згаво́рлівы, ‑ая, ‑ае.

Такі, з якім лёгка згаварыцца; уступчывы. Сонцаў быў разам з тым вельмі дабрадушным і згаворлівым, у адрозненне ад суровага і цвёрдага Быстрова. Мележ. // Уласцівы такому чалавеку. Згаворлівы характар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непамярко́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які не вызначаецца памяркоўнасцю; з якім цяжка згаварыцца, упарты. — Непамяркоўны ты чалавек, як я бачу! — расцяжна, матаючы галавою і разводзячы рукамі, прамовіла Марта. Гартны. Непамяркоўны і крыклівы сам, Комлік, аднак, любіў мірыць другіх. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Намова ’нагавор, паклёп’ (Гарэц., Др.), ’падгавор’ (Яруш.), ’дагавор, згода’ (Сцяшк.), а таксама намоў ’нагавор’ (Нас., Гарэц., Бяльк.), на́мо́ўка ’паклёп’ (Нас., Гарэц.), на́маўка ’загавор, урокі’ (Нік., Оч.), ст.-бел. намова ’нагавор, падбухторванне, парада’, ’нарада суддзяў’ (Гарб.). Ад намовіццазгаварыцца, дамовіцца’, гл. мова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

угавары́цца, ‑вару́ся, ‑во́рышся, ‑во́рыцца; зак.

1. Загадзя дамовіцца, згаварыцца аб чым‑н. Аленка чакала Сцёпку, як яны і ўгаварыліся, на сцежцы каля Дзям’янавай клуні. Колас. // Прыйсці да згоды ў выніку перагавораў; дамовіцца. Гаварылі сваты ды і ўгаварыліся: сказалі... што цераз тыдзень зробяць заручыны. Калюга.

2. Разм. Сказаць лішняе; прагаварыцца. Пошта скеміў, што ён тут трохі ўгаварыўся, і стараўся паправіцца. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Патака́ць1 ’паблажліва, нястрога адносіцца да каго-н., патураць каму-н.’ (ТСБМ), пат́акнуць ’кіўнуць сцвярджальна’ (Яруш.), пата́каваць ’згаджацца’ (КЭС, лаг.), патако́ўнік ’патуральнік’ (Нас.), пата́чка ’паблажка’ (ТСБМ). Укр. пота́катисязгаварыцца’, потака́йло, потака́ч ’той, хто паддаквае’, пота́кувати ’паддакваць’; рус. пота́ка́ть ’патураць’, потака ’прытворства, прыкідванне’, ст.-рус. потаков(ь)никъ ’уступчывы, падатлівы’, польск. potakiwać, potakać, potaknąć ’патакаць’, чэш. potakací slovo ’слова, якімі мы пацвярджаем’. Утворана ад сцвярджальнай часціцы так (такъ, тако) пры дапамозе прыстаўкі па‑ (< прасл. po‑) (Праабражэнскі, 2, 115; Фасмер, 3, 343; Варш. сл., 4, 801).

Патака́ць2 ’ткаць іншым матэрыялам’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Відаць, з падтыка́ць < падаткнуць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дагаварыцца, угаварыцца, згаварыцца, дамовіцца, умовіцца, змовіцца, паразумецца / пра аплату: старгавацца, згадзіцца, угадзіцца; сысціся (перан.) □ прыйсці да згоды, знайсці агульную мову, сысціся ў цане, ударыць па руках, зварыць піва

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

положи́ть сов.

1. пакла́сці;

положи́те прибо́ры на стол пакладзі́це прыбо́ры на стол;

положи́ть больно́го в больни́цу пакла́сці хво́рага ў бальні́цу;

2. (решить) уст. вы́рашыць; (постановить) ухвалі́ць, пастанаві́ць; (условиться) умо́віцца; (сговориться) згавары́цца;

они́ положи́ли ме́жду собо́й яны́ вы́рашылі (згавары́ліся) памі́ж сабо́й;

3. (предположить) дапусці́ць;

4. (назначить) назна́чыць; даць;

положи́ть ему́ хоро́шую пла́ту назна́чыць (даць) яму́ до́брую пла́ту;

положи́ть за пра́вило узя́ць за пра́віла;

положа́ ру́ку на́ сердце пакла́ўшы руку́ на сэ́рца;

положи́ть на лопа́тки пакла́сці на лапа́ткі;

вынь да поло́жь за́раз жа і дай, вы́мі ды пакладзі́;

положи́ть гнев на ми́лость павярну́ць гнеў на мі́ласць;

положи́ть жизнь за (кого, что) адда́ць жыццё за (каго, што);

положи́ть коне́ц (нача́ло) чему-л. пакла́сці кане́ц (пача́так) чаму-небудзь;

положи́ть в карма́н пакла́сці ў кішэ́нь;

положи́ть на ме́сте пакла́сці на ме́сцы;

разжева́ть и в рот положи́ть разжава́ць і ў рот пакла́сці;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сысці́ся, сыдуся, сыдзешся, сыдзецца; пр. сышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. сыдзіся; зак.

