Та́чка ’каляска на адным коле, якую штурхаюць перад сабой’ (ТСБМ, Арх. Вяр.), ст.-бел. тачка ’тачка’ (1679 г., КГС), ’невялікі вазок’ (Сл. ПЗБ). Укр., рус. та́чка ’вазок на адным коле’, польск. taczka, часцей мн. л. taczki ’тс’, ст.-чэш. táčka, чэш., славац. táčky мн. ’тачка (для пяску); двухколка’, серб.-харв. та̀чке, та̏чке ’тс’. Прасл. *tačьka ’павозка, вазок’ ад прасл. *tačati ’перасоўваць (на колах, куляючы і пад.)’, параўн. стараж.-рус. такати ’гнаць, паганяць’, пазней тачати ’тс’, тачити ’гнаць; ездзіць’, польск. taczać ’пасоўваць нешта круглае, куляць’, з суф. ‑ьk‑a (Борысь, 625).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бры́чка 1 ’павозка, выязная павозка, экіпаж’ (БРС, Сцяшк. МГ, Інстр. I, Бесар.). Рус. бри́чка ’тс’ (з укр. мовы; Шанскі, 1, Б, 198), укр. бри́чка, бри́ка. З польск. bryczka < ням. Birutsche ’лёгкая павозка’ < італ. biroccio, baroccia ’двухколка’. Праабражэнскі, 1, 46; Бернекер, 93; Фасмер, 1, 215; Слаўскі, 1, 45. Іншыя (менш пераканаўчыя) версіі гл. Фасмер, там жа.
Бры́чка 2 ’бручка’ (ДАБМ, 859), бры́ква, бры́кса, брыку́ха (аб распаўсюджанні гл. ДАБМ, № 276). Усе гэтыя назвы (з ‑ы‑ замест ‑у‑) сустракаюцца галоўным чынам на поўдзень ад Бабруйска. Відавочна, нейкая нерэгулярная фанетычная змена (замест бру́чка, бру́ква, бру́кса і г. д.). Экспрэсіўная? Параўн., напр., блутаць — блытаць у дзеясловах. Таксама і ў рус. гаворках (смал.) бры́кса ’бручка’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
перадо́к, ‑дка, м.
1. Тое, што і перад 1 (у 1 знач.).
2. Пярэдняя палавіна калёс, саней і пад. [Стараста] стаяў на каленях у перадку рысоркі і дзвюма лейчынамі люта сцябаў і без таго ўзмыленых коней. М. Ткачоў. Стукаюць камякі снегу аб перадок, вішчаць і спяваюць палазы. Хомчанка. // Пярэдняя развадная частка калёс, машын і пад. Каваль.. з ранку да вечара рамантаваў са сваімі памочнікамі плугі, бароны, перацягваў колы, акоўваў перадкі. Курто. Перад.. [Святланаю] ляжаў коламі ўверх перадок газіка. Кулакоўскі.
3. Двухколка са снараднай скрыняй, прызначаная для перавозкі гармат. «Саракапятчыкі» — маладыя загарэлыя хлопцы з голенымі галовамі — адчапілі сваю гармату ад перадка і пакацілі. Карпюк.
4. звычайна мн. (перадкі́, ‑оў). Тое, што і перад (у 3 знач.). Бот з хромавымі перадкамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Тарада́йка 1 ’воз, калёсы, брычка’ (драг., Нар. лекс.), ’таратайка, лёгкая павозка’ (Байк. і Некр.), ’лёгкі летні вазок’ (Нас.), ’двухколка’ (ТС), ’воз на двух колах для выезду ў поле; стары, паламаны воз’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’разбіты воз’ (драг., Ск. нар. мовы), тарадэ́йка ’старая рэч’ (Шатал.), ’вазок’ (Касп.), ’стары, пабіты грузавік’ (Яўс.). Параўн. укр. тарада́йка ’лёгкі двухколавы вазок’, польск. дыял. taradajka, taradejka ’брычка’. Гл. тарата́йка.
Тарадайка 2 ’кошык з сасновай дранкі’ (Сл. Брэс.), ’чатырохвугольная каробка для ягад, грыбоў, зробленая з дранкі, ’двухкалёсны вазок; трашчотка’ (ТС), тарадэ́йка ’від трашчоткі’ (Др.-Падб., Стан.), ’прылада ў выглядзе шасцярні і дошчачкі, каб утвараць шум, трэск’ (Варл.), ’балбатун’ (Рагаўц., Мат. Маг.), ’балаболка’ (Шатал.), ’частушка’ (Мат. Гом.). Вытворныя ад дзеясловаў гукапераймальнага паходжання, параўн. выклічнік польск. дыял. tarada! (здагадка), taradáj ’балбатун, трапло’, taradajka, taradejka ’трашчотка; шумлівая баба’, гл. тарадахаць, тарадэіць і пад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)