дзіця, дзіцё, дзіцянё, малое, малыш, малеча / дашкольнага ўзросту: дашкольнік; дзяціна (разм., ласк.); карапуз (разм., жарт.); дзіцёнак (абл.); паўзун (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

прыкаці́ць 1, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак. каго-што.

1. Коцячы, наблізіць, даставіць куды‑н. Прыкаціць бервяно. □ Янушак .. шмыгнуў у бочку з-пад салідолу, якую прыкаціў быў некалі да кароўніка Рыбалтоўскі, каб укапаць яе і паліць вадой. Дайліда. // што. Даставіць саматугам куды‑н. (воз, матацыкл і пад.). У гэты ж дзень да .. [механіка] прыкаціў свой веласіпед Несцер Ігнатавіч. Дубоўка. Пакуль настаўнік прыкаціў свой матацыкл да возера, на беразе ўжо гарэў касцёр. Скрыпка.

2. Разм. Прыехаць, прыбыць. Прыкацілі мы ў гарадок на самай лепшай трафейнай машыне. Якімовіч. І вось у бліжэйшую нядзелю пачалі з’язджацца сваякі. Першы прыкаціў у размаляваным вазку дзед Юрка з бабаю Крысяю. С. Александровіч. Аўтобус, нарэшце, прыкаціў, з яго выйшлі пасажыры, што прыехалі з горада. Васілёнак.

прыкаці́ць 2, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак., каго.

Разм. Нарадзіць, прывесці. — Маладзец, сына прыкаціла, — сказала бабка, калі дзіцянё закугакала ў яе на руках. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыдушы́ць, ‑душу, ‑душыш, ‑душыць; зак.

1. каго. Пазбавіўшы магчымасці дыхаць, выклікаць чыю‑н. смерць; задушыць. Уначы [Вуйскі] прыдушыў .. фашыста і, забраўшы ўсе дакументы, выехаў на яго машыне. Шамякін. Браток абяцаў памагчы сваёй далёкай сваячцы, а як сцямнела, заманіў на выган і прыдушыў яе. Асіпенка.

2. каго. Прыціснуўшы, забіць каго‑н. або нанесці траўму, пашкоджанне каму‑н. Урэшце ўсё гэта надакучыла ільву, і ён прыдушыў дзіцянё сваёй цяжкай лапай. Маўр. Некалькі з іх [бярвёнаў] абвалілася, прыдушыўшы тэлефаніста. Мележ. / у безас. ужыв. — Браткі, таварышы! — закрычаў Чыжык. — Прыдушыла! Ратуйце! Лупсякоў. // Прыціснуўшы, сціснуўшы, задушыць (насякомае). На потную нагу сеў авадзень. Пані халатам прыдушыла яго. Бажко.

3. перан.; каго. Давесці да стану прыгнечанасці; падзейнічаць прыгнятальна. Адчуванне адзіна зручнай і безнадзейна ўпушчанай магчымасці зусім прыдушыла .. [Рыбака]. Быкаў.

4. перан.; што. Не даць магчымасці праявіцца, развіцца (з’яве, пачуццю, адчуванню і пад.). Прыдушыць смех. □ У мяне і ў самога слёзы падпіралі пад самае горла, але я іх прыдушыў у сабе і сказаў як мага спакайней: — Не трэба, мама, плакаць. Сабаленка. Неўтаймоўную дзіцячую фантазію [Генькі] не прыдушыла жалезная пята вайны. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ток 1, ‑у, м.

1. Рух электрычнага зараду ў правадніку; электрычная энергія. Ток высокай частаты. Сіла току. □ Калі ў шэсць гадзін раніцы немцы давалі ток у дэпо, жыхары барака, у якім жыла Баран, збіраліся паслухаць апошнія навіны з Масквы. Новікаў.

2. пераважна мн. (то́кі, ‑аў). Пра нервовую энергію чалавека, якая ўспрымаецца іншымі людзьмі. Ад яго ішлі нейкія токі, што заражалі іншых энергіяй і ўздымам. □ [Маша] кахала .. [Яроша] глыбока, тайна, безнадзейна. І вось наступіў момант, можа, адзіны і непаўторны, калі і ён пачуў токі гэтага кахання. Шамякін. // Паток нервовай энергіі, нервовае напружанне, узбуджэнне. Дзяўчына не паспела дагаварыць: асляпляльная маланка запаліла ўсё неба, і тут жа ўдарыў такі траскучы і рэзкі пярун, што Русіновіч адчуў, як па целе ў яго прабег лёгкі ток. Дамашэвіч.

