тады́шні, ‑яя, ‑яе.

Разм. Які існаваў задоўга да цяперашняга часу, тагачасны; той. [Дзед:] — Тадышнія ж машыны былі не тое, што цяперашнія. І царская нарабіла такога смуроду, што хоць ты нос затыкай. Сабаленка. Слава пра яе [гаспадаркі] поспехі разнеслася была на ўсю тадышнюю акругу. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тады́шні ’які існаваў задоўга да цяперашняга часу; той’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ’тагачасны’ (Касп.). Укр. тоди́шний, тоді́шній, рус. тогда́шний, дыял. тады́шний, тады́шный ’папярэдні, тагачасны; той’, серб.-харв. та̀дашњи̑, славен. tedašnji ’тагачасны’. Да тады (гл.) з інфіксам першапачаткова экспрэсіўнага характару. Параўн. стараж.-рус. тъгдашьнии, тогдашнии ’які быў у той час, тычыцца таго часу’, вядомыя з самых ранніх помнікаў (XI ст., Сразн.), што дазваляе лічыць названыя формы агульнымі для ўсходнеславянскіх і паўднёваславянскіх дыялектаў інавацыямі познепраславянскага перыяду.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

даўно́, прысл.

1. Раней, задоўга да цяперашняга часу. Растрэслі адзенне лясы, Даўно адцвілі верасы І травы павялі. Колас. Толя, які даўно прывык да бацькоўскіх загадаў старога, больш не супраціўляўся. Брыль.

2. На працягу доўгага часу, здаўна і да цяперашняга моманту. Не любяць панскай яны ўлады, Даўно чакаюць нейкіх змен. Колас. Ужо даўно працякаў дах, прагнілі некаторыя дошкі ў вагоне. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

да́ўні, ‑яя, ‑яе.

1. Які быў, існаваў, адбыўся даўно, задоўга да цяперашняга часу; старадаўні. Даўнія часы. Даўнія парадкі. □ Пра даўні паход Ермака Хлапцы заспявалі ў вагоне. Аўрамчык. // Які існуе даўно, з даўняй пары. Даўні звычай. □ Дацэнт і Валіна маці, як пасля дазнаўся Міхась, былі даўнія знаёмыя. Шахавец. Ужо некалькі гадоў .. [стары] не выходзіў з дому, прыкуты да месца даўняй хваробай. Самуйлёнак.

2. у знач. наз. да́ўняе, ‑яга, н. Час, падзеі, якія папярэднічалі сучаснаму; мінулае. Успомнілася ўсё даўняе, мінулае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́дак, ‑дка, м.

1. Асоба, якая з’яўляецца папярэднікам у сям’і, родзе, племені па бацькоўскай або мацярынскай лініі. Сярод продкаў Максіма Багдановіча было нямала таленавітых людзей. Майхровіч. Ці то жартам, ці то ўсур’ёз Дзед Хрушч расказаў, што яго продкам быў нейкі невядомы драгун. Колас. // Родапачынальнік якога‑н. віду або роду жывёл і раслін.

2. толькі мн. (про́дкі, ‑аў). Людзі, якія жылі задоўга да цяперашняга часу. Пакінем спадчыну мы для патомкаў Інакшую ад той, Што ўзялі мы ад продкаў на абломках Гісторыі сваёй. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даўне́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. даўні.

2. Які меў месца, адбыўся некалі, даўней, задоўга да цяперашняга моманту; мінулы. Усё пажоўкла, усё пачарнела, і нібы ад таго вогнішча, нясе нейкім пахам даўнейшага дыму і чаду. Чарот. Усе даўнейшыя сваркі забыліся. Скрыган. // Які існуе здаўна, з даўняй пары. [Якім] трохі згорбіўся, аброс густой серабрыстай шчацінай, .. але ў вачах захавалася тая ж глыбокая, даўнейшая туга. Нікановіч.

3. у знач. наз. даўне́йшае, ‑ага, н. Час, падзеі, якія папярэднічалі сучаснаму; мінулае. Я часта ўспамінаў цябе, даўнейшае, і як гулялі разам. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

працячы́, ‑цячэ; ‑цякуць; пр. працёк, ‑цякла, ‑цякло, зак.

1. Прайсці дзе‑н. сваім цячэннем (пра раку, ручай). Заўтра сотні ў пустыні Праменістых рэк працякуць. Панчанка.

2. Пранікнуць, прасачыцца (пра ваду, вадкасць). Вада працякла ў лодку. / у безас. ужыв. Тут пахла сырымі анучамі, венікамі. Сцены аблупленыя, на столі вялікі руды круг — працякло са страхі. Арабей.