1. Ідучы з розных бакоў, сустрэцца, сутыкнуцца з кім‑н. [Хлопцы] і не заўважылі, як амаль усутыч сышліся з незнаёмым чалавекам. Колас. А то яшчэ сыдуцца твар у твар на шматлюднай вуліцы, [нібы] знарок падстроена кім-небудзь гэтая сустрэча. Пальчэўскі.

2. Прыйсці з розных бакоў у адно месца; сабрацца — пра ўсіх, многіх. Сход быў доўгім .. Сышлася ўся вёска — і калгаснікі, і гаспадары. Чорны. Паглядзець на студэнту сышлася радня. Васілевіч. Хаваць Леаніда Андрэевіча з блізкіх і далёкіх вёсак сышліся тысячы людзей. Грахоўскі. // Прыйшоўшы куды‑н., убачыцца, сустрэцца з кім‑н. [Старэйшы:] — На сёння хопіць работы. Трэба, каб і заўтра ў нас яшчэ была прычына сысціся тут. Машара. Развіталіся з містэрам Тэлпі і раз’ехаліся ў розныя бакі. Раз’ехаліся, каб зноў сысціся праз тыдзень, вырашыць спрэчку... Б. Стральцоў. // Аб’яднацца (у які‑н. калектыў). Але калі Старыца апынулася ў партызанскай зоне, яе жыхары зноў сышліся ў калектыў і ўвялі ў вёсцы даваенныя парадкі. Хадкевіч.

3. Сустрэцца для паядынку, спаборніцтва, бітвы. На кросе мы яшчэ з табою сыдземся. Савіцкі. У хмызняку, за гародамі, нашы танкі замаскіраваліся і ў змроку, перад світаннем сышліся з фашысцкімі браневікамі і танкеткамі. Кухараў.

4. Уступіць у блізкія, сяброўскія адносіны; пасябраваць. Гаваркі, рухавы Іван умеў сысціся з кожным, але былі тайны, у якія пасвячаўся адзін толькі Ягор. Навуменка.

5. перан. Уступіць у шлюб, у любоўную сувязь, сужыццё. [Бабка:] — Я ж у Лукерчыка жонкай была — не служанкай. Праўда,.. не першай — сышліся мы ў пяцідзесятым годзе. Вышынскі. Малодшая ж хітрэйшай, відаць, была, — махнула ў Кустанай і там сышлася з камбайнерам, па сэрцу, без вянца. Корбан.

6. перан. Аказацца адзінадушным у чым‑н., прыйсці да згоды. [Лях:] — І пасварыўся і не пасварыўся — не разбярэш. Духу майго Журавінка не зносіць, а я — яго. [Вот] так і не сышліся характарамі. Лобан. І сышліся хлопцы-верхаводы на Алесевай кандыдатуры. Шынклер. // Аказацца аднолькавым з чым‑н., падобным да чаго‑н. Так мы з сынам шчасліва У сваіх думках сышліся. Кірэенка.

7. перан. Разм. Прыйсці да пагаднення, згаварыцца. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў і надта даражыўся. Якімовіч. — Дам стрэліць, — сказаў Сцёпка. [Яська:] — Тры разы? — Адзін раз. — Жмінда. — Сышліся на двух стрэлах. Хомчанка.

8. Разм. Атрымацца, аказацца ў адпаведнасці адно з другім; супасці. Паказанні прыбораў сышліся. □ Вулю трэба закрыць ведамасць — і ўсё. Яшчэ — каб сышлося капейка ў капейку. Пташнікаў.

9. перан. Разм. Адбыцца адначасова (аб якіх‑н. падзеях). — Толькі што сын мой паехаў у войска служыць, — гаварыў Марцін, — а ў Перавозе дачка сабралася дзіця раджаць. Нейк усё сышлося адразу як з-пад маланкі. Чорны.

10. Наблізіцца адзін да аднаго, даткнуцца, дакрануцца. І задрамаў ён [сын] стомлены, Бы явар ля ракі, Як абцугі, над скронямі Сышліся дзве рукі. Панчанка. Калматыя бровы гаспадара сышліся над перанос[сем], папаўзлі ўгору. Асіпенка. // Разм. Аказацца па памерах дастатковым для таго, каб зашпіліць або захінуць (пра адзенне). Пояс сышоўся.

11. Прымкнуўшы шчыльна адно да аднаго, злучыцца. Высозныя горы, як сцены, Абапал. То воддаль адступяць Ад Струмы-ракі, То блізенька-блізенька Сыдуцца раптам. Гілевіч. А ён [чалавек] у траву паваліўся, У зялёных хвалях стаіўся. Сышліся над ім тыя хвалі, І вершаліны, як хвалі, Над гэтым месцам сышліся — Чалавека схавалі. Сіпакоў. У пачатку стагоддзя хаткі рабочых амаль сышліся з горадам. П. Ткачоў.

12. Аказацца, сканцэнтравацца ў адным месцы. Лініі сышліся ў адной кропцы. □ Усе сляды сышліся ля Яўхімавай пуні. Жычка. // перан. Злучыцца. Бачанае і чутае, перажытае і перадуманае — усё сышлося ў адно і разгортваецца перад вачамі, як доўгі маляўнічы скрутак. Палтаран.

•••

Свет клінам (не) сышоўся гл. свет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)