зажаўце́ць, ‑ее; зак.

1. Пачаць жаўцець, зрабіцца жоўтым. Праз два гады, пад восень, адразу неяк зажаўцелі аж чатыры ліпы. Пальчэўскі.

2. Паказацца, вылучыцца сваім жоўтым колерам. Далей наблізіўся забалочаны луг, за якім раптам зажаўцелі пясчаныя зыбучыя гурбы. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бало́цісты, ‑ая, ‑ае.

1. Багаты на балоты. Балоцісты край.

2. Забалочаны, багністы. Вясной.. [рэкі] выходзілі з берагоў, шырока разліваліся па нізінах, паглынаючы шматлікія рачулкі, раўчукі і лясныя азёры, затапляючы ўсё навакол, ператвараючы балоцістую мясцовасць у суцэльны водны прастор. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пульвына́ ’мясцовасць на ўсход ад Камянца і Брэста ў бок Пінска, дзе мала лесу і балот, многа палёў’ (кам., ЖНС). З фанетычна змененага *полевина ад поле (гл.), параўн. назву людзей з гэтых мясцовасцей — полюхи ’палевікі’ (Клімчук, там жа). Аднак польск. pólwy (pulwy) ’затопленыя нізіны’, гідронім Пульва (назва рэчкі, што ўпадае ў Буг), нямецкія (з Прусіі) і балтыйскія паралелі дазваляюць бачыць тут заходнебалтыйскі ўплыў, параўн. Непакупны (Связи, 142–144): суадносіць з прус. Palwe ’пустка, зарослая нізкарослым хмызняком’, збліжэнне з поле лічыць другасным. Лаўчутэ (Балтизмы, 126) звязвае з літ. palves ’марошка; ягада, якая расце ў забалочаных мясцінах’, palios ’вялікія балоты’, лат. paliзабалочаны бераг возера’, што малаверагодна. Бяднарчук (ABSl, 9, 51) адносіць балтыйскія формы да уграфінізмаў, параўн. карэл. palvi ’населеная мясцовасць’, эст. palu ’паляна, лес на пясчанай глебе; зарослая кустамі раўніна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сыры́, ‑ая, ‑ое.

1. Прасякнуты, насычаны вільгаццю; вільготны. Сырыя дровы. Сырое адзенне. □ Рыдлёўка была вельмі цяжкая. Відаць, наліпла зямля, сырая, непрасохлая гліна. Лынькоў. Досвітак быў халодны, і на ўсім ляжаў сыры малочны туман. Мыслівец. // З вялікай колькасцю дажджоў, ападкаў. Стаяла восеньская сырая пара. Дарогі зрабіліся што каша. Астрэйка. // Забалочаны, з вялікай колькасцю вільгаці ў глебе. Утульней развесілі голле Яліны ў нізінах сырых. Колас. Я спыніўся ў сырым рэдкім хмызняку і прыслухаўся. Нікановіч. / У народнай паэзіі — пастаянны эпітэт да слова «зямля». Абняўся з зямлёю сырой, Упаў ён [сын], ніколі не ўстане. Бялевіч.

2. Які не варыўся, не смажыўся, не кіпяціўся і пад. (аб прадуктах харчавання). Сырое мяса. Сырая вада. □ [Мікалай] слухаў радасна і прагна, смачна ядучы халодную бульбу з сырым салам. Шамякін. / у знач. наз. сыро́е, ‑ога, н. У мяшках наша начная здабыча. Мы з ёю маглі б даўно расправіцца, але баімся многа есці сырога. С. Александровіч.

3. Недавараны, недасмажаны, недапечаны. Сыры хлеб.

4. Неканчаткова выраблены. Сырое ліццё. // перан. Не да канца апрацаваны, не адшліфаваны як след (пра літаратурны твор. мову і пад.). У «Звяздзе» .. была надрукавана мая паэмка, праўда, сырая, расцягнутая. Лужанін.