3. Перастаць затрымліваць ваду ці іншую вадкасць. Чайнік працёк. Страха працякла.

4. Прайсці, мінуць (пра час, падзеі). Наша маленства працякло задоўга да Вялікай Айчыннай вайны. Грамовіч. Шмат гадоў працякло З таго слаўнага дня, Як на нашай зямлі Заяснела вясна. Журба.

•••

Многа вады працякло (ўцякло) — многа прайшло часу, змен.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.

1. Адмяніць, ліквідаваць, прызнаць што‑н. нядзейсным, незаконным. Скасаваць дагавор. Скасаваць шлюб. Скасаваць штатную адзінку. □ [Ленін:] — Мы абяцалі народу мір, абяцалі скасаваць памешчыцкую ўласнасць на зямлю. Гурскі. Задоўга перад вайной раён скасавалі, і мястэчка паступова апусцела. Чыгрынаў. // Выкрасліць, закрэсліць. Скасаваць вершаваны радок.

2. Апратэставаць рашэнне суда ў касацыйным парадку; спыніць судовую справу. Усё падаваў прашэнні [Мудрэйка], падаваў скаргі, пасля зноў прашэнні, каб скасавалі справу. Чорны.

3. Абл. Зрабіць непрыкметным, адсунуць на задні план. Аніс, відаць, каб скасаваць сваю недарэчную выхадку, узяў пад локці Макара і Ёсіпа, якія, крыху збянтэжыўшыся, супыніліся ў парозе, і павёў іх наперад. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Князь1 ’правадыр войска і правіцель вобласці ў феадальнай Русі’ (ТСБМ, Яруш.). Укр. князь, рус. князь, ст.-рус. кънязь ’тс’, ст.-слав. кънѧзь, балг. кнез, серб.-харв. кне̑з, славен. knȇz ’тс’, польск. książę, чэш. kníže, славац. knieža, в.-луж. knjez ’пан’, палаб. knąz ’шляхціц’. Прасл. kъnędzь было запазычана з германскіх моў, ва ўсякім разе задоўга да трэцяй палаталізацыі. Параўн. княгіня (гл.). Аб старажытнасці запазычання сведчыць, відаць, таксама рухомасць акцэнтуацыйнай парадыгмы пры кароткім галосным у корані. Прагерм. kuningaz ’правадыр, кароль’ тлумачыцца як утварэнне на ‑ingaz ад прагерм. kunja ’род’ (лац. genus, ст.-грэч. γένος, ст.-інд. jánaḥ ’тс’). Такім чынам, у прагерманскай мове наглядаецца словаўтваральная інавацыя афіксна-семантычнага тыпу (славянскія мовы не ведаюць ніводнага спрадвечнага слова з суфіксацыяй ędʼzʼь) (Мартынаў, Лекс. взаим., 47–48). Параўн. Кіпарскі Gemeinslav., 181; Экблум, ZfSlPh, 30, 6; Экблум, ScSL, 3, 176. Князь у значэнні ’жаніх’ — табуізм (гл. Хаверс у Фасмера, 2, 266). Такое ж трэба сказаць і аб княгіня ’нявеста’.

Князь2 ’малады, жаніх’ (Нас., Яруш., Грыг., Гарэц., Нар. лекс., З нар. сл., Маш., Сержп. Грам.), ’дружка’ (Кольб.). Гл. князь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кане́шне і кане́чне,

1. пабочн. сл. Само сабой зразумела, без сумнення. Аб гэтым канцэрце яшчэ задоўга прагудзелі ўсе вушы, і я вырашыў не прамінуць яго і, канешне, запрасіць Соню. Ракітны. Канечне, вельмі добра ведаць мову суседзяў, але найперш трэба ведаць сваю. Арабей.

2. прысл. Абавязкова, што б там ні было. Рызыкаваць хлопцам не хацелася: у іх жа вунь колькі зброі, і яны павінны канешне знайсці партызан... Якімовіч. // безас. у знач. вык. (часцей з адмоўем). Разм. Абавязкова. — А ты, брат Янка, пільнуй адзежу, бо прыдзецца зняць усё, апроч шапак... Не канечне стаяць над ёю крукам, — зрабіў агаворку Марцін, — а з вока спускаць не трэба. Колас. Пасля пачалі казаць: «Няхай сабе жывуць здаровенькі, а мне не канешне зрывацца з бацькаўскіх сцежак». Чорны.

3. сцвярдж. часціца. Так, зразумела, вядома. — [Ваш сын] служыў разам з маім Андрушам, хацела праведаць, пагаварыць... — А-а, яно канешне, канешне, — няпэўна прамовіў стары. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)