гарэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Абпалены, папсаваны агнём. Гарэлы хлеб. Гарэлае палена. □ Грушу-бэру старанна Ад гарэлай кары Абчышчае стары. Броўка. / у знач. наз. гарэ́лае, ‑ага, н. [Зорын] убачыў вялікае зарыва, адчуў пах гарэлага. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Жара́ ’спёка’, ’гарачка’ (ТСБМ). Рус. жара́ ’спёка’, укр. жара́ ’тс’, ’гарачка’, славац. žiara ’зарыва, гарачыня’, серб.-харв. жа̀ра ’спёка’, славен. žara ’сып’. Варыянт ж. р. ад таго ж кораня, што жар (гл.). Не выключана, што значэнне ’гарачка’ ўзнікла на базе значэння ’сып’, вядомага шэрагу моў. Гл. жа́ры.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
чырванасця́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Чырванасцяжны полк. // Які атрымаў пераходны чырвоны сцяг. Мы разумеем, што працуе чырванасцяжная ўдарная брыгада, і мы крычым ёй калектыўнае прывітанне. Галавач.
2. Які складаецца, састаўлены з чырвоных сцягоў. Чырванасцяжнае, вольнае Зарыва ўдоўж і ўшыр... Стомлена выйшаў са Смольнага На вуліцу правадыр. Грачанікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дазо́рац, ‑рца, м.
1. Служачы, які выконвае абавязкі па нагляду за чым‑н., ахове чаго‑н.; наглядчык. Бурчыць пад нос дазорац, як сам астрог, стары. Таўлай.
2. Той, хто знаходзіцца ў дазоры; разведчык. Дазорац, ужо заўважыўшы зарыва пажару і пабачыўшы лесніка, які бег да зямлянкі, адразу адчуў нешта нядобрае і надзвычайнае. Дубоўка. У акопчыках і ў кустах каля ракі паставілі дазорцаў. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сапяжа́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Пашыраны ў Беларусі сорт летняй грушы, якая дае круглыя жоўтыя салодкія плады. А потым усюды ў Навасёлках — і на прысядзібных участках, і ў калгасным садзе, дзе растуць тысячы бэр, сапяжанак, антонавак, белых наліваў, — зоймецца белае зіхатлівае зарыва... Паслядовіч.
2. Плод гэтай грушы. Вылі вяснушкі на шчаках Смуглявай гэтай гараджанкі, Нібы радзімкі на баках Налітай сонцам сапяжанкі. Аўрамчык.
[Ад уласн. імя.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стынь, ‑і, ж.
Сцюжа, холад. [Хмурынкі] нізка, нізка сцелюцца над самай зямлёй, чапляюцца за вяршыні дрэў, што аж пачарнелі ад вільгаці, ад стыні. Лынькоў. Над лесам паўстала дрыготкае жаўтлявае зарыва, там разганялі цемру і стынь зімовай ночы цёплыя агні горада. Хадкевіч. Лёгкая стынь прабегла па спацелай спіне. Карамазаў. / у паэт. ужыв. Хатынь, Даходзяць пакут адгалоскі Да нас праз магільную стынь. Смагаровіч. Надоўга дарогі нашы Разбегліся ў сінюю стынь. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шуга́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Гарэць яркім полымем, палаць; вырывацца адкуль-н. (пра полымя і пад.); палымнець.
Шугаў пажар.
Шугае агонь. 3 акон шугала полымя.
Над лесам шугае зарыва.
2. перан. Праяўляцца, праходзіць бурна, імкліва.
На дварэ шугала вясна.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыліваць да твару (пра кроў).
Кроў шугае ў твар.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Парывіста дзьмуць, урывацца куды-н. (пра дым, пару і пад.).
Цяпло шугае ў твар.
5. каго-што. Падкідаць на руках, гайдаць, гушкаць.
Ш. імянінніка.
6. Рэзка падымацца ўгору, узлятаць.
Птушкі шугаюць угару.
