пра́вільны, -ая, -ае.

1. Які не адступае ад правіл, норм, прапорцый.

Правільнае напісанне.

Правільныя рысы твару.

2. Заканамерны, рэгулярны.

Правільная змена пор года.

3. Які адпавядае сапраўднасці, такі, як патрэбна.

П. адказ.

Правільнае разуменне сучаснага становішча.

4. Пра многавугольнік: які мае роўныя вуглы і стораны; пра мнагаграннік: які мае грані — аднолькавыя правільныя многавугольнікі і роўныя мнагагранныя вуглы пры вяршынях.

|| наз. пра́вільнасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Тый ‘той’ (Гарэц., Бяльк.), ст.-бел. тый, тий ‘тс’ (1529 г., ГСБМ): тъи конь, тый товаръ (1300 г., Карскі 2–3, 53). Параўн. польск. дыял. tyj ‘тс’. З прасл. *tъ і *jь > тъjь, у якім ‑ъj‑ > ый, як у прыметніку малады (< *moldъjь) і займенніку чый (< *čьjь), што з’яўляецца новаўтварэннем, гл. Станкевіч, Arche, 2001, 1, 172; Бузук, Спроба, 74. Форма тыи бытавала ў жывой старажытнарускай мове. Пад уплывам займеннікаў свой, твой, мой на заканамерны займеннік тыи апошні замацаваўся ў нарматыўнай форме той (гл.), а ў дыялектных формах — тый, тэй; апошнія, на думку Векслера (Гіст., 167), звязаны з тым, што *jь далучыўся да *tъ да таго, як адбыўся пераход ъ > о. Гл. таксама тэй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лагі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да логікі (у 1 знач.). Лагічныя катэгорыі. Лагічны метад.

2. Заснаваны на законах логікі; які адпавядае законам логікі. Лагічнае мышленне. □ Было нешта падобнае на праўду ў падасланым лісце. Аб гэтым гаварылі лагічныя довады, з якімі нельга было не пагадзіцца. Лынькоў. // Выяўлены, устаноўлены з дапамогай законаў логікі. Лагічная памылка.

3. Абумоўлены самім характарам, унутранай заканамернасцю чаго‑н.; непазбежны, заканамерны. Само сабою, як лагічны вынік, як завяршэнне ўсіх думак і разважанняў, узнікла адно простае і шчырае пытанне. Кулакоўскі.

4. Паслядоўны, разумны. Быць лагічным. Лагічны ўчынак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́вільны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае правілам, заснаваны на правілах (у 1 знач.); беспамылковы. Правільнае напісанне. □ Ярохін сказаў не на зусім правільнай, але выразнай англійскай мове: — Малайчына! Вы паглядзіце толькі, дзе ён пасадзіў нас. Па пятаку. Шамякін. // Заканамерны, рэгулярны. [Лютынскі:] Севазварот будуецца таксама толькі на строгім і правільным чаргаванні клетак. Крапіва.

2. Які адпавядае сапраўднасці; праўдзівы. [Валя] трымае.. [гадзіннік] у руцэ, просіць дзяўчыну-прадаўшчыцу завесці яго, паставіць стрэлкі на правільны час. Пестрак.

3. Такі, як патрэбна, які прыводзіць да патрэбных вынікаў. Правільны ўчынак. □ Адзіка правільным шляхам да шчасця — да заможнага і культурнага жыцця — для нас, сялян, з’яўляецца калгасны шлях. Брыль. // Разм. Добры, справядлівы (звычайна пра чалавека). — Правільны чалавек наш камандзір, — зазначыў ён нібы сам сабе. Краўчанка. — Правільны чалавек твой бацька, — пахваліў Васільеў. Алешка.

4. Рытмічны, раўнамерны, які дзейнічае пастаянна. Правільны пульс.

5. Які адпавядае правілам прапорцыі, сіметрыі. З аднаго боку над балотам цягнуўся вал досыць правільным паўкругам. Колас. Сталь — белая, бы чыстае срэбра, — правільным авалам астывала ля гарлавіны. Савіцкі. / Пра рысы твару. [Жанчына] мела надзвычай правільны твар з прыемным здаровым смуглым колерам. Карпюк.

6. Спец. Такі, усе стораны і вуглы якога роўны паміж сабой (пра многавугольнік). Правільны многавугольнік.

•••

Правільны дроб гл. дроб ​2.

Збіцца з правільнай дарогі гл. збіцца.

Збіць з правільнай дарогі гл. збіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.

1. каго-што. Варочаючы, змяніць становішча каго‑, чаго‑н. Павярнуць ключ. Павярнуць дзіця на другі бок. □ На лёгкі скрып дзвярэй .. [хворы] паволі павярнуў галаву, і ў поглядзе яго адбіліся сполах і недавер’е. Васілевіч. // чым. Зрабіць рэзкі, моцны рух. Разгарнуўся дзед Талаш, павярнуў сваімі шырокімі плячамі, крутнуўся, і жа[ў]неры паадляталі ад яго, як шчэпкі. Колас. // што. Накіраваць у процілеглым напрамку. Павярнуць зброю супроць ворага.

2. Разм. Рушыць у якім‑н. напрамку. Крушынскі саскочыў з ганка і павярнуў да чорнага ходу з боку кухні. Бядуля.

3. Змяніць свой напрамак (пра дарогу, сцежку, лінію і пад.). Ад Нёмана дарога павярнула ў лес. Брыль.

4. каго-што і без дап. Змяніць напрамак свайго або чыйго‑н. руху; пачаць або прымусіць рухацца ў іншым напрамку. Павярнуць каня назад. Павярнуць з вуліцы ў завулак. □ [Антось] павярнуў веласіпед і паімчаўся назад у мястэчка. Чарнышэвіч. Мы павернем воды Енісея З поўначы ў спякотны край пустынь. Панчанка.

5. перан.; што. Змяніць ход; даць іншы напрамак чаму‑н. Павярнуць жыццё. Павярнуць гаворку на іншы лад. □ Павінен стаць быў Леніным Ульянаў, Каб увабраць любоў і гнеў народа, Паклікаць самых дужых і адважных І павярнуць усёй планеты лёс. Грахоўскі. Таленавіты паэт Валянцін Таўлай гарэў жаданнем павярнуць усю заходнебеларускую літаратуру да жыцця, адрадзіць грамадзянскі пафас. У. Калеснік.

6. што. Разм. Скарыстаць, выкарыстаць. — Скончана, — сказаў .. [Гушка], — грошы ў кішэні. Заўтра адно трэба будзе Сурвілу іх перадаць, а ён ужо там паверне іх, куды трэба. Чорны.

•••

Павярнуць (завярнуць) аглоблі — пайсці, паехаць назад, не дасягнуўшы мэты.

Павярнуць кола гісторыі назад — прыпыніць заканамерны ход гістарычнага развіцця, вярнуцца да мінулага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)