•••

З зямлёю сырою ажаніцца гл. ажаніцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плаў1 ’бераг, падмыты вадой’ (чырв., З нар. сл.), ’зыбучы травяны дзірван на зарослым возеры’ (Сл. ПЗБ; ТС; в.-дзв., Нар. сл.; хойн., рэч., добр., Мат. Гом.), ’нізіна, якая ў разліў заліваецца вадой’ (Касп.), плав ’прорва, топкае балота, дзе калышацца верхняе покрыва’, плаў ’акно на балоце’ (Сл. Брэс.; Нар. лекс.; ЛА, 5), плавы́ ’азёры, багатыя рыбай, пакрытыя зыбкім і непраходным дзірваном’ (Нік. Очерки), плаў, плавы ’нізкая мясцовасць, дзе рака праходзіць праз балота’ (Касп.), плавок ’дрыгвяністае балота’ (жытк., стол., Яшк.), ’забалочаны вадаём; зыбкае бязлеснае балота; гразкае месца, заліўны луг ля ракі ці возера’ (палес., Талст.; слаўг., жытк., стол., Яшк.), ’плывучае покрыва з рэштак раслін, плаў на балоце, ля возера’ (палес., ЛА, 2); ’плывучае па вадзе смецце’ (ветк., добр., Мат. Гом.). Укр. плав ’плывучы востраў з чароту і невялікіх раслін’, ’зыбучы дзірван’, ’смецце і ўсялякія прадметы, што плывуць па рацэ’, рус. наўг. пла́вы ’тарфяная багна’, пск. плавье, плавьё ’балота з купінамі’, ’заліўная сенажаць’, ’нанесены глей’, польск. pław — пра розныя прадметы, што плаваюць на вадзе і ў вадзе, ’цякучая рака, кроў’, сёння — ’водны транспарт’, ’плаванне’, ’плыт’; славен. splàv ’плыт’, ’тое, што прынесена вадой’, серб.-харв. plȃv ’лодка, човен’, splȃv ’плыт, паром; баркас’, макед. сплав ’плыт’. Прасл. *plavъ/plavь < і.-е. *plōw‑o‑s (Банькоўскі, 2, 620). Да плыць, плы́сці (гл.). Сюды ж: на пла́ве ’ў стане плавання, на вадзе’ (ТСБМ).

Плаў2 ’нераст рыбы’ (паўн.-усх., КЭС), рус. смал. плав ’нераст’, польск. pław ’выцяканне насення, палюцыя; месячныя ў жанчын’. Відавочна, з польск. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чу́цца, чуюся, чуешся, чуецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць чутным, устрымацца на слых. Ганна маўчала. А можа і гаварыла, ды вельмі ціха, не чуліся яе словы на адлегласці. Кулакоўскі. Госці азіралі вестыбюль, перагаварваліся, часам чуўся вясёлы малады смех. Арабей.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Успрымацца органамі пачуццяў; адчувацца. Снег быў мяккі і і зусім не чуўся пад нагамі. Паслядовіч. [Поплаў] быў такі забалочаны, што тут на дарозе чуўся адтуль пах гнілога карэння балотных раслін. Чорны. // перан. Праяўляцца, даваць сябе адчуць. Туга па радзіме, невыказны боль па яе лугах і рэках, барах і нябёсах выразна чуюцца ў такіх вершах [Броўкі], як «Маці», «Роднае». Бярозкін. [Голас] зусім не падобны быў на другі, мяккі і звонкі, хоць і ў ім таксама чулася засмучэнне. Васілевіч. // у знач. пабочн. Адчувацца, думацца. Быццам бы і слухала [Хадося] Міканораву гаворку, а сама — чулася — была далёкая ад гаворкі гэтай, абыякавая была. Мележ.

3. як або якім чынам. Адчуваць сябе, быць у пэўным стане. Затое ж, калі забярэцца Цімошка з кароўкамі ў лес, то ўжо там чуецца ён вольна. Колас. І з кожным годам.. [Ганна Макараўна] чулася ўсё больш і больш адзінокай. Марціновіч. / у безас. ужыв. Лёгка чулася нам, — ці мы ў лузе граблі, Ці калгасныя з ёй вартавалі палі. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. каго-што, без дап. і з дадан. сказам. Заўважыць, прыкмеціць; згледзець. Зямлянкі былі пабудаваны так, што іх адразу нельга было ўгледзець — глыбока ў зямлі, пад разлапістымі дрэвамі. Шчарбатаў. Звечарэла. Перастала імжыць, аціхла, — не ўгледзелі калі. Пташнікаў. [Аўгінка] выйшла з двара на агароды, а адтуль .. пачала выбірацца на дарогу, каб не ўгледзелі суседзі, куды пайшла. Асіпенка. Зінаіда Антонаўна, абышоўшы забалочаны ўчастак, угледзела, што ўжо вечарэе. Кавалёў. // Успрыняць зрокам, убачыць. Насця азірнулася, каб лішні раз угледзець Васькаву постаць. Лынькоў. Тутэйшыя майстры стараліся так аформіць вазкі, каб яны яшчэ і цешылі вока кожнага, хто іх угледзіць. «Помнікі».

