Па́трыць ’шукаць, выглядаць’ (браг., Шатал.). Укр. патраты ’ачышчаць птушак ад пер’яў, свіней ад шэрсці’, рус. кастр. патратьдаражыць, берагчы’, польск. patrzeć ’глядзець, звяртаць увагу, выглядаць, сачыць, клапаціцца’, чэш. patřiti ’належыць’, opatrovati ’ахоўваць, пільнаваць’, славац. patriť ’тс’, patrať ’сачыць, вышукваць’, серб.-харв. патраты ’тс’, ’быць карысным’, patriti ’выпадаць на долю’, opatriti ’забяспечыць чым-н.’, балг. патры’, ’варажыць, загаворваць ад уроку’. Прасл. patriti ’глядзець, ’клапаціцца, берагчы’, роднаснае са ст.-інд. pūti ’ахоўвае, сцеражэ’, patar ’захавальнік’ (Лекаў, SOc, 1933, 12, 138–140; Фасмер, 3, 217), з’яўляецца раннім скіфа-сармацкім запазычаннем, параўн. ст.-іран. pairai ’ахоўваць, сцерагчы, валодаць’ (Трубачоў, Этимология–1965, 47–50; Мартынаў, Язык., 47). Гэты іранізм пашырыўся ў асноўным у зах.-слав. мовах, уступіўшы ва ўзаемадзеянне з тагачасным абсалютным сінонімам прасл. blʼusti, пашыраным на ўсходзе і поўдні Славіў параўн. бел. блюдкі ’беражлівы’, ’які заўсёды можа і мае чым пачаставаць госця’. Можна згадзіцца з Булыкам (Лекс. запазыч., 127) у тым, што ст.-бел. патраты ’глядзець’ (1501 г.) было запазычана са ст.-польск. patrzyć ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цані́ць, цаню, цэніш, цаніць; незак., каго-што.

1. Вызначаць грашовы кошт тавару, назначаць цану. Колькі вы цэніце гэты дыван?

2. Даваць ацэнку; ацэньваць. — Цаніць ты маеш права І недруга і друга Па іх сапраўдных справах, Па іх жывых заслугах. Глебка. — Камуніста мы цэнім па рабоце. Алешка. // Лічыць значным, важным, каштоўным; прызнаваць высокія якасці каго‑, чаго‑н. Практыка даўно навучыла .. [Апейку] цаніць канкрэтнасць, дзелавую дакладнасць у кожнай гаворцы. Мележ. Байцы трошкі крыўдавалі за яго залішнюю строгасць, але ў баях цанілі крыклівага старшыну. Быкаў. // Даражыць чым‑н., шанаваць што‑н. Цаніць час. □ Марынка, як многія прыгожыя дзяўчаты, не пазбаўленыя хлапечай увагі, не надта цаніла чужое пачуццё. Шыцік. Праўду кажуць людзі, што волю цэніш тады, калі страціш яе. Машара. Тамара Аляксандраўна Кажура .. усё бачыла, усё ведала, высока цаніла кожную капейку, запрацаваную мазалём. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэч, ‑ы, ж.

1. Усякі неадушаўлёны прадмет. Антось падбег да акна, спінай засланіў разбітую шыбу і азірнуўся, шукаючы вачыма рэч, якая магла б заткнуць адтуліну. Мележ. Палагея бегала вакол вогнішча, збірала розныя непатрэбныя рэчы і галасіла. Шамякін. Рукі страцілі меру націску і, беручы далікатную рэч, баішся, каб не раздушыць. Крапіва.

2. мн. (рэ́чы, ‑чаў). Скарб, пажыткі, прадметы асабістага карыстання. Забрала Аленка свае пакуначкі, кніжкі і ўсе патрэбныя рэчы. Колас. Тут жа, ля пад’езда, стаяць, відаць, наспех скінутыя рэчы — шафа, ложкі, канапка, крэслы. Дадзіёмаў.

3. Твор літаратуры, мастацтва, навукі і пад. [Купала:] Прызнаюся табе, напісаў новую рэч — драму на вельмі горкую і блізкую мне тэму. Вітка.

