заслу́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад заслужыць.

2. у знач. прым. Дасягнуты працай, заслугамі. Заслужаная ўзнагарода. Заслужаная падзяка. Заслужаны адпачынак. // Атрыманы ў адпаведнасці з паводзінамі, учынкамі; справядлівы. Заслужаная кара. Заслужаная помста. Заслужаны дакор.

3. у знач. прым. Які мае вялікія заслугі; паважаны, ганаровы. Заслужаны чалавек. Заслужаны працаўнік. // Уваходзіць у склад ганаровага звання, якое прысвойваецца ўрадам за заслугі ў галіне навукі, мастацтва, спорту і пад. Заслужаны дзеяч культуры. Заслужаны майстар спорту. Заслужаны настаўнік рэспублікі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нязна́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Невялікі па колькасці, велічыні, сіле і пад. Нязначная сума грошай. Нязначны шум. □ Часамі Лабановічу здавалася, што школа адстае, што вынікі дасягнуты нязначныя. Колас. Гарадок [Лунінец] малады. Да правядзення чыгуначных шляхоў гэта быў зусім нязначны пасёлак. В. Вольскі.

2. Які не мае істотнага значэння; малаважны. Нязначныя змены. □ Уся сям’я сядзела за вячэрай, гаварылі аб самых нязначных справах. Васілевіч. Спадарожнікі перакідваюцца адзін з адным нязначнымі словамі, жартамі. Сабаленка. // Які не прыносіць вялікіх цяжкасцей. Нязначная просьба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэко́рд, ‑а, М ‑дзе, м.

Найлепшы вынік, дасягнуты ў спорце, у працы і пад. Асаблівы поспех выпаў на долю юнака ў чырвонай майцы.. У суме дзесяці відаў праграмы юнак устанавіў новы рэкорд рэспублікі. Шыцік. У класе спрачаліся на тэму: што такое гераізм і ці з’яўляецца гераізмам рэкорд Алёшы Касцянка на камбайне? Шамякін. На кончыках пальцаў трэба было падымацца і апускацца дванаццаць разоў. Гэта лічылася рэкордам. Колас. // перан. Разм. Вышэйшая ступень праяўлення чаго‑н.

•••

Пабіць рэкорд гл. пабіць.

Ставіць рэкорд гл. ставіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перамо́га, ‑і, ДМ ‑мозе, ж.

1. Поспех у змаганні (вайне, баі і пад.). Адгрымелі салюты ў гонар перамогі. Шахавец. І там гараць нямецкія танкі. Вялікая перамога над ворагам. Чорны. І на палях варожых бой Мы перамогай закончым. Танк. // Поспех у працоўным або спартыўным спаборніцтве. Дабіцца перамогі ў сацыялістычным спаборніцтве. // Поспех у ажыццяўленні чаго‑н., дасягнуты ў выніку барацьбы, пераадолення якіх‑н. цяжкасцей. Перамога сацыялістычнага ладу. Перамога справы міру. Вытворчыя перамогі.

2. Поўны поспех, трыумф. Перамога ідэй ленінізма.

•••

Пірава перамога — перамога, здабытая вялікімі ахвярамі і таму роўная паражэнню (ад гістарычнай падзеі — перамогі эпірскага цара Піра над рымлянамі, якую ён атрымаў цаной вялікіх ахвяр).

Скласці (аддаць, узлажыць, прынесці) што на алтар перамогі гл. скласці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)