руль, ‑я, м.

1. Прыстасаванне для кіравання рухам судна, самалёта, аўтамабіля і пад. у зададзеным кірунку. Руль камбайна. Руль трактара. □ Дзядзя шафёр трымаецца за руль і глядзіць толькі наперад, у акно. Брыль. Назар заняў сваё ранейшае месца за рулём і ўпэўнена павёў машыну ўзнімаць новыя скібы. Паслядовіч.

2. перан. Кніжн. Пра органы кіравання, кіраўніцтва чаго‑н. Руль дзяржаўнага кіравання. □ О Беларусь мая, ён [Ленін] даў тваім сынам Дзяржаўны руль, братэрскай дружбы сілу, А мове, песням іх — узмах арліны крылаў. А. Александровіч.

•••

Лева руля гл. лева.

Права руля гл. права.

[Ад гал. roer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зрэ́зацца, зрэ́жуся, зрэ́жашся, зрэ́жацца; зак.

1. Прытупіцца, пакарацець ад доўгага карыстання. Нож зрэзаўся.

2. перан. Разм. Не здаць экзамена. Аркадзю пасля таго, як ён зрэзаўся пры паступленні ў педагагічны інстытут, нават боязна было і падумаць паступаць яшчэ куды-небудзь. Сабаленка.

3. з кім і без дап. Разм. Уступіць у спрэчку, сварку; схапіцца. Нешта бацькава было і ў характары Евы... Так схопіцца, так зрэжацца, аж шмаццё ляціць. Ермаловіч. // звычайна жарт. Заўзята згуляць з кім‑н. у якую‑н. гульню. Дзядзя Ваня.. любіў «зрэзацца» з заўзятымі класнымі шахматыстамі. Якімовіч.

4. Дакрануўшыся да каго‑, чаго‑н., паляцець убок (пра мяч, шар). Мяч зрэзаўся ў вароты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ох, выкл.

1. Выражае спалох, боль, адчуванне палёгкі і пад. [Маці:] — Ох, і стамілася я за дзень, Толік!.. Пакуль з гаспадаркай управілася ды грубку распаліла, і час непрыкметна прайшоў... Каршукоў. — Ох, божухна мой, божухна, — ніяк не магла маці дрыжачымі ад страху рукамі зашпіліць апошні гузік у .. [Лёнькі] на грудзях. Капыловіч.

2. Ужываецца пры выказванні, якое мае адценне шкадавання, незадавальнення і пад. Ох, паплыў бы я, здаецца, Хмаркі, разам з вамі, Каб на вёску сваю глянуць Нуднымі вачамі. Колас. — Ох, і не любіце вы, дзядзя Міша, спорт! — дакорліва ківаў галавою Смаляк. Паслядовіч. // Ужываецца пры выражэнні здзіўлення, захаплення і пад. Ох, суседка ж у мяне, Дайце ж, людзі, рады! Глянеш — сэрца растае, А я ж ёй не рады. Русак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́шта 1, нечага, нечаму, нешта, нечым, аб нечым, займ. неазначальны.

1. Невядома, незразумела што. Дзядзя Косця сядзеў за сталом і нешта пісаў. Шчарбатаў. Мікола нешта сканфужана прамармытаў і, прыгнуўшыся, пайшоў з пакоя. Даніленка. // Што‑н. неакрэсленае, пакуль што няяснае; штосьці. Дзедаваму цярпенню прыходзіў канец — трэба кудысьці ісці, трэба нешта рабіць. Колас. Лукаша як быццам нешта затрымлівала. Кавалёў.

2. звычайна ў Н і В. Нейкі прадмет, з’ява, пачуццё і пад. Нешта паставіў [бацька] на стол, зняў пінжак, потым зачэрпнуў конаўкай вады з вядра, выпіў. Кандрусевіч. У далечыні сіняваты лес, вада і неба зліваюцца ў нешта адно. Ермаловіч. / Тое ж з азначэннем. На забалочанай сенажаці з’явілася з туману нешта цёмнае, жывое і набліжаецца да лесу. В. Вольскі. Нешта казачнае бачу я ў багатых колерах неба... Бядуля.