4. Факт, з’ява рэчаіснасці, справа. Собіч гаварыў такія рэчы, якіх мы проста не маглі зразумець. Скрыган. [Хлопец] яшчэ толькі вучыўся на слесара, — пра гонар рабочага, пра планы, пра іншыя высокія рэчы мала дбаў. Лось.

5. у знач. вык. Нешта, штосьці, нейкая з’ява, абставіны. Сапраўды, конь такая рэч, што цяперашнім светам вельмі трэба даражыць. Нікановіч. — Але жыццё — дужа складаная рэч. Новікаў. // Штосьці значнае, важнае, каштоўнае. — Во, гэта — рэч! Тысяч пяцьдзесят будзе. Маўр. Дываны? Гэта — рэч. Усходняй казкай вее. Панчанка.

6. мн. (рэ́чы, ‑аў). У філасофіі — аб’ектыўны свет (прадметы, з’явы), які існуе па-за свядомасцю людзей і дзейнічае на гэтую свядомасць.

•••

Вядомая рэч (у знач. пабочн.) — вядома, безумоўна.

Глядзець на рэчы як гл. глядзець.

Дзіўная рэч! — вокліч, які паказвае на моцнае здзіўленне.

Іншая рэч — нешта іншае.

Называць рэчы сваімі імёнамі гл. называць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кі́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мітусліва рухацца. [Карась] кідаўся па днішчы лодкі і зяхаў жабрамі. Лобан. // Рассыпацца, разбягацца (пра многіх). Жывёла кідаецца ў бакі, топча спелае жыта. Паўлаў.

2. Разм. Жыць у беднасці, горы; перабівацца. Кідаецца, б’ецца Сцяпан: і ў сваёй гаспадарцы ўсё перарабіць і на людзей, як вол, варочае. Чарнышэвіч. // Гадавацца без патрэбных умоў, без належнага догляду. Дома дзед і бабка не вельмі былі рады лішняму роту, але ўжо калі з’явіўся чалавек на свет, дык нічога не паробіш, як-небудзь няхай кідаецца. Астрэйка.

кіда́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Кідаць у каго‑, што‑н. чым‑н. або адзін у аднаго. Кідацца снежкамі. □ Між парт гойсалі вучні, кідаліся шапкамі. С. Александровіч. // перан. Не даражыць кім‑, чым‑н. Кідацца грашамі. □ [Наталля:] Харошыя людзі не так часта трапляюцца, каб імі кідацца. Крапіва.

2. Спешна накіроўвацца, бегчы куды‑н., да каго‑, чаго‑н. Выскаквалі з двароў дзеці, стрымгалоў кідаліся да калёс, крычалі на ўсе галасы: — Вяселле едзе! Лынькоў. Шэсць чалавек на конях кідаюцца на дарогу ў бок лясоў. Чорны. // Парывацца, імкнуцца да каго‑н. з якімі‑н. пачуццямі. Кідацца на шыю. □ Шалёхін парывіста ўстае, кідаецца да дзеда Талаша. Колас. // Нападаць, накідвацца на каго‑, што‑н. Сабака кідаецца на незнаёмага. □ Заўважыў Патапавіч вулей таму, што гулі пчолы і падчас кідаліся на чалавека. Кулакоўскі. // З прагнасцю брацца, прымацца за што‑н. Кідацца на ежу. □ — Здавалася б, адпачываць трэба, а ён кідаецца, як галодны, на работу. Чыгрынаў.

3. Тое, што і кідацца (у 1 знач.). Кідацца ў гарачцы. Кідацца ў сне.

4. (з інф. і са словамі, якія абазначаюць дзеянне). Паспешліва, імкліва пачынаць якое‑н. дзеянне. Кідацца дапамагаць. Кідацца ў спрэчку. □ [Толік] прычапіўся на вуліцы да Максіма, кідаўся біцца. М. Стральцоў.

5. Разм. Скакаць, падаць уніз. Мужчыны распраналіся ў лесе, пад дубамі, і з высокага абрыву кідаліся ў ваду. Шамякін. // Імкліва садзіцца, класціся. Рыгор кідаўся ў падушку і засыпаў. Гартны. [Коля] усх[оплі]ваўся, а пасля зноў кідаўся на ранейшае месца. Чорны.

