Ахо́та ’ахвота, жаданне’ (Цыхун, Бел. фраз., 101), ’ахвота’, ’паляванне’ (Бяльк., Юрч., Ян, КСТ), ахочы ’ахвочы’ (КТС), ст.-бел. охотный, ѡхочи, укр. охота ’ахвота, весялосць’, охочий ’ахвотны, згодны’, рус. охота ’ахвота; паляванне’, охотный, охочий ’ахвочы’, польск. ochota ’ахвота; радасць, весялосць’, ochoczy ’ахвотны, вясёлы’ (з усходнеславянскіх моў, Грабец, Elementy, 102), славац. ochota, чэш. ochota. Звычайна звязваюць з *xotěti ’хацець’, параўн. Бернекер, 399; Фасмер, 3, 176 (з літар.); нельга адрываць ад ахвота ’жаданне’, фармальныя разыходжанні з якім тлумачацца фанетычна (гл. Ільінскі, AfslPh, 29, 168 і наст., параўн. таксама паралельныя палескія формы хвотно//хотно ’весела’, хвойка//хойка ’хвошч’, хвіст//хіст ’тычка’ (КСТ); Якабсон, Word, 2, 615 (рус. охвота < охота), або ўплывам іншых слоў, параўн. Карскі, 1, 339 (хватаць). Значэнне ’паляванне’, відаць, пад уплывам рус. охота, табуістычнага ўтварэння ад хотеть, гл. Зяленін, Табу, 1, 125 і наст.; Трубачоў, Дополн., 3, 176; іншы прынцып намінацыі ў беларускіх (часткова рускіх) назвах: паляванне ад поле, палешня (Касп.) ад лес, арэал распаўсюджання якіх Непакупны (Baltistica, III (1), 1967, 79) акрэслівае як прымыкаючы да балтыйскай і фінскай тэрыторый.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́йка 1 ’садавіна накшталт яблыкаў’, ’дрэва з пладамі накшталт яблыкаў’ (Мат. Гом., Юрч.). Вытворнае ад рай 1 (гл.) > райскі яблычак, што вынікае з біблейскай фразеалогіі, і з’яўляецца сцяжэннем гэтага выразу. Не з’яўляецца пераносам ад назвы дрэва да назвы плоду, а наадварот, спачатку азначала назву плоду, перанос на назву дрэва пазнейшы. У іншых славянскіх мовах падобная назва можа азначаць ’памідор’, а не ’яблык’. Параўн. чэш. rajské jablíčko > rajče ’памідор’, rajský ’таматны’, пры гэтым чэш. rajka ’райская птушка’. Адначасова развіваецца паралельная да форм з каранёвым рай‑ асобная назва з іншым коранем як, напрыклад, у харв. rajčica і paradajz ’памідор’ ці славен. paradižnik ’тс’, што з’яўляецца сцяжэннем выразу, калькаванага з ням. Paradiesapfel ’памідор’ (Глухак, 516).

Ра́йка 2 ’дарадца’ (Бяльк.), ра́дзька ’тс’ (Гарэц.), райко́ ’жанаты ўдзельнік вяселля з боку маладога, маршалак’ (бельск., Зяленін, Описание, 1). Форма ад раіць, азначае даслоўна ’той, хто раіць’. Утворана пры дапамозе суф. ‑к(а), прадуктыўнага ў бел. народнай мове, які стварае асабовыя формы па дзеянні, агульнага роду, часта з экспрэсіяй непахвальнасці, параўн. стыдзька ад стыдзіцца, марудзька ад марудзіць, ныцька ад ныць, будзька ад будзіць, проська ад прасіць і інш. (Сцяцко, Афікс. наз., 46, 47), адпаведна, райка ад раіць, як і радзька ад радзіць. Гл. ра́йца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́зня, ла́зьня ’памяшканне, дзе мыюцца і парацца’ (Нас., Гарэц., Мядзв., Мал., Бяльк., Касп., Шат., Грыг., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’сушня, будынак, у якім труць лён’ (Бір. Дзярж., КЭС, лаг.; саліг., З нар. сл.). Укр. лаз́ня ’лазня’, ’хаціна з маленькім уваходам’, ’яма для захоўвання збожжа’, рус. ла́зня ’падвал’, ’лесвіца’, ’лаз у яму’, ст.-рус. лазня (з XII ст.), якое, несумненна, паўднёва-заходняга паходжання (гл. Філін, Происх., 571); польск. łaźnia ’лазня’ (з XV ст.), н.-луж., в.-луж. łaznja ’лазня, ванна’, чэш. lázeń ’тс’, ’купанне’, lázně ’курорт’, паўд.-чэш. lazna ’стаў’. Паўн.-слав. дыялектызм. Прасл. laznь і lazьnja ўзніклі ў розныя часы: першасны дэрыват laz‑nь (як kaz‑nь); laz‑ьnja, утвораная ад lazьnъ(jь) < lazъ, параўн. укр. лазня піч, ст.-польск. (XVI ст.) co dalej to wyszsze jako w laźniej ’а далей — усё вышэй, як у лазні’ (Слаўскі, 5, 72). Да ла́зіць (гл.). Параўн. ст.-рус. влазити, влѣзти въ баню. Лазня першапачаткова азначала месца, куды лазілі: уніз → у яму (дзе была печ), уверх на палок у лазні (Машынскі, Kult., 1, 607–608; Бернекер, 697; Брукнер, 308; Шрадэр, Reallexikon, 1, 74; Зяленін, AfslPh, 32, 601). Іншыя версіі падлягаюць сумненню: паводле Махэка₂ (322), прасл. laznь трэба чляніць la‑znь, у якім la‑ < і.-е. *lavǝ‑, параўн. лац. lavāre ’мыць, мыцца’, хец. lā‑ ’тс’. Гэта прыняў і Вахрас (ScSl, IX, 1963, 166–167), дапускаючы, што сувязь з лазіць другасная. Ёстэррайхер (16, 10) звязвае лазню з lazъ ’выкапаная яма’. Міклашыч (161) памыляецца, калі выводзіць яе са ст.-грэч. λάσανον, лац. lasanum ’сасуд’. Кіслоўкі мяркуе, што касцюк. лазня — паланізм (КЭС). Гл. яшчэ Краўчук, УМШ, 1960, 6, 50–62.

Ла́зня 2 ’прыстасаванне для лазання на дрэва’ (Інстр. 1), рус. лазня ’лесвіца, драбіна, лескі’. Да ла́зіць (гл.) (аб суф. ‑ня гл. Сцяцко, Афікс. наз., 58).

Ла́зня 3 ’дзіцячая гульня’ (ТС). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)