чалавеку столькі ведаць немагчыма, тут патрэбен талент, а талент даецца чамусьці не кожнаму. Васілёнак. Сутнасць яго [Багдановіча] заключаецца ў тым, што талент дасягае вяршыні мастацтва іптэнсіўнай працай і сардэчнай самаадданасцю раз абранаму ідэалу паэзіі. Майхровіч. // Здольнасць, уменне. — Так, так, — сказаў Сухавараў, — на гэта трэба мець асаблівы талент. — У пана Лабановіча і ёсць гэты асаблівы талент, — прамовіла Ядвіся. Колас. // Разм. Занятак. У канцы імперыялістычнай вайны Вэня Шпулькевіч знайшоў сабе талент: ён ад’ехаў з Мінска кіламетраў за сто і там астаўся на службу. Чорны.

2. ‑а. Чалавек з надзвычайнымі здольнасцямі. Маладыя таленты. □ [Валодзя:] — Стась — талент, ён выдатны мастак. Усе партрэты, усе лозунгі, усе плакаты, карціны і дыяграмы — усё гэта зроблена ім.. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)