рамі́знік, ‑а, м.

1. Фурман наёмнага экіпажа. З завулка выехаў, наганяючы .. [Ліду з Буднікам], рамізнік. Галавач. У Сарэнта для тых, хто хацеў экзотыкі, на цэнтральнай плошчы, побач з раскошнымі кафэ, з багатымі сучаснымі аўтамабілямі дзяжураць рамізнікі з экіпажамі... Мележ.

2. Экіпаж з фурманам. [Зося:] — Два агенты гестапа везлі мяне на рамізніку па горадзе. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аге́нт 1, ‑а, М ‑нце, м.

1. Прадстаўнік арганізацыі, установы, які выконвае службовыя, дзелавыя даручэнні. Агент па забеспячэнню. Страхавы агент.

2. Асоба, якая з’яўляецца стаўленікам каго‑н., служыць чыім‑н. інтарэсам. Агенты імперыялізму.

3. Сакрэтны супрацоўнік разведкі якой‑н. дзяржавы; шпіён. Атраду таварыша Андрэя даручана ўстанавіць, ці не з’яўляецца гэты «бацька Рудольф» агентам гестапа. Мікуліч.

[Ад лац. agens, agentis — дзейны.]

аге́нт 2, ‑а, М ‑нце, м.

Кніжн. Прычына, якая выклікае тыя або іншыя з’явы ў прыродзе. Мікробы, вірусы — інфекцыйныя агенты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зага́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Кароткае іншасказальнае апісанне якога‑н. прадмета, з’явы, якія трэба пазнаць, адгадаць. Адгадаць загадку. □ Нам Пятро спачатку Загадаў загадку: Мой кравец заўсёды колкі, Бо на ім тырчаць іголкі. Грахоўскі.

2. перан. Пра што‑н. складанае, заблытанае, незразумелае, што патрабуе разгадкі, тлумачэння. [Багуцкі] заставаўся загадкай для камісара гестапа. Лынькоў. Чулася людзям загадка, якая не адзін дзень, не адзін тыдзень вісела над імі, над усім сялом, невядома што зычыла. Мележ. Жыццёвы і творчы шлях Баршчэўскага поўны супярэчнасцей і загадак. Мальдзіс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце; пр. валок, ‑лакла, ‑лакло; заг. валачы; незак., каго-што.

1. Цягнуць волакам, не адрываючы ад паверхні чаго‑н. Галлё для маскіроўкі неслі з ляска, валаклі за сабой, прымінаючы траву. Мележ.

2. Несці, везці што‑н. цяжкае, з цяжкасцю. Ускрай дарогі Патапчык валок два вялізныя мяхі: адзін ён трымаў перад сабою, а другі за плячамі. Чарнышэвіч. На гасцінцы грукатала, там ішлі машыны з прычэпамі. Аўтакалона валакла лес на сплаў да Віліі. Пташнікаў.

3. Разм. Весці сілком куды‑н. [Дзяўчына] не бачыла, як скруцілі фашысты хлопцу рукі, як білі яго, як валаклі ў гестапа. Васілёнак.

4. Разм. Красці. [Маргун:] Праўда, бралі некаторыя... і з двара валаклі і лес секлі. Крапіва.

•••

Ледзь ногі валачы — тое, што і ледзь ногі цягаць (гл. цягаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палява́ць, палюю, палюеш, палюе; незак.

1. на каго, каго і без дап. Займацца паляваннем (у 1 знач.). — Той, хто хоча паляваць на вялікую зверыну, павінен мець і вялікую цярплівасць... Паслядовіч. [Сухараў] у маладосці з рагацінаю хадзіў на мядзведзя, паляваў ізюбра і дзікіх коз. Грахоўскі. Увосень на янота палююць з сабакамі. В. Вольскі.

2. за кім, на каго. Высочваючы, імкнуцца напасці на чый‑н. след, злавіць каго‑н. — Не, — адказаў Былінскі — Вы для гэтай справы не падыходзіце. За вамі гестапа даўно палюе. Гурскі. Акупанты палявалі на .. [разведчыка] і аднойчы схапілі. Загадалі паказаць партызанскі лагер. Вішнеўскі.

3. перан.; на што. Разм. Імкнуцца здабыць, атрымаць, украсці што‑н. Асабліва ўдала Лукаш умеў паляваць на каўбасы або сыры. Лобан.

4. Спец. Знаходзіцца ў стане цечкі (пра жывёлу).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́ступ, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыступаць — прыступіць.

2. Момант абвастрэння, узмацнення якой‑н. хваробы, хваравітая з’явы. Прыступ апендыцыту. Сардэчны прыступ. □ Пачнуцца прыступы радыкуліту, і ўжо зусім няможна будзе паехаць у камандзіроўку. Асіпенка. Праз тыдні тры ў Андрэя пачаліся прыступы малярыі. Дуброўскі. // Рэзкае, вострае праяўленне якога‑н. душэўнага стану, пачуцця. Прыступ гневу. Прыступ рэўнасці. □ Ніколі, ні ў гестапа, ні ў лагеры, ні перад аперацыяй, у .. [Зосі Савіч] не было такіх прыступаў страху, якія здараюцца часамі цяпер. Шамякін. — Мартыне! Родны!.. — усклікнуў Коўбец, і голас яго асекся, перахоплены прыступам рыдання. М. Ткачоў.

3. Атака, штурм. Ісці на прыступ. □ Толькі ўбачыўшы купкі сваіх таварышаў, якія .. рашучым прыступам бралі «варожую крэпасць» — высокі сумёт, хлапчук з крыкам ура пабег да іх. Лынькоў.

•••

Ані прыступу да каго — немагчыма падысці, звярнуцца да каго‑н. [Аленка] добра памятае, як хацела дагнаць.. [Сцёпку], а ён толькі воўкам зірне на яе — і ані прыступу. Колас.

Няма прыступу да каго гл. няма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)