КАРЭ́ЛІКАВА Валянціна Фёдараўна (н. 18.3.1954, в. Целяшы Гомельскага р-на),

бел. выканаўца на нар. муз. інструментах. Засл. арт. Беларусі (1984). Скончыла Гомельскае муз. вучылішча імя Н.​Сакалоўскага (1973), Бел. кансерваторыю (1978, клас Г.Асмалоўскай). З 1974 артыстка фальклорна-харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», выконвала сола ў многіх пастаноўках (у т. л. «Мітусь», «Лянсей», «Весялуха», «Субота»). З 1988 у фалькл. ансамблі «Жывіца» (з 1990 «Бяседа») Бел. тэлебачання і радыё. Яе выкананню ўласцівы артыстызм, жыццярадаснасць, сцэн. тэмперамент.

т. 8, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО ЦЗЮІ́, Бо Лэцянь,

Бо Чанцін (772, прав. Шаньсі, Кітай — 846),

кітайскі паэт. Займаў высокія дзярж. пасады. Чл. імператарскай акадэміі «Ханьлінь». За крытыку прадажнасці чыноўнікаў і феад. парадкаў аддалены ад імператарскага двара. Напісаў каля 3 тыс. вершаў. Аўтар лірычных чатырохрадкоўяў, выкрывальніцкіх вершаў (цыклы «Цыньскія напевы», «Новыя народныя песні»), паэм «Песня пра бязмежную тугу», «Лютня», «Піпа». Адлюстроўваў светапогляд і жыццё танскага грамадства 8—9 ст., асэнсоўваў тэмы: чалавек і час, чалавек і прырода, чалавек і яго асяроддзе. Творам паэта ўласцівыя прастата мовы, жыццярадаснасць і чалавекалюбства.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1978.

т. 3, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕЛІ́НІ (Fellini) Федэрыка (20.1.1920, г. Рыміні, Італія — ліст. 1993),

італьянскі кінарэжысёр. Працаваў афарміцелем вітрын, карыкатурыстам, рэпарцёрам і інш. З 1942 у кіно — адзін са сцэнарыстаў фільмаў П.​Джэрмі, Р.​Раселіні («Рым — адчынены горад») і інш. У першых фільмах [«Агні вар’етэ», 1950; «Белы шэйх», 1952; «Мамчыны сынкі», 1953, прыз Міжнар. кінафестывалю (МКФ) у Венецыі) уплыў неарэалізму з прыкметамі ўласнай манеры. Найб. яна выявілася ў стужках «Дарога» (1954, прыз МКФ у Венецыі, прэмія «Оскар») і «Ночы Кабірыі» (1957, прэмія «Оскар») пра барацьбу дабра і зла, трагізм чалавечага быцця, адзіноту, у якіх адчуваўся часам адчай, але заставалася надзея. У 1959 стварыў фрэску жыцця тагачаснай Італіі «Салодкае жыццё» (1959, гал. прыз МКФ у Канах) — тэма «несапраўднасці» жыцця, бессэнсоўнасць якога выявілася ў калейдаскопе выразных, часам гратэскавых вобразаў. У фільме «Восем з паловай» (1963, гал. прыз МКФ у Маскве, «Оскар»), аўтабіягр. партрэце мастака ў час творчага крызісу, ужывае прыём «свядомасці» героя (характэрны і для стужкі «Джульета і духі», 1965). У канцы 1960 — пач. 1970-х г. Ф. звяртаўся да гісторыі Італіі: стараж. «Сатырыкон» (паводле Петронія, 1969) і 20 ст. «Рым» (1972), «Амаркорд» (1974, прэмія «Оскар»). Роздум пра крызіс чалавека і чалавецтва працягваў у фільмах «Казанова Феліні» (1976) і «Рэпетыцыя аркестра» (1979). Гумар, падчас грубаваты камізм, эмацыянальнасць, жыццярадаснасць, а галоўнае — любоў да чалавека выявіліся ў карцінах 1980-х г. «А карабель плыве...» (1983), «Джынджэр і Фрэд» (1985), «Інтэрв’ю» (1987, гал. прыз МКФ у Маскве), дзе ў поўнай меры праявіўся яго «фантастычны» рэалізм. Апошні фільм Ф. — «Голас Месяца» (1990). Прэмія «Оскар» 1993 за творчы ўклад у кінамастацтва.

Тв.:

Рус. пер. — Делать фильм. М., 1984;

Феллини о Феллини. М., 1988.

Літ.:

Федерико Феллини: Статьи. Интервью. Рецензии. Воспоминания. М., 1968;

Федерико Феллини. Ростов н/Д, 1999.

Л.​М.​Зайцава.

Ф.Феліні.

т. 16, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)