сюды́, прысл.

У гэты бок, у гэта месца; проціл. туды. Артылерыйская кананада даходзіла сюды [на бераг Пцічы] прыглушаным громам. Чорны. Тры гады таму назад, прыйшоўшы сюды, пагранічнікі абралі месца пад заставу каля гэтай вось хаты. Брыль. Вечарам сабралася моладзь у Аленчынай хаце. Сюды зайшоў і Шулевіч. Колас. // Ужываецца ў простай мове пры запрашэнні, загадзе, закліку падысці, падаць, паглядзець і пад. Яшчэ здалёку .. [Толя] прыўзняўся і памахаў рукою: — Дзядуля, хадзіце сюды! Якімовіч. Гэй, сюды, муляры, Маляры, слесары, Цесляры, гантары! Будзе толк! Будзе лад! Бядуля.

•••

(І) туды і сюды гл. туды.

Ні туды ні сюды гл. туды.

То туды, то сюды гл. туды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узнаві́цца, ‑новіцца; зак.

1. Стварыцца нанава, ізноў. Узнавіўся капітал.

2. Вярнуцца да ранейшага стану, выгляду; аднавіцца. Падобная развяжа не знімае супярэчлівасцей, а толькі сунімае іх, таму канфліктная сітуацыя павінна будзе ўзнавіцца. У. Калеснік. Паэзія Лучыны .. рашуча адмаўляла натуралістычна-бурлескную традыцыю ў беларускай літаратуры, якая ўзнавілася ў творчасці Ф. Тапчэўскага. Лазарук.

3. Пачацца зноў пасля пэўнага перапынку. На самым світанні кананада за лесам узнавілася і гадзіны дзве грымела яшчэ больш моцна, чым учора. Шамякін. Стук у дзверы ўзнавіўся, на гэты раз мацней і больш настойліва. Гамолка.

4. перан. Зноў узнікнуць у памяці; прыпомніцца. Усё мінулае ўзнавілася ў памяці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страляніна, стральба, агонь / па цэлі: абстрэл / з двух бакоў: перастрэлка / з гармат: кананада; пальба (разм.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

рассы́пацца, ‑плюся, ‑плешся, ‑плецца; заг. рассыпся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Высыпацца адкуль‑н., раскідацца ў розныя бакі, рассеяцца. Цукар рассыпаўся. □ Ліпавы кошык ціха ўдарыўся аб зямлю, бязгучна рассыпаліся грыбы. Лынькоў. Яблыкі рассыпаліся — пакаціліся ў бульбоўнік. Даніленка. // Свабодна легчы (пра валасы). [Валасы], густыя і чорныя, рассыпаліся па плячах. Вітка. // перан. Размясціцца, раскідацца на якой‑н. прасторы. Вакол, куды ні глянеш, рассыпаліся хутары. «Маладосць». Між градамі флоксаў рассыпаліся рознакаляровыя астры. Дуброўскі. Мой горад па завулках Рассыпаўся ў бакі. Іверс.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Распасціся, разваліцца на дробныя часткі. — Будынкі старыя. На месцы яны стаяць, а крані — рассыплюцца. Галавач. Качка з сілай стукнулася ў акно, шыба зазвінела і рассыпалася на дробныя частачкі. Ляўданскі. // перан. Перастаць існаваць; распасціся. Рухнулі старыя Міхалавы ідэалы, рассыпаліся былыя надзеі, згінулі ранейшыя мары, пакінуўшы пасля сябе прыкрую памяць. Кудраўцаў. І раптам усё маё маленькае шчасце рассыпалася. Пянкрат.

3. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Разысціся, разбегчыся ў розныя бакі. Натоўп рассыпаўся. □ З вясёлым шумам і крыкам выбеглі дзеці на вуліцу .. і рассыпаліся па хатах. Колас. // Разышоўшыся, размясціцца на адлегласці адзін ад аднаго. Перакур зацягнуўся гадзіны на тры. Нарэшце доўгачаканая каманда: — Рассыпацца ў ланцуг!.. Інтэрвал — два метры... Навуменка. // Разм. Перастаць жыць разам; раз’ехацца (пра ўсіх, многіх). Старая яго ўжо гадоў дзесяць як памерла, а дзеці, як.. [дзед Анупрэй] кажа, рассыпаліся па ўсім свеце. Якімовіч.

4. Абазвацца частымі перарывістымі гукамі. Як бы хочучы пацвердзіць свае апошнія словы, .. [Юркевіч] рассыпаўся дробным ненатуральным рогатам. Мурашка. // Разнесціся, раздацца (пра частыя, перарывістыя гукі). Якраз у гэтую хвіліну артылерыйская кананада сунялася, і ў цішы, што настала, рассыпалася кароткая імклівая чарга кулямёта. Мележ. Стрыманы смех рассыпаўся сям-там у зале і прыціх. Хадкевіч.

5. Разм. Лісліва і шматслоўна выказаць што‑н., звычайна прыемнае для слухача (кампліменты, падзяку і пад.). Неўзабаве вярнуўся вусач і, забіраючы ад салдата вінтоўку, рассыпаўся ў падзяках. Машара.

6. Разм. Радзіць. [Язэпу] стала шкада Дашы. — Праз тыдзень я вярнуся. Ты ж сама казала, што яшчэ не хутка рассыплешся... Асіпенка.

рассыпа́цца 1, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Незак. да рассы́пацца.

2. Зал. да рассыпа́ць.

•••

Рассыпацца дробным макам — лісліва дагаджаць, наравіць каму‑н., паддобрывацца да каго‑н.

рассыпа́цца 2, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца.

Незак. да разаспацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)