халаднава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З памяркоўным прыемным холадам, прахалодай. Ад лесу пачалі наплываць і згушчацца змрокі, і на сяло пацягнула халаднаватаю вільгаццю паплавоў. Скрыган. Халаднаватаю раніцаю партызанскі атрад.. чакаў пачатку — калі па дарозе пойдуць калоны варожых машын. Янкоўскі.

2. перан. Раўнадушны, бясстрасны. Максім таксама спыніўся, з халаднаватай цікавасцю разглядаючы.. [Шашу]. Шамякін. Вобраз Донны Анны, які ўвогуле правільна вырашаны Карзянковай, трохі халаднаваты. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уплотня́ться

1. (делаться более плотным, твёрдым) цвярдзе́ць, зацвердзява́ць, рабі́цца больш цвёрдым (тугі́м), згушча́цца, рабі́цца больш густы́м;

2. (уплотняться, становиться более плотным, частым) ушчыльня́цца, рабі́цца больш шчы́льным (ча́стым);

3. перен. (заселяться плотнее) ушчыльня́цца; (о жильцах) пацясня́цца;

4. перен. (о сроках) ушчыльня́цца, скарача́цца;

5. страд. рабі́цца больш цвёрдым (тугі́м), згушча́цца, рабі́цца больш густы́м; ушчыльня́цца, рабі́цца больш шчы́льным (ча́стым); пацясня́цца; скарача́цца; см. уплотня́ть.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Сты́гнуць ‘стыць’ (Гарэц., Нар. Гом.), сты́гці ‘стынуць; зябнуць’ (Нас.), ‘астываць’ (шальч., паст., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. сти́гнути ‘халадзець, зацвердзяваць, згушчацца’, рус. сты́гнуть, дыял. пск. сту́гнуть ‘тс’, польск. stygnąc ‘тс’ (з XVIII ст., гл. Борысь, 585). Паводле Бязлая (3, 338), ад таго ж і.-е. кораня, што і ў *stydnǫti (гл. стынуць), але з іншым дэтэрмінатывам: *(s)teu‑g‑, *(s)teu‑d‑. Да *stydnǫti, параўн. польск. stydnąć ‘тс’ (XVI ст., Брукнер, 523), узводзяць Міклашыч (327), Сабалеўскі (РФВ, 62, 234). Сумненні ў Фасмера (3, 789), які следам за іншымі аўтарамі набліжае слова да літ. stū́gti ‘тырчаць, рабіцца жорсткім’, грэч. στυγέω ‘ненавіджу, пагарджаю, баюся’, ст.-грэч. στύγε мн. л. ‘ледзяны холад’. Гл. таксама Коген, УЗ БГУ, 1, 190–194; Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 81–82 (гутарка ідзе пра пазнейшую інавацыю).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́ча ‘вялікая хмара’ (Ян.; брасл., Сл. ПЗБ), ‘хмара’ (Гарэц., Ласт., Бяльк., Брасл. сл., Федар. 4, Сл. ПЗБ), ‘дажджавая хмара’ (зэльв., маст., паўд.-палес., віц., усх.-маг., усх.-гом., ЛА, 2): вышла да сіняя туча з‑пад цёмнага бору (паст., Песні нар. свят), ‘залева, праліўны дождж’ (ТС), ‘навальнічная хмара з маланкай’: Kab ciebe … lichaja tucza ŭbiła! (ваўк., Федар. 4), ‘граданосная хмара’: ту́ча кажуць, ек град (КСТ), ту́цы ‘хмары’ (гарад., ЛА, 2); ту́чка ‘светлая хмарка ў пагодлівы дзень’ (шарк., талач., касцюк., ЛА, 5), ту́чкі ‘воблачнасць несуцэльнага характару’ (Інстр. 1), ст.-бел. туча ‘хмара’, тученосный ‘які нясе хмары’: ильꙗ тоученосный ѡблакъ (ГСБМ); сюды ж тучы́на, тучынка ‘хмарка’ (Нас.); ту́чышча ‘вялікая хмара’ (Юрч. СНЛ), тучы́сты ‘праліўны’ (ТС), ту́чанне (ту́чыньня) ‘хмаранне’ (Юрч. СНЛ), ту́чыцца ‘хмарнець’ (Нас.), ‘хмарыцца’ (Юрч., Мат. Гом.), ту́чыць ‘тс’ (Юрч. Сін.); перан. ту́ча ‘вялікая колькасць чаго-небудзь (аваднёў, птушак, варон)’ (в.-дзв., дзятл., ЛА, 1; глыб., брасл., Сл. ПЗБ); магчыма, сюды і параўнанне як ту́ча ‘вельмі тоўсты’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ту́ча ‘густая цёмная хмара’, ‘вялікая колькасць’, ‘грымоты з дажджом’, ‘праліўны дождж з градам’, ‘вецер, бура са снегам’, дыял. ‘вясёлка’, рус. ту́ча ‘хмара’, стараж.-рус. ту́ча ‘дождж’, ‘бура’, ‘хмара’; польск. tęcza ‘вясёлка’, каш. tącz(a) ‘залева’, палаб. tǫ́co ‘хмара’, н.-луж. tyca ‘вясёлка’, в.-луж. tuča ‘хмара з бурай’, tučel, tučałka ‘вясёлка’, славен. tóča ‘град’, серб. ту̏ча, харв. tȕča ‘тс’, ст.-слав. тѫча ‘дождж, залева, снег’. Прасл. *tǫča (< *tǫk‑ja) ‘дажджавая, навальнічная, градавая хмара’, роднаснае літ. tánkus ‘густы, часты’, ‘шчыльны, дзябёлы, тугі’, ст.-інд. tanákti ‘сціскае, збівае разам’, авест. taxma‑ ‘храбры, моцны’, арм. t‘anjr ‘густы’, ірл. técht ‘загуслы’, гоц. þeiƕo ‘гром’ < і.-е. *ten‑k‑ ‘сцягвацца, збірацца, збівацца’ < і.-е. *ten‑ ‘цягнуць, валачы’; першапачаткова *tęča‑ ‘збітая маса’ > ‘сабраная ў хмару’ і іншыя пераносныя значэнні (Фасмер, 4, 129; Брукнер, 570; Скок, 3, 517— 518; Борысь, 630; ЕСУМ, 5, 688). Як варыянт індаеўрапейская аснова падаецца ў выглядзе *temk‑ ‘рабіцца цвёрдым, згушчацца’ (Покарны, 1068; Сной, 769; ESJSt, 16, 973: тут крытыка версіі пра сувязь з *tukъ, гл. тук1, падрабязней Жураўлёў, Язык и миф, 340). Зводку ранейшай літаратуры гл. у Арол, 4, 122–133.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)