6. Зал. да кідаць (у 1, 2 знач.).

•••

Кідацца словамі — гаварыць неабдумана, не адказваючы за свае словы.

Кідацца ў абдымкі да каго — наладжваць блізкія сяброўскія адносіны з кім‑н., выяўляць асаблівую прыхільнасць да каго‑н.

Кідацца ў амбіцыю — пакрыўдзіўшыся, выказваць нязгоду, незадавальненне.

Кідацца ў вочы — прыцягваць увагу, быць асабліва прыметным.

Кідацца ў істэрыку — выяўляць ва ўчынках і ў паводзінах вялікую нястрыманасць, узбуджанасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Захоўваць якое‑н. становішча, ухапіўшыся, узяўшыся за што‑н. Адной рукой трэба было трымацца, каб не ўпасці, а другой я палез у гняздо. Брыль. Манг ужо бачыў, што гэта быў чалавек, які трымаўся за кавалак лодкі. Маўр. // перан. Ісці за кім‑н., прытрымлівацца чыёй‑н. лініі, каманды. [Сцяпан Аксінні:] — Адно прашу: трымайся бальшавікоў. Яны ў крыўду цябе ніколі не папусцяць. Лынькоў. Пакуль што ўсе трымаліся камандзіра. Федасеенка. // перан. Старацца захаваць што‑н. для сябе, утрымаць за сабою. [Анатоль:] Дакуль жа будуць трымацца людзі за свае вузенькія палоскі, іх жа хутка трава заесць. Козел. // Прылажыўшы руку да чаго‑н. або ўзяўшыся рукой за што‑н., захоўваць яе ў гэтым становішчы. Дзед закашляўся. Доўга трымаўся за грудзі. Бядуля.

2. Быць умацаваным на чым‑н., утрымлівацца на якой‑н. апоры пры дапамозе чаго‑н. Сідар весела падміргваў падгніўшаму слупу, на якім некалі трымаліся вароты яго двара. Чорны. Нізенькія, нязграбныя, збітыя абы-як,.. [клеткі] трымаліся на падстаўках рознай вышыні, падрамантаваныя сям-там свежымі дошчачкамі. Ракітны. // перан. Падтрымлівацца чыімі‑н. клопатамі; існаваць чым‑н., асноўвацца на чым‑н. [Бародзіч:] — Думаеце, усё на вас трымаецца? Алешка. [Брыль:] — Будзе правільны адказ, калі я скажу: сіла і моц нашай дзяржавы трымаецца на саюзе рабочага класа з працоўнай сялянскай, батрацкай і серадняцкай масай. Колас. // Захоўваць якое‑н. становішча, раўнавагу. Лодачкі былі велікаватымі дый з непрывычкі цяжкавата было трымацца на высокіх каблуках. Лупсякоў. Алесь асцярожна абыходзіў навічкоў, што нясмела трымаліся на каньках. Шыцік.

3. Не адступаць, не здавацца, моцна стаяць. Заслон трымаўся. [Ворагі] шалелі і кідаліся ў лоб, напралом, каб змесці з дарогі прыкрую перашкоду, дарвацца да моста. Лынькоў. // Разм. Мацавацца. [Залескі:] — [Галіна], брат, доўга трымалася. Паўмесяца, як злягла .. Прагнасць помсты падтрымлівала яе сілы. Шамякін.