2. каго-што і без дап. Апынуўшыся дзе‑н., атрымаць магчымасць самому пабачыць што‑н. А пойдзеш, у Ліпава лясамі, Напэўна стрэнешся з ласямі, І зайца ўгледзіш і вавёрку. Колас. Каб хату пабачыць бедную, І неба, дзе бусел ляціць, Каб могілкі мог я ўгледзець, Дзе маці мая ляжыць. Караткевіч. // Убачыцца, сустрэцца з кім‑н. асабіста. [Рыгор:] — Калі паверыш мне, усе мае думкі сходзіліся на адным: угледзець цябе як хутчэй. Гартны. Можа больш я ніколі не ўгледжу ні Сяргейкі, ні Марылькі. Сабаленка.

3. за кім-чым. Разм. Дагледзець, прасачыць за кім‑, чым‑н. Паколькі брыгада цяпер вялікая ды разбіта на звенні, аднаму брыгадзіру цяжка ўгледзець за ўсім і ўсімі. Кулакоўскі. [Суседка:] — Ці ж угледзіш за ёй [Надзяй] такою, ці ж утрымаеш у хаце!.. Галавач.

4. каго-што. Паглядзеўшы на каго‑, што‑н., выявіць, заўважыць, адкрыць для сябе што‑н. [Турсевіч] яшчэ раз акінуў поглядам Лабановіча, нібы хочучы ўгледзець яго прытоеныя мыслі. Колас. І які куток гаспадаркі ні ўзяць, усюды ўгледзіш парадак, руплівасць. «ЛіМ». // Выявіць, распазнаць скрыты сэнс, прыкметы чаго‑н. у кім‑, чым‑н. Зорын ажывіўся, ён у субяседніку ўгледзеў сталага чалавека, які разумее і цэніць яго работу. Гурскі. Ва ўсёй гэтай кароткай і такой звычайнай гісторыі капітан Крайко чамусьці ўгледзеў невялічкую недакладнасць. Ваданосаў.

5. што. Устанавіць, выявіць, знайсці, убачыць што‑н. Крытыка, як вядома, ацаніла аповесць [«Адшчапенец» Коласа] даволі стрымана, угледзеўшы ў ёй нямала хібаў і ўпушчэнняў. Мушынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убі́цца, уб’юся, уб’ешся, уб’ецца; уб’ёмся, убяцеся, уб’юцца; заг. убіся; зак.

1. Разм. Улезці, забрацца ўнутр чаго‑н., куды‑н. Пасля .. [жанчына] ўсё як найлепш расказала — і як выйсці на сцежку, і як перайсці кладкі, і па які бок пакінуць грудок, каб не ўбіцца ў багну. Быкаў. Ахопленыя жахам,.. [Пацейчык і Клебер] пайшлі назад і ўбіліся ў нейкі забалочаны хмызняк. Чорны. Падлеткі хлапчукі бегалі пад вокнамі, спявалі прыпеўкі і як мага стараліся ўбіцца ў хату, каб хоць адным вокам зірнуць на гульні і скокі. Каваль. Убіўся [дзядуля] .. у самы натоўп, узлез на нечы воз і пачаў крычаць на ўсе бакі. Гарэцкі. // Зайсці, залезці ў недазволенае месца, у шкоду. [Конь] убіўся з калёсамі ў жыта, прагна хапае мокрымі губамі амаль даспелае калоссе. Навуменка. Хлопчык так задумаўся, што не заўважыў, як Красуля і цялушка-пярэзімак убіліся ў шкоду. С. Александровіч. // Шчыльна прытуліцца да чаго‑н. Убіцца тварам у падушку. // Унурыцца ў што‑н. Максім сеў каля стала плячыма да дзвярэй і, убіўшыся ў .. табліцу, пачаў вывучаць яе на памяць. Машара. Мужчыны ўсё сядзелі, убіўшыся насамі ў карту. Пташнікаў.

2. перан. Разм. Пранікнуць у якое‑н. асяроддзе; уцерціся, улезці куды‑н. [Наўмыснік:] — Я службовы чалавек быў калісьці: то па маёнтках за аратага быў, то раз у леснікі к пану ўбіўся, але доўга не набыў. Чорны. І Стаха знаходзяць — убіўся ў прымакі да палескага дзядзькі. Лужанін. [Вольга] ўжо не спадзявалася на зварот мужа, чамусь[ці] была ўпэўнена, што з яго языком удасца яму дзе-небудзь убіцца. Васілевіч.

