Гестапа 1/210; 3/460; 4/366; 7/548

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕСТА́ПА (ням. Gestapo, скарочана ад Geheime Staatspolizei),

дзяржаўная тайная паліцыя ў фаш. Германіі ў 1933 — 45. Засн. пад кіраўніцтвам Г.​Герынга ў Прусіі з мэтай задушэння апазіцыі нацысцкаму рэжыму. Восенню 1934 створана агульнадзярж. гестапа (узаконена дэкрэтам ад 17.6.1936). У сваёй дзейнасці выкарыстоўвала прэвентыўныя арышты, жорсткія катаванні, правакацыі і інш. З вер. 1939 у складзе Гал. ўпраўлення імперскай бяспекі (РСХА). У 2-ю сусв. вайну органы гестапа найб. актыўна праследавалі ўдзельнікаў Руху Супраціўлення ў акупіраваных ням.-фаш. войскамі краінах, у т. л. на тэр. Беларусі. Складалася з 5 аддзелаў (барацьба з паліт. праціўнікамі нацызму; нагляд за паліт. дзейнасцю каталіцкай і пратэстанцкай цэркваў, рэліг. сект, яўрэяў, франкмасонаў і апазіц. плыней у маладзёжным асяроддзі; картатэка, друк і складанне дасье; справы акупіраваных тэрыторый; контрразведка і барацьба са шпіянажам). Шэфамі гестапа былі Г.​Гімлер (1934—39) і Г.​Мюлер (1939—45). Пасля падзення нацысцкай дыктатуры паводле закона №2 Саюзнага кантрольнага савета ў Германіі гестапа ліквідавана і абвешчана па-за законам. На Нюрнбергскім працэсе прызнана злачыннай арг-цыяй.

т. 5, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁРНЕР ((Körner) Тэадор) (24.4.1873, г. Комарна, Славакія — 4.1.1957),

аўстрыйскі ваен. і дзярж. дзеяч. Генерал. Скончыў ваен.-тэхн. акадэмію ў Вене (1894). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1923—33 дэп. аўстр. парламента. Удзельнік стварэння «Шуцбунда». Пасля паражэння лютаўскага паўстання сацыял-дэмакратаў супраць аўтарытарнага ўрада Э.Дольфуса (1934) арыштаваны; у 1944 арыштаваны гестапа. Пасля аднаўлення Аўстр. рэспублікі бургамістр Вены, кіраваў яе аднаўленнем (1945—51). У 1951—57 федэральны прэзідэнт Аўстрыі, выступаў за выкананне краінай пастаяннага нейтралітэту і развіццё дружалюбных адносін з СССР.

т. 8, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОК ((Bloch) Марк) (6.7.1886, г. Ліён, Францыя — 16.6.1944),

французскі гісторык. Вучыўся ў Францыі, Лейпцыгскім і Берлінскім ун-тах (1908—09). Праф. Страсбурскага (1919—36) і Сарбонскага (Парыж) ун-таў. У 1929 разам з гісторыкам Л.​Феўрам заснаваў час. «Annales d’histoire économique et sociale» («Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі», гл. ў арт. «Аналаў» школа). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення, расстраляны гестапа. Працы па зах.-еўрап. феадалізме, агр. адносінах у Францыі, агульных праблемах метадалогіі гісторыі.

Тв.:

Апология истории, или Ремесло историка: Пер. с фр. 2 изд. М., 1986.

т. 3, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЬФЕРДЫ́НГ ((Hilferding) Рудольф) (10.8.1877, Вена — 10.2.1941),

адзін з лідэраў аўстр. і герм. сацыял-дэмакратыі, тэарэтык аўстр. марксізму. У 1907—15 15 рэдактар герм. с.-д. газеты «Vorwärts» («Наперад»). У працы «Фінансавы капітал» (1910) даў тэарэт. аналіз імперыялізму. У 1918—22 адзін з лідэраў Незалежнай с.-д. партыі, потым Аб’яднанай с.-д. партыі, прапаведаваў тэорыю арганізаванага капіталізму. У 1923, 1928—29 міністр фінансаў ва ўрадзе Веймарскай рэспублікі. Пасля прыходу да ўлады