4. Знаходзіцца, быць; заставацца ў якім‑н. месцы. Мне было прыемна бачыць, што следам едзе цэлы абоз: ніхто не адстае ад нас, але ніхто і не апярэджвае, усе трымаюцца свайго месца. Кулакоўскі. Калі Ахоньку вялі ў сельсавет, мы стараліся трымацца бліжэй да дзядзькі Максіма. Сяркоў. // Працягваць сваё існаванне, жыць. У Вані-санітара даўно скончыліся сухары, засталося, можа, у біклажцы некалькі глыткоў чыстай вады — гэтым і трымаемся. «Маладосць». Большасць фуіджынцаў трымаецца ў паўднёвай частцы архіпелага. Маўр. // Захоўвацца, быць у сіле. Моцна трымаюцца перажыткі мінулага ў свядомасці некаторых людзей. «Маладосць». / Пра пахі, настоі і пад. Трымаецца між сасонак устойлівы грыбны пах. Навуменка. // Вадзіцца, жыць (пра звяроў, птушак, рыб). Буйны акунь трымаецца пераважна ў глыбокіх ямах, звычайна з камяністым дном. Матрунёнак. — Ля Купы чаек заўсёды мала, — адказаў Лёня. — Яны трымаюцца больш на тым баку, ля вытокаў Парачанкі і па касе. В. Вольскі.

5. У час руху прытрымлівацца пэўнага напрамку, кірунку. Таго ж кірунку трымаліся і лодкі, якіх на возеры было цяпер не менш, чым качак у ціхую пару. Арочка. // перан. Прытрымлівацца чаго‑н., паступаць у адпаведнасці з чым‑н. Пажадаю вам, таварышы, дружна трымацца таго сцяга, які вам дала вялікая пралетарская рэвалюцыя. Купала. [Матка] трымаецца трохі інакшых думак пра бацьку і пра гэтыя свае думкі кажа часам уголас. Лынькоў. Даследаванні гісторыкаў, археолагаў усё больш падрываюць антынавуковыя тэорыі, якія трымаюцца на расісцкіх забабонах. «ЛіМ».

6. Паводзіць сябе, дзейнічаць якім‑н. чынам. А ў манеры трымацца адчувалася сталасць, дакладнасць разважанняў і стрыманасць у размове. Няхай. З малымі Ён [Антось] размаўляў, як са старымі, І з імі радзіўся, спрачаўся — Як роўны з роўнымі трымаўся! Колас. / Пра жывёл, птушак. Больш памяркоўна трымаюцца куры. Певень, дык той наогул перабраўся на астравок сярод двух рукавоў ракі і пахаджае там у таварыстве трох чубатак, відаць, найбольш адданых і смелых. Брыль.

7. Знаходзіцца ў пэўным становішчы, стане, захоўваючы яго тым ці іншым чынам. Човен, які хоць і быў поўны да берагоў, але трымаўся на вадзе. Маўр. [Тапурыя:] — Нарэшце, прынялі мяне на вельмі стары карабель, ён ледзьве на вадзе трымаўся. Самуйлёнак.

8. Утрымлівацца, захоўвацца. [Мікуць:] — Я сёння жыта глядзеў. І сваё, і калгаснае. Жаць пара. Трэба пачынаць. Абы толькі надвор’е трымалася. Чорны. Цёплая трымаецца восень. Навуменка. Гэта было ў сакавіку, яшчэ трымалася зіма. Марціновіч. Лёд на балоце Трымаецца звонкі. Танк. // Захоўваць сваю цэласць, быць прыдатным для выкарыстання. І паправіць .. [вароты] ніяк нельга, бо калі станеш папраўляць, трэба кранаць сцяну, а тая і так ледзь трымаецца. Галавач.

9. Зал. да трымаць (ва ўсіх знач., акрамя 11).

•••

Абедзвюма рукамі трымаццадаражыць чым‑н., з вялікай ахвотай, жаданнем, радасцю і пад. карыстацца чым‑н.

Ледзь трымацца на нагах; на нагах не трымацца — не магчы хадзіць, стаяць па прычыне слабасці або ап’янення.

Трымацца за спадніцу — быць у поўнай залежнасці ад жанчыны (пра мужчыну).

Трымацца на валаску — тое, што і вісець на валаску (гл. вісець).

Трымацца рукамі і зубамі за што — моцна трымацца за што‑н., не адступаць ад чаго‑н.

Трымацца свайго слова — выконваць абяцанні.

Толькі трымайся! — вокліч, які ўказвае на вялікую ступень чаго‑н. непрыемнага, небяспечнага. — Цяпер памчыць [цягнік] пад горку, толькі трымайся... Ці ўправіліся хаця нашы там? — і ў голасе .. камандзіра чулася трывога за .. падрыўнікоў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)