3. З сілай уваткнуцца ў што‑н. (звычайна пра што‑н. вострае). Сякера ўзнялася ўгору, бліснуўшы на сонцы ясным бляскам гладкага металу, і з сілаю ўбілася ў калоду. Мурашка.

4. Утаптацца, утрамбавацца, стаць больш цвёрдым, гладкім. Сцежка ўбілася.

5. перан. Разм. Улезці; прыстаць (пра хваробы, няшчасці і пад.). [Сымон:] — Хвароба як убілася ў хату, дык і не вылазіць. Чарнышэвіч. [Люба:] То ўставайце, покуль курч у ногі не ўбіўся, ды на бераг хутчэй. Козел.

6. перан. Разм. Заняцца чым‑н. да забыцця ўсяго астатняга. [Бацька:] — Хата ледзьве ліпіць, хлеў таксама стары, А ты ўбіўся ў гэту ячэйку. Глебка.

7. Разм. Не выходзіць, не ісці (з галавы, думак). Тыдні са два не бачыла Арына агранома.. Улез у галаву, убіўся, спакою не дае. Б. Стральцоў. У мяне з галавы не выходзіла Іра. І чаго яна ўбілася ў думкі? Сабаленка.

•••

Убіцца ў давер’е (давер) — тое, што і увайсці ў давер’е (давер) (гл. увайсці).

Убіцца ў ласку чыю — дамагчыся чыёй‑н. прыхільнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Луг1, лужок ’сенажаць, пераважна заліўная, пакрытая шматгадовай травой’, ’забалочанае месца, парослае хмызняком і дрэвамі, поплаў’ (Нас., Яруш., ТСБМ, Зеньк., Бес., Бяльк., Клім., Сцяшк., Касп., ТС, лях., Янк. Мат.), ’балоцістая сенажаць’ (Сл. ПЗБ), луог ’лагчына’ (Сержп., Грам.); ’сухадольны лог’ (мазыр., пух., слаўг., шчуч., Яшк.), ’лес, лісцевы лес на абалоні’, ’лес на нізкім месцы, парослы травой’ (Зеньк., Шн., Бяс.; жытк., Талстой), ’алешнік у нізіне’ (Сержп. Грам.), лужок ’некалькі дрэўцаў у лагчыне сярод поля’ (Прышч., дыс.), лужэйка ’поплаў, лужок’ (калінк., Сл. ПЗБ). Укр. луг ’лес у нізіне’, ’сенажаць, луг, парослы травой і кустамі’; рус. луг ’заліўная сенажаць, лясістая абалона’, ’забалочаная нізіна, паша’, ст.-рус. лугъ ’лес, дуброва’, ’балота’, ’заліўная сенажаць’, ’нізіна, нізкі бераг, пакрыты травою, кустамі, трыснягом’, ’лес, дуброва, лесастэп’; польск. ląg, łęgiзабалочаны (у даліне ракі) луг, парослы кустамі’, ’лес, поле на такіх лугах’, ’роўнае поле, нізіна’, н.-луж. ług ’забалочаная даліна’, ’мокры луг’, чэш. luh ’лес над ракой’, ’луг’, ст.-чэш. ’лес, гай’, ’луг у лесе’, ’даліна’, славац. luh ’лес над вадой’, ’высокі лес на мокрай глебе’, славен. lǫ̂g ’нізкі лес’, ’луг над вадой з рэдкімі дрэвамі’, серб.-харв. лу̑г ’лес, гай’, ’чарот’, макед., балг. лаг, лак, лък, лъг, лъгъ́т ’нізіна, абалона’, ’луг, сенажаць’, ’лясок на мокрым лузе’, ’яр, парослы густым лесам’, ’раўніна ля ракі’, ’гай, дуброва’, ’лес уздоўж ракі’, ’ручэй з парослымі лесам берагамі’, ’нізкае месца на лузе’, ’лес з вялікіх дрэў’, тырнаўск. луг ’паляна, паша’, ’клін паміж дзвюма рэкамі’, ст.-слав. лѫгъ ’гай, малы лес’. Прасл. lǫgъ ’лука, балонь, нізкі лес на поплаве, багна’ (параўн. яшчэ каш. lëgnoc są ’пакрывіцца на дажджы і сонцы’, lëgti ’нізінны’, legńica ’яма’, lëga ’нізіна’, рус. сіб. ла́га ’вільготнае месца ў зарасніках’, ’яма з вадой, лужа’), і.-е. адпаведнікам да якога з’яўляецца літ. léngė ’поле, луг у нізіне і інш.’ Узыходзіць да і.-е. *leng‑ ’згінаць’, сіноніма да блізкага *lenk‑ > лука́ (Слаўскі, 5, 79–82; Фасмер, 2, 527; Махэк₂, 343; Скок, 2, 327; Бязлай, 2, 147–148; БЕР, 3, 336–537).