не́шта 2, прысл.

1. Чагосьці, чамусьці, невядома чаму. Нешта нездаровіцца. □ Неўзабаве мы бачылі, як двое селі на воз і нешта вельмі высока сядзелі на ім. Чорны. [Максім:] — Ды нешта ты, Сяргей, раптам загаварыў, як па-пісанаму. Машара.

2. (у спалучэнні з прыназ.). Прыблізна. Штодня нешта пад восем гадзін па нашу брыгаду ў Лазюкі прыязджаў грузавік. Вышынскі. Ужо асушана нешта каля пяцісот гектараў, а экскаватарчыкі нястомна ўсё ідуць, усё чэрпаюць глыбінныя пласты палескай зямлі. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

салі́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Моцны, добра зроблены. Салідная пабудова. □ Слухаючы гаворку пра зямельныя ўчасткі, салідныя катэджы і плантацыі агрэсту альбо трускалак, Кірыла з’едліва ўсміхаўся. Паслядовіч.

2. Які вылучаецца грунтоўнасцю, глыбінёй, сур’ёзнасцю. Салідная адукацыя. Салідны вопыт работы. □ Работа выглядала саліднай, усё гучала ў ёй пераканаўча і па-навуковаму. Арабей. Адным словам, я [Генадзь Залужны] зрабіўся сапраўдным патрыётам Поўначы і меў намер зноў вярнуцца туды, але затым, каб паступіць у інстытут, набрацца ведаў, атрымаць салідную спецыяльнасць і толькі тады, ну, можа, на апошніх курсах інстытута, ажаніцца. Радкевіч.

3. Які заслугоўвае давер, з добрай рэпутацыяй, аўтарытэтам. Салідная ўстанова. □ Нізкі, тоўсты, з адрастаючым жывоцікам,.. [Сабалеўскі] хутчэй нагадваў прыказчыка ці коміваяжора саліднай гандлёвай фірмы, чым пасла беднага беларускага сялянства ў польскім Сейме. Машара. // Які карыстаецца аўтарытэтам, павагай; вядомы (пра чалавека). Салідны архітэктар. □ [Чарнавус:] А я вас, Аляксандр Пятровіч, цяпер ужо зусім разумею. Да гэтага дня я думаў, што маю справу калі не з салідным вучоным, дык, па крайняй меры, з сумленным чалавекам. Крапіва.

4. Важны, паважны, самастойны (пра чалавека). Тут сядзіць і пан Длугожыц. .. Усё яго аблічча паказвае на арыстакратычнасць яго рода. Ён салідны і павольны, ва ўсім захоўвае меру і пачуццё свае годнасці. Колас. // Уласцівы такому чалавеку, характэрны для яго. Салідны тон. // Які надае важнасць, мае значны памер (пра рэчы). Аранжавы непаседа паварочваецца да нас і, здаецца, вось-вось замурлыча і паварушыць даволі-такі саліднымі вусамі. Брыль. [Іне] падабаліся яго густыя чорныя бровы, чысты ружаваты твар і даволі салідны чуб. Ваданосаў.

5. Мажны, вялікі (пра фігуру чалавека). Завуч наш быў чалавек саліднай камплекцыі, і на ўсіх худых і тонкіх меў свой від. Ермаловіч. — А вы хто такі, уласна, будзеце? — пытаўся дырэктар, акідваючы позіркам салідную, міжвольна выклікаючую павагу, постаць Яўмена Фаміча. Краўчанка.

6. Не вельмі малады, сталы. Салідны ўзрост. □ З вамі на прадвесні Я, салідны дзядзя, Пеў бы, здэцца, песні, У піянератрадзе. Крапіва.

7. Значны па велічыні, памеру, сіле і пад. Салідны капітал. □ Праз тыдзень я [Мікола Бароніч] пад’ехаў да рэдакцыі амаль на новай машыне, а рэдактару аддаў рахунак на салідную суму. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)