жыццяра́дасны, ‑ая, ‑ае.
Які радуецца жыццю, любіць яго. Прыборны быў вясёлы, жыццярадасны чалавек. Рэдка якая няўдача засмучала яго. Шамякін. Марылька гэтакая была жыццярадасная, гэтакая вясёлая. Чорны. // Які выражае жыццярадаснасць; вясёлы. Смех, вясёлыя галасы, шорганне ног, музыка, лёгкае шапаценне кранутага вячэрнім ветрам лісця ліп і каштанаў — усё злівалася ў невыразную, але жыццярадасную сімфонію. Хадкевіч. Вясёлы і жыццярадасны твар Ілонкі раптам спахмурнеў, як быццам на яснае сонца набегла воблачка. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напо́ўніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
1. Зрабіць поўным, запоўніць да верху. Сейбіты спрытна напоўнілі сеялку насеннем, і вось ужо агрэгат рушыў наперад. «Звязда». Бурмакоў сабраў узоры пяску, у некалькіх месцах адбіў кавалкі камяністых парод, напоўніў колбы паветрам і пайшоў да ракеты. Шыцік. // Заняць сабой поўнасцю. Ужо немцы напоўнілі .. сенцы, ужо білі ў дзверы другога паверха. Чорны. // Насыціць, запоўніць (пахамі, водарам, гукамі і пад.). Прынясе бацька з сенцаў загадзя падрыхтаванае бярэмя духмянага сена, і адразу ўсю хату напоўніць водар скошаных траў і красак. Машара. Вясёлы, дружны шум уварваўся ў школу, звонкія, шчаслівыя дзяціныя галасы напоўнілі ўвесь дом. Колас.
2. перан. Запоўніць, заняць цалкам (пра думкі, пачуцці і пад.). Прырода, вясна і маладосць напоўнілі .. [хлопцаў] жыццярадаснасць. Маўр. Тое, што .. [Булгак] тут убачыў, напоўніла яго сэрца радасцю з гордасцю. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ры́са, ‑ы, ж.
1. Вузкая палоска, лінія. Правесці рысу.
2. Лінія (існуючая ці ўяўная), якая раздзяляе што‑н.; рубеж. Рыса пад’ёму ўзроўню вады. □ Сцяпан яшчэ раз з усмешкай зірнуў на мяне і прыцішыў ход: мы праязджалі гарадскую рысу, і наперадзе былі ўжо добра відаць прыгожыя дамы Зялёнага Луга. Ляўданскі.
3. звычайна мн. (ры́сы, рыс). Сукупнасць частак, ліній, якая стварае характэрнае аблічча (звычайна ў спалучэнні: рысы твару). Гэта быў каўказскага тыпу чалавек з рэзкімі рысамі твару. Новікаў. Здараецца, што бывае цяжка ўявіць дарагія рысы блізкага чалавека, калі вельмі хочаш гэта зрабіць. Шамякін.
4. перан. Прыкмета, асаблівасці якасць. Рысы характару. Рысы новага чалавека. □ Неабходна адзначыць такую важную рысу ў характарах герояў Кузьмы Чорнага, як жыццярадаснасць, аптымізм, захапленне жыццём. Кудраўцаў.
•••
Падвесці рысу гл. падвесці.
У агульных рысах — без падрабязнасцей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)