Луг2 ’нізкае месца, лужа з вадой’, ’невялікі вадаём у полі ці ў лесе, які часам перасыхае ўлетку’ (Федар. I, Федар. 2, Яшк., ТС, Сл. ПЗБ), лужок ’азярцо сярод лугу, натуральны вадаём’, ’невялікая балаціна, дзе не высыхае вада’ (ТСБМ, Сл. Брэс., Сл. ПЗБ; слуц., КЭС; Бір. дыс.). Ст.-польск. ług ’багна, дрыгва’, славінск. łuk, каш. ług ’тс’, ług ’лужок сярод поля’, палаб. lai̯g ’луг, паша’, н.-луж. ług ’дрыгва, якая зімою пакрываецца вадой, а летам высыхае, і там расце трава’, в.-луж. łuk ’дрыгва’. Прасл. паўн.-зах. lugъ ’балота, дрыгва’. І.‑е. адпаведнікі: літ. liū̃gas ’дрыгва, лужа’, lū́gos, lū̃gas ’глыбокае месца, напоўненае вадой’, ’балота’, ’дрыгва’, ’ставок’, ’яма на дне ракі’, ілір. lugas/luga ’дрыгва’ > алб. lëgatë ’лужа, балота’ (Слаўскі, 5, 298–299). У сучасных слав. мовах і дыялектах семантыка луг1 і луг2 часта змешваецца.

Луг3, малар. луз ’шчолак з попелу, залітага варам’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сержп. Грам., Бір. дыс., Клім., Сцяшк., Уладз., Бяльк., Шат., Касп., ТС; зэльв., Сцяц. Словаўтв.; лях., Янк. Мат.; Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.; КЭС, лаг.). Укр. луг, рус. смал., кур. луг ’тс’, луга ’раствор галына’, польск. ług ’луг’, каш. lug (lëgu) ’луг, мыла, змыліны’, палаб. lau̯g ’луг, шчолак’, н.-луж. ług ’тс’, в.-луж. łuh ’пратрава, дубільнік’; чэш. louh, ст.-чэш. lúh ’луг’, ’мача’, славац. lúh ’брудная вада пасля мыцця’, ’раствор, у якім апрацоўваюцца маткі пражы’, славен. lúg, lùg ’луг’, серб.-харв. лу̑г ’тс’, ’попел’, чак. (з XV–XVII стст.) luga ’тс’, макед. луга ’луг’, балг. луга́, лу́га, лугя ’луг’, ’асадак, які застаецца, калі вараць мыла’. Прасл. lugъ/luga ’луг як мыючы і адбельваючы сродак’ (Машынкі, Kultura Sl., 1, 616). Мартынаў (Лекс. взаим., 166–168) не выключае запазычанне з прасл. у прагерм. (laugō), у чым сумняваецца Слаўскі (5, 296–298), паводле якога прасл. lugъ — запазычанне са ст.-в.-ням. louga (с.-в.-ням. louge, суч. ням. Lauge ’луг’), luhhen ’мыць’ < і.-е. *lou‑/*louə ’мыць’ (параўн. ст.-грэч. λούω ’мыюся’, лац. lavō, lavāre ’тс’, ’купацца’, арм. loganam ’купаюся’, хецк. lah(h)u‑ ’ліць’. Гэтак жа БЕР, 3, 485; Скок, 2, 326; Бязлай, 2, 155. Бернекер (744), Брукнер (314), Фасмер (2, 527–528), а таксама Курыловіч (Przegląd Zach., 1951, 5/6, 201–202) меркавалі, што lugъ з’яўляецца запазычаннем з с.-в.-ням. louge або нават з ням. Lauge. Слаўскі (5, 297) указвае на польск. мову як пасрэднік для ўзнікнення бел. і ўсх.-слав. луг, а Фасмер (2, 527) — польск. і чэш. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)