•••

Блукаючыя токі — электрычныя токі, якія праходзяць у зямлі пры выкарыстанні яе як токаправоднага асяроддзя.

Выпраміць ток (спец.) гл. выпраміць.

Пастаянны ток — электрычны ток, напрамак і сіла якога не мяняюцца.

Пераменны ток — электрычны ток, напрамак і сіла якога перыядычна мяняюцца.

Трохфазны ток — сістэма трох аднафазных токаў аднолькавай частаты і амплітуды, але якія адрозніваюцца па фазе на 1/3 перыяду.

ток 2, ‑а, м.

1. Спецыяльны будынак для складвання, абмалоту і ачысткі збожжа; гумно. Адразу ставілі некалькі будынкаў: ток, пуню, хлеў. Бядуля. // Пляцоўка для абмалоту збожжа. Вялікі бурт пшаніцы, аж пад неба, На палявым таку ляжаў. Корбан. Ехалі людзі з-за Вільні, зараз едуць з-пад Вільні. А многія з іх, напэўна,.. аралі папар, кляпалі косы, магчыма, раўнялі ток у гумне. Гартны.

2. Абл. Земляная падлога (звычайна гліняная). Грукнулася дзіцянё лобікам аб гліняны ток. Сіняк на ўвесь лобік. Крапіва. У гэту самую хвіліну Мацвей соладка спаў у сенцах на голым таку. Лобан.

ток 3, ‑у, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. такаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сагну́цца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; ‑гнёмся, ‑гняцеся; зак.

1. Выгнуцца, прыняць форму дугі. Цвік сагнуўся. □ Карн быў вялізны, бо лёска напялася, як струна, а вудзільна сагнулася ў дугу. Рунец. Яловыя лапкі стомлена сагнуліся пад цяжарам снегу. С. Александровіч. І перш, чым у новы тунель уцягнуцца, Цягнік дасць гудок і сагнецца дугой, Нібы хоча ён на тунель азірнуцца, Які ўжо знікае за шызай смугой. Гаўрусёў.

2. Сагнуць спіну; нагнуцца. Цёмныя фігуры выбеглі на сноп пражэктара, сагнуліся над тым месцам, дзе хлопцы заклінілі стрэлкі. Жычка. [Хурс] сагнуўся напалам, уваходзячы ў карчомныя сенцы. Чорны. // Нахіліцца ад цяжару, мукі, болю. Сцішыўшы крок, Аксіння, здаецца, яшчэ больш сагнулася пад сваёй ношай, каб нікога не бачыць, каб да яе не загаварылі. Ракітны. // Скласціся пад вуглом у суставе. Рука сагнулася ў локці.

3. Згорбіцца ад старасці, скурчыцца ад сцюжы, хваробы, ссутуліцца і пад. Не той быў цяпер Глушак: пасушэў яшчэ, сагнуўся, як груган, ссівеў нашчэнт. Мележ. Палкана старасць даканала. Сагнуўся ён, падціснуў хвост, сапсеў. Корбан. // перан. Стаць спарахнелым, трухлявыя (пра будынкі і пад.). Хата шчытам сваім сагнулася. Баранавых.

4. перан. Пакарыцца чыёй‑н. сіле, прымірыцца з чым‑н., адмовіўшыся ад барацьбы. Ды толькі не здаўся народ Беларусі, Не стаў на калені, не паў, не сагнуўся, А ворага стрэціў ударам мяча. Броўка. І ад таго, што гэтае дзіцянё не сагнулася і не сагнецца і ідзе сабе моцна па дарозе, — стала мне радасна. Чорны.

5. Стаць скарабачаным, пагнутым. У агні жалеза сагнулася. Бляшанка сагнулася. □ Размахнуўся.. [старэйшы брат], грукнуў булавою — толькі булава сагнулася. Якімовіч.

•••

Сагнуцца ў дугу — скарыцца; стаць пакорным, угодлівым. Ён не хапае з неба зорак, Умее ўслужыць, умее памаўчаць, Умее ўсміхнуцца ветліва, лагодна, Паведаміць начальству радасную навіну, Сагнецца ў дугу прад ім ахвотна, А сябру ў бядзе дасць кухталя ў спіну... Валасевіч.

Сагнуцца ў тры пагібелі — а) вельмі нізка нахіліцца; сагнуцца; б) перан. праявіць празмерную ўгодлівасць.

Сагнуцца крукам; сагнуцца ў крук — а) моцна выгнуцца, заўзята працуючы; б) перан.; стаць рабалепным, уніжаным перад кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)