смала́, ‑ы; мн. смо́лы, смол; ж.

1. Ліпкі пахучы сок, які выдзяляецца хваёвымі і некаторымі іншымі раслінамі. Свеціць сонца. Смала Пацякла дзе-нідзе Па хваёвых ствалах. Бядуля. У пакойчыку было цёпла, ціха, утульна. Пахла смалою свежага дрэва. Колас.

2. Цёмнае вязкае з непрыемным пахам арганічнае рэчыва, якое ўтвараецца пры сухой перагонцы дрэва. Мора сіняе прымчыць да нас вадой Бутэльку к берагу, аблітую смалой, Усю ў дробных ракаўках і ціне. Багдановіч. [Максім:] «Бацькава чайка — старая: смалы і часу на канапачанне спатрэбіцца больш, чым уся яна варта». Брыль. Дзям’ян Хрысцюк і Тодар Касцецкі з другімі мужчынамі тоўстай «бабай» з бярозавага камля заганялі чорныя, вымазаныя смалою палі. Дуброўскі.

3. Разм. Пра назойлівага, надакучлівага чалавека. Не хацелася .. [Сідараву] аддаваць сваю вушанку чужому хлапцу. Але ж гэты чорны прыстаў... Смала, а не чалавек... Чыгрынаў. — Ну і смала ж ты, — пакруціў галавой стары. — Я ж сказаў, што і табе не варта ведаць. Ляўданскі.

4. Спец. (пераважна мн. смо́лы, смол). Спец. Назва некаторых арганічных рэчываў, якія атрымліваюцца сінтэтычным шляхам і выкарыстоўваюцца ў вытворчасці лапу, пластмасы і для іншых мэт. Сінтэтычныя смолы. Каменнавугальная смала. Тарфяныя смолы.

•••

Шавецкая смала — цёмнае вязкае рэчыва для прасмолкі дратвы.

Ліпнуць смалой гл. ліпнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штык 1, ‑а, м.

1. Халодная колючая зброя ў выглядзе вялікага нажа, якая насаджваецца на канец ствала вінтоўкі, карабіна, аўтамата. Дзям’ян яшчэ раз нырнуў штыком.. [ворага] ў грудзі і, забраўшы зброю, выйшаў на ганак. Кавалёў. Напарнік тым часам вырваў штык з кудзелі, адступіўся ў сенцы, завярнуў вінтоўку штыком наперад і рынуўся ў хату. Лецка. // перан. Ужываецца для абазначэння ваеннай сілы як сімвал яе. Браты, мы ведаем — Няроўнае змаганне: Супроць вас штык, Астрогі, катаванне. Колас. Бізун, штык і куля царскіх катаў пераконвалі сялян, што памешчыкі і чыноўнікі дзейнічаюць заадно. Лушчыцкі. // У спорце — плоская сталёвая пласцінка з шляпкай ці цыліндрам на тонкім канцы, якая надзяецца на ствол стрэльбы, карабіна. Фехтаванне на штыках.

2. Спец. Узброены баец, салдат (ужываецца як адзінка падліку пяхоты). Як атрад партызанскі ішоў з баёў, Небагата ў атрадзе было штыкоў: Хто скалечаны, Хто паранены... Лужанін.

•••

Прымкнуць штык гл. прымкнуць.

Падняць (узняць) на штыкі гл. падняць.

Сустрэць (прыняць) у штыкі гл. сустрэць.

Як штык — поўнасцю, зусім (гатовы да чаго‑н., здаровы і пад.).

[Ад польск. sztych.]

штык 2, ‑а, м.

Спец. Асобы марскі вузел пры звязванні тоўстых вяровак, канатаў.

штык 3, ‑а, м.

Пласт зямлі на глыбіню палатна рыдлёўкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́сціць, пешчу, песціш, песціць; незак.

1. каго. Любоўна даглядаць, гадаваць каго‑н. Нічога асаблівага [Аўстра] не жадае: самой хадзіць па хаце, завіхацца каля печы, карміць і песціць дзяцей. Кучар. // пераважна з адмоўем «не». Ствараць для жыцця, дзейнасці каго‑н. вельмі спрыяльныя ўмовы. Лёс не песціў вандроўнікаў космасу. Гамолка. Жыццё дарэмна іх [дзяўчат] не песціць, Яны не ў кветніку цвітуць. Пысін. Як малодшую, .. [Зіну] песцілі можа больш, чым трэба было, не адмаўлялі ні ў чым, хаця ў хаце было не густа. Шыцік. // Патураць усім жаданням каго‑н., балаваць; распешчваць. Песцяць дачку, псуюць яе. Як жа, адзіная дачка, толькі ёю і дыхаюць. Лынькоў. // перан.; што. З любоўю даглядаць, ахоўваць што‑н. Думаў Дзям’ян пра шмат што: пра зямлю, якую песціў і любіў; пра дом свой, пабудаваны за савецкія часы. Кавалёў. Старыя любяць сваю справу, старанна даглядаюць машыну, песцяць яе. Шынклер.

2. каго. Праяўляць ласку, лашчыць, галубіць каго‑н. Аляксей часта браў Люду на калені, песціў, гаварыў з ёю. Мележ. Славік пайшоў па руках, яго песцілі, падкідалі, як мячык. Гурскі.

3. перан.; каго-што. Дзейнічаючы на органы пачуццяў, выклікаць прыемныя адчуванні (пра вецер, сонца і пад.). Вецер песціць твар. □ Карціны роднага беларускага пейзажу мільгалі адна за другой, песцячы погляд мяккасцю і разнастайнасцю фарбаў. Васілевіч. Сонца, быццам знарок, свеціць проста ў твар, сагравае цябе, песціць. Лупсякоў.

4. перан.; што. Жадаць здзяйснення чаго‑н. прыемнага; пялегаваць. Песціць надзею ў сэрцы. Песціць мару. □ Кожны глядзеў на полымя, песцячы свае пакуль нікому не адкрытыя думкі. Пестрак.

•••

Песціць вочы — пра што‑н. прыгожае, прыемнае на выгляд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)