запа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; пр. запаў, ‑ла; зак.
1. Увайсці, заскочыць унутр. Выходзячы, [Пракоп] хацеў бразнуць дзвярамі, але запаў слясак у дзвярах. Баранавых.
2. Разм. Падаючы, трапіць куды‑н. У вока запала парушынка.
3. Уваліцца, стаць запалым. У вязня і грудзі запалі і шчокі, Румянец пачаў на іх хворы гарэць. Зарыцкі. Пасля таго, як нарадзілася дзіця, Ірына схуднела. Вочы яе запалі, скулы завастрыліся. Новікаў.
4. перан. Глыбока замацавацца, захавацца (у сэрцы, памяці і пад.). Бывае ж так: скажа хто часам, без ніякага намеру, а цябе словы яго крануць за жывое, западуць глыбока ў памяць. Пальчэўскі. Асабліва мне запала ў галаву тое, што мы з дзядзькам Пракопам пойдзем у нядзелю ў Верамеевічы і ён мяне завядзе на сход камсамольскай ячэйкі. Сабаленка.
5. Разм. Аслабець, заняпасці. А ў горле ў мяне суха, і голас запаў. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абві́ць, абаўю, абаўеш, абаўе; пр. абвіў, ‑віла, ‑віло; зак., каго-што.
1. Абматаць што‑н. чым‑н. або што‑н. вакол чаго‑н. Абвіць провад ізаляцыйнай стужкай. // Апаясаць; акружыць. На галоўцы вянок з сініх васілёчкаў, А чырвон паясок Стан абвіў дзявочы. Купала. [Ручай] То заскочыць у гай, То курган абаўе, Дзе сярдзіта бубніць, Дзе лагодна пяе. Колас.
2. Размяшчаючыся вакол, па паверхні чаго‑н., заплесці, пакрыць сабой (пра расліны). Абвіла яго [сына] таполя Каранямі, Атуліла маладзенькімі Лістамі. Танк. На мужычым полі Цягнецца палоска... Зелле яе глушыць, Абвіла бярозка. Колас. // перан. Ахутаць, абвалачы, ахапіць з усіх бакоў (пра дым, туман і пад. Полымя зараз жа ўзнялося да палавіны лесу, абвіло яго сукі і галіны. Колас. // перан. Авалодаць, ахапіць, паланіць (пра пачуцці, перажыванні, жаданні і пад.). Ідзе жыццё чародкай казкай, Душу абвіў цудоўны чар, На свет глядзяць з вясёлай ласкай Дзяўчына, хлопец, мал і стар. Купала. Ты, рачулка, шнурочак Дняпра, Гэты лес ціхім смуткам абві. Пысін.
3. Абхапіць, абняць рукамі. Хлопчык абвіў бацькаву шыю і нечакана моцна сціснуў яе. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)