Жыга́ць ’калоць, кусаць, апякаць, бліскаць’, жага́ць (кліч., Жыв. сл., 126), жэ́гаць (барыс., Шатал.) ’бліскаць; смаліць’, жо́гаць ’удараць’ (КТС). Рус. дыял. жи́гать, жага́ть ’кусаць, джаліць, калоць; пячы (аб крапіве); кідаць, біць’, укр. жига́ти ’апякаць; кусаць, калоць’, в.-луж. žahać ’абпальваць, пратраўляць’, чэш. žihati ’апальваць, распальваць, бліскаць’, žáhati ’паліць, рабіць жар’, славац. žihať ’паліць, калоць, кусаць’, žíhať ’апякаць’, славен. ‑žagati, ‑žigati (у прэфіксальных утварэннях), серб.-харв. жи́гати (у прэфікс, утварэннях ‑жизати) ’калоць (пра боль), пячы, паліць’. Ст.-слав. ‑ѫизати, ‑жагати (у спалучэнні з прэфіксамі) ’паліць, абпальваць’. Ст.-рус. жигати ’паліць’, у прэфіксальных утварэннях таксама ‑жизати, ‑жагати ’паліць’. Параўн. палаб. zazăt ’паліць’, н.-луж. žagliś ’гарэць’, в.-луж. žehlić ’гарэць’, рус. дыял. жа́грить ’моцна паліць (печ)’, серб.-харв. жа̏грити ’паліць’, польск. дыял. żagawka ’куслівае насякомае’. Безлай (Jezik in slovstvo, 16, 1970/71, 4, 94–95) пастуліруе старажытнасць як žigati, так і žagati, што мае дастатковае абгрунтаванне, таму бел. жыгаць і жагаць не вынік нядаўніх фанетычных працесаў, а рэфлекс старажытных форм. Паходжанне кораня няяснае. Лічаць з і.-е. *dheg​k‑ ’гарэць’, аб чым гл. жгаць1, аднак прапанаваныя рашэнні нельга лічыць канчатковымі. Вакалізм кораня ўказвае на розныя чаргаванні: > > *a; > *i; > ь > ∅ > e > e/o; ō > а: жэгаць, жагаць, жыгаць, жгаць, жэгаць, укр. згага (гл. жага); два з іх прадстаўлены ў формах жыгаць, жагаць. Аб вакалізме жегѫ гл. яшчэ Іванаў, Славянский, балтийский і раннебалканский глагол, 1981, 129. Адносна кансанантызму ці не трэба бачыць у *gēg‑ > *žag‑ і г. д. рэдуплікацыю кораня, выкліканую экспрэсіўна-інтэнсіфікуючымі момантамі? Такім коранем мог быць *g​her‑ (параўн. гарэць, грэць, гаршок, гарачы), тым больш што ‑р‑ у серб.-харв. жа̏грити ’паліць’ тлумачаць (Скок, 3, 674) як «устаўное», магчыма, ад грејати ’грэць’; параўн. яшчэ жэгліць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жох1 ’прайдзісвет’ (ТСБМ). Рус. жох ’тс’. Улічваючы форму жег ’прайдзісвет’, якую Даль прыводзіць у гняздзе жечь, Шанскі (1, Д, Е, Ж, 296), як і Фасмер (2, 62), Праабражэнскі (1, 236), схіляецца да думкі пра сувязь з коранем жьг (гл. жога) і параўноўвае з прожженный, выжига, жиган. Хаця гэта этымалогія патрабавала б падтрымкі як у семантычных, так і ў фармальных адносінах, яна, магчыма, лепей, чым іншыя, напр., сувязь з жокер ’назва карты’ (< англ. ’падманшчык’) ці з цюрк. джок ’бядняк’ (Радлаў, Опыт, 4, 93), альбо шох ’цікавы, гуллівы, жартаўлівы’ (там жа, 1026). Гл. жох3.

Жох2 ’костка ў гульні’ (грозд., Нар. словатв., 269). Рус. дыял. жох ’адна са старон, палажэнне косткі ў гульні; сама костка; спіна, край’. Фасмер (2, 62), крытыкуючы няпэўную сувязь з жаць2, якую адзначыў Гараеў (111), недакладную паралель з польск. żoch ’страўнік’ (магчыма, з чэш. žock, žok < ням. Sack ’мех, мяшок’), выказвае нясмела думку пра магчымасць сувязі з жох1. Ці не трэба ўлічыць магчымасць сувязі з цюрк. джок, у некаторых мовах (напр., казах.) жок ’не, няма, згубленая рэч’ (Радлаў, Опыт, 4, 92–93)? Параўн. яшчэ Ціцэ (Tietze), Oriens, 10 (1957), 377.

Жох3 ’выклічнік, што ўказвае на раптоўнасць’ (полац., Нар. лекс., 26). Відаць, звязана з дзеяслоўным коранем *žьg‑ (гл. жага, жгаць). Параўн. укр. прожогом ’хутка, імкліва’. Гл. жох1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)