разгарну́ць, -гарну́, -го́рнеш, -го́рне; -гарні́; -го́рнуты; зак., што.

1. Раскрыць што-н. згорнутае, загорнутае, складзенае.

Р. сцяг.

Р. пакунак.

Р. газету.

2. Расхінуць, рассунуць.

Разгарнулі хлопцы прысак і дасталі печаную бульбу.

3. Выпрастаць, расправіць.

Р. свае плечы.

4. Раскрыць, распусціць.

Разгарнула пялёсткі шыпшына.

5. перан. Падрабязна выкласці, выказаць, апісаць.

Р. тэму сачынення.

6. перан. Даць магчымасць сілам, здольнасцям поўна і свабодна развіцца.

Р. талент.

7. перан. Павялічыць аб’ём, паглыбіць змест, зрабіць буйнейшым па жанры.

Байку пісьменнік паспрабаваў р. у вялікую аповесць.

8. Зрабіць, арганізаваць што-н. у шырокіх маштабах.

Р. спаборніцтва.

9. Падрыхтаваць да дзеяння, функцыянавання.

Р. выстаўку.

10. Размясціць у шырыню па лініі фронту, прыняць баявы парадак (спец.).

11. Начарціць на плоскасці паверхню геаметрычнага цела (спец.).

Р. мнагаграннік.

|| незак. разго́ртваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. разго́ртванне, -я, н.

Р. сюжэта рамана.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сло́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да слова, які складаецца са слоў. Слоўны матэрыял. Слоўнае багацце народа. □ Між песень, зафіксаваных на Беларусі М. Федароўскім, можна сустрэць нямала твораў украінскага паходжання, што шырока бытавалі на беларускіх землях у самабытным слаўным афармленні. Саламевіч.

2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе слоў; вусны. Кожны раз у самай гарачцы слоўнага турніру між рэжысёрам і драматургам, калі, здаецца, во-во вайна дойдзе да самага свайго найвышэйшага пункту і ад слоўнага яна прыме кулачны выгляд, — пан Вашамірскі стрымліваў іх імпэт. Бядуля.

3. Уст. Які мае адносіны да славеснасці. Важна адзначыць, што Кандрату Крапіве падуладны розныя слоўныя жанры. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папярэ́днік, ‑а, м.

1. Той, хто займаў якую‑н. пасаду, выконваў якія‑н. абавязкі раней каго‑н., перад кім‑н. Кожны новы старшыня сходу стараўся абмеркаваць тое ці іншае пытанне .. лепш, чым яго папярэднік. Паслядовіч. Прыехаўшы ў Любчу пяць год таму назад, Павел Арсеньевіч пасяліўся ў значна большым доме, дзе жыў яго папярэднік. Брыль. // Той, хто сваёй дзейнасцю падрыхтаваў дзейнасць каго‑н. іншага. У нясвіжскім «Катэхізісе» .. [Будны] прыводзіць цэлыя вытрымкі са скарынінскіх выданняў, не называючы, праўда, імя свайго вялікага папярэдніка. Алексютовіч. Працу ў жанры байкі Я. Купала, як і яго папярэднікі, пачаў з перакладаў. Казека.

2. Сельскагаспадарчая культура, якая займала поле перад пасевам якой‑н. культуры. Шматгадовыя травы — найлепшы папярэднік ільну-даўгунцу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спецыялізава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак. і незак.; на чым, па чым, у чым.

1. Набыць (набываць) спецыяльныя веды, навыкі ў якой‑н. галіне навукі і тэхнікі; набыць (набываць) якую‑н. спецыяльнасць. Проста Алік нават уяўлення не меў аб зборным жалезабетоне; ён спецыялізаваўся ў інстытуце на мантажы катлоў і турбін. Дадзіёмаў. На рэдакцыйнай лятучцы Мацвей Кірылавіч пахваліў мяне і нават выказаў думку, ці не варта мне наогул спецыялізавацца ў гэтым жанры [фельетоне]. Сабаленка.

2. Дзейнічаць, развівацца ў выразна акрэсленым кірунку; мець спецыяльнае прызначэнне. Калгас спецыялізуецца па вытворчасці мяса і малака. «ЛіМ». Перад нашай рэспублікай, якая спецыялізуецца на жывёлагадоўлі, стаяць вялікія задачы па значнаму павелічэнню вытворчасці мяса, малака; яек. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

празаі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да прозы (у 1 знач.). Побач з паэзіяй і драматургіяй усё большае развіццё атрымліваюць празаічныя жанры, асабліва раман. Адамовіч.