Велічныя сосны шугаюць у неба (перан.: высяцца).
7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Добра расці, буяць.
Шугае расліннасць.
|| аднакр. шугану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́.
|| наз. шуга́нне, -я, н.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
суці́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.
1. Перастаць хвалявацца, супакоіцца, прыціхнуць, заціхнуць. [Пагода] зарыўся тварам у куп’ё і суцішыўся. Бажко. Прыйшоўшы ў камітэт, Клара суцішылася і вельмі талкова расказала .. [Андрэю] пра недахопы ў рабоце. Асіпенка.
2. Аслабець у праяўленні чаго‑н. Закончан бой, і зарыва пажару То ўспыхне, то суцішыцца ў акне. Лойка. Свішча вецер, глуха стогне, Завывае ля дамоў, То суцішыцца, прыглохне, То усходзіцца ізноў. Васілёк.
3. Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Калі ж заліў суцішыцца да сну І стануць нанач мачты, як асверы, Ён [рыбак] пойдзе, узяўшы рыбіну адну, — Кату берагавому на вячэру. Лось. Навокал усё даўно суцішылася, усё замерла. Ус.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Жар ’гарачае вуголле’, ’страснасць, заўзятасць’, разм. ’спёка’, ’гарачка’ (ТСБМ). Рус., укр. жар, польск. żar ’тс’, памор. žωr ’гарачае вуголле’, чэш. žár, славен. žâr ’гарачае вуголле’, ’полымя’, ’зарыва’, славац. žiar ’напал’, ’ззянне’, в.-луж. žar ’гарачае вуголле’, ’спёка’, ’заўзятасць’, балг., макед. жар, серб.-харв. жа̑р ’тс’. Ст.-рус. (XII ст.) жаръ ’вуголле, полымя’. Параўн. ст.-сл. жеравъ ’распалены’, ц.-слав. пожаръ ’пажар’ (Міклашыч, Lex. paleosl.). Прасл. *žarъ ’гарачае (тлеючае) вуголле, спёка (ад яго)’, адкуль развіліся іншыя пераносныя значэнні. Значэнне ’гарачка’ магло ўзнікнуць і ў сувязі з уяўленнямі аб чырвоным колеры (параўн. жара, жары). Прасл. *žarъ < *gērъ, што звязана з гарэць (гл.), мае паходжанне з і.-е. кораня *gu̯her‑ ’горача’; ст.-інд. gharma ’гарачае вуголле, спёка’, ст.-грэч. θερμός, лац. formus ’цёплы’ і інш. Гл. Фасмер, 2, 35; Скок, 1, 592–593; Траўтман, 79; Покарны, 1, 495 (з літ-рай).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
пры́від, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Вобраз памёршай асобы, які ўяўляецца людзям забабонным або з хваравітай псіхікай; здань. Прывід Пятра Пятровіча не даваў Валі спакою. Шахавец. Не, гэта не прывід і не сон — гэта той Сцяпан, якога Талаўня даўно лічыў нябожчыкам. Гроднеў. // Вобраз каго‑, чаго‑н., які здаецца ва ўяўленні або ў сне. Прывід далёкага мінулага стаіць перада мной. Асіпенка. Пад раніцу Веньямін заснуў. Але і засынаючы баяўся, каб зноў не ўзнік страшны прывід белага горада пад чорным небам... Навуменка.
2. Тое, што ўявілася, здалося. Перад вачыма [Таццяны] з’явіўся жудасны прывід: гітлеравец трымае высока над галавой яе маленькага Віцю. Шамякін. Прывід гэта ці сапраўднасць? Канешне, сапраўднасць! Еў жа пасля таго чырвонаармеец Чыжык той хлеб і тыя каўбасы. Лупсякоў.
3. Няясныя, ледзь акрэсленыя рысы чаго‑н.; контуры. І потым, седзячы ў аўто.., Юткевіч глядзеў на аддаленыя прывіды вялікага грознага зарыва, і целам ішла дробная пякучая дрыготка. Мікуліч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)