лі́тасцівы і літасці́вы, ‑ая, ‑ае.

Схільны да літасці; спачувальны, спагадлівы. Літасцівае сэрца. □ Жыццё ўсяму навучыць: Ад шчасця да бяды — Адзін, як кажуць, крок, І ад яе мы не застрахаваны... Дык ад гаротніка не адварочвайся убок, Будзь літасцівы, чалавечны і гуманны! Валасевіч.

•••

Божа (божачка) літасцівы! гл. бог.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чалаве́чны, ‑ая, ‑ае.

Уважлівы, чулы, душэўны; гуманны. Калі гляджу на роднае аблічча, На востры зрок з-пад стомленых павек, — Вось-вось з граніту сыдзе просты, блізкі І самы чалавечны Чалавек! Звонак. [Насця:] Які вы добры, чалавечны! Даруйце мне мой тон. Колас. Купала сябраваў з Міровічам, ён яму вельмі падабаўся і як творца, і як чалавек з вясёлым, жывым характарам, вельмі чалавечным і добразычлівым. Рамановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Людскі́, лю́цкій, лю́цькі, лю́дзкі, людськэ́й ’у якога высокая мараль, сумленны, шляхетны, зычлівы’, ’чалавечы’, ’прыстойны’, ’добры, прыгодны для чаго-небудзь’, ’людскі, чужы’, ’як у людзей’, ’ветлівы’, ’асабісты’ (Нас., Шат., Бяльк., ТСБМ, ТС; КЭС, лаг.), лю́дзка ’прыстойна, як у людзей’ (Шат.), лю́дско ’добра, удала’ (Сцяшк.); лю́дскі ’які належыць людзям’, ’уласцівы людзям’, ’уласцівы ніжэйшаму класу грамадства’, ’прызначаны для прыслугі’, ’меладычны (музыка)’ (ТСБМ, Нас., Мат. Гом.; КЭС, лаг.); ’сялянскі’ (шальч., драг., Сл. ПЗБ); ст.-бел. людъскый ’чалавечы, людскі, які мае месца сярод людзей’, а з XVI ст. узнікае значэнне ’чалавечы, гуманны’ (Будлахаў, Гіст., 119). Да прасл. lʼudьskъ < lʼudьje, lʼudъ > лю́дзі, люд ’уласцівы людзям’, якому адпавядаюць літ. liáudiškas ’народны’, лат. ļaudisks ’людскі’ (Слаўскі, 4, 369–371). Сюды ж больш новая лексема адцягненага значэння людскасць, людзкость ’чалавечнасць, свецкасць, спагадлівасць’, ’уменне жыць з людзьмі’ (Нас., Касп., Гарэц., ТСБМ, ТС), ’далікатнасць, шляхетнасць’ (КЭС, лаг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чалаве́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чалавека (у 1 знач.), належыць яму. Чалавечыя рукі. Чалавечая постаць. □ Пачуўся голас чалавечы. Аж узняліся ў дзядзькі плечы, Ды каб схаваць, што ён спужаўся, Спакойна дзядзька адазваўся. Колас. Доктар знайшоў бабчыну сухую руку, пагладзіў. Часта чалавечымі словамі нельга сказаць таго, што скажаш маўчаннем. Скрыган. // Які складаецца з людзей. Чалавечае грамадства. □ І тут толькі заўважыла чалавечая грамада, што няма пастуха. Мурашка. // Які робіцца, здзяйсняецца чалавекам. Матэрыялістычнае вучэнне гісторыі з’явілася адзінай тэорыяй, якая правільна, навукова тлумачыць чалавечую гісторыю як працэс. «Весці». Усё адыходзіць у нябыт, астаюцца толькі плёны чалавечай працы. Карпаў.

2. Уласцівы, характэрны для чалавека. Чалавечая годнасць. Чалавечае шчасце. Чалавечыя слабасці. □ Пісьменніку ўдалося раскрыць варожую сутнасць кулацтва, паказаць звярыную псіхалогію ўласніка, які ў пагоні за нажывай страчвае чалавечае аблічча, становіцца ворагам працоўнага народа. Гіст. бел. сав. літ. І адчувае Алежка: вось-вось здарыцца цуд, загавораць між сабой на чалавечай мове лясныя жыхары, — і тады ўсе вялікія і важныя тайны адкрыюцца яму. Вышынскі. // Такі, як трэба; належны, добры. — Яно не кепска было б кіламетраў пяцьдзесят ад’ехацца, — раптам спыняецца Тарасюк. — Тады можна было б спакойна дзён колькі адлежацца, чалавечы выгляд набыць. С. Александровіч. Бавар Вейс знойдзе другую. І яна будзе працаваць у яго на чалавечых умовах. Ракітны.

3. Гуманны, чалавечны. Чалавечая, шчырая трывога пра невядомага чалавека балюча кранула Нічыпара. Асіпенка. Не ведаю, што робіцца са мной: Ад дабраты я плачу чалавечай, Заўсёды плачу ад спагады нечай — Не ведаю, што й робіцца са мной! Сіпакоў.

•••

Род чалавечы гл. род.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)