2. Будзённы, абмежаваны вузка практычнымі інтарэсамі. Якая там можа быць рамантыка, калі перад табой такія празаічныя турботы! Шамякін. Калі парыў самахвалення Улёгся ў Вогуце, апаў, Ён перайшоў ад летуцення Да празаічных, шэрых спраў. Колас. // Пазбаўлены паэтычнасці, узнёсласці. Кожнаму з нас даводзілася бачыць, як адзін самую, здавалася б, празаічную працу робіць з душой і натхненнем, а другі нават там, дзе без натхнення ніяк не абысціся, працуе як мокрае гарыць. Шкраба. [Зоя] прынцыпова не хацела гуляць з хлопцамі са свайго курса інстытута — лічыла іх вельмі празаічнымі. Арабей.

3. Дзелавы, практычны. Анцыпік быў чалавек празаічны, практычнага складу характару. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да эпасу (у 1, 2 знач.). Паэма «Янук Сяліба» [М. Танка] — эпічнае палатно, дзе праўдзіва паказваецца жыццё беларускай вёскі ў першыя гады Вялікай Айчыннай вайны. «Беларусь». // Які напісаны ў форме эпасу, з’яўляецца эпасам. Эпічная песня. Эпічны твор. □ Якуб Колас з’яўляецца паэтам шырокага літаратурнага дыяпазону, выдатным празаікам, творцам вялікіх эпічных паэм. «Полымя». Творы паэта [М. Танка].. узбагацілі ўсе яе [беларускай літаратуры] вельмі разнастайныя паэтычныя жанры, пачынаючы ад эпічнай сюжэтнай паэмы і канчаючы лірычнай мініяцюрай. Бугаёў. // Уласцівы эпасу. Эпічны стыль. □ Янка Купала змог жыва і адчувальна перадаць эпічную шырыню і глыбокую народнасць, фальклорную аснову «Слова аб палку Ігаравым». Палітыка. Любіў Максім Багдановіч народную песню за яе меладычнасць, эпічны размах і лірычную цеплыню. Майхровіч. // Поўны значнасці, гераізму, які можа быць адлюстраваны ў народным эпасе. Эпічны працоўны гераізм Аляксей Максімавіч Горкі раіў браць савецкім пісьменнікам у аснову сваёй творчасці. «Полымя».

2. Спакойны, не ўсхваляваны; без эмоцый. — Чаму не хочаш? — мяне здзіўляе ўжо не самы адказ, мяне здзіўляе эпічны Шуркаў тон. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэатра́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тэатра (у 1–3 знач.). Тэатральнай мастацтва. Тэатральная зала. □ У канцы залы ўзвышаўся памост накшталт тэатральнай сцэны, адгароджанай ад публікі моцным, хоць і нясклёпістым бар’ерам. Колас. [Вецер] зрываў з галавы ў Будніка шапку, шырока расхрыстваў полы паліто і сярдзіта рваў са сцен тэатральныя афішы. Галавач. // Звязаны з тэатрам, з дзейнасцю яго. Тэатральная крытыка. Тэатральны часопіс. Тэатральны сезон. □ Тым не менш .. дэбют [Мележа] ў новым жанры не прайшоў незаўважаным тэатральнай грамадскасцю. Гіст. бел. сав. літ. // Прызначаны для тэатра, сцэны. Тэатральная музыка. □ Я ўявіў сабе фантастычны лес, нібы тэатральную дэкарацыю да казкі. Бядуля. У Адэсе мы пакінулі ўсю сваю тэатральную маёмасць і ў двухкласных вагонах рушылі на поўнач. Рамановіч. // Прызначаны для падрыхтоўкі акцёраў, спецыялістаў тэатра. Тэатральнае вучылішча. Тэатральная студыя.

2. Характэрны для тэатра; умоўны, штучны. Тэатральныя прыёмы.

3. перан. Які вызначаецца тэатральнасцю (у 2 знач.). Тэатральная поза. □ Аднойчы, калі ён быў асабліва пануры, сінявокае, светлакосае дзеўчаня, зачапіўшы яго, адбеглася і, стаўшы ў позу, прамовіла: — О, Алекс!.. Сарвалася з тэатральнага тону, пырснула звонкім смехам і пабегла. Брыль.

•••

Тэатральныя падмосткі гл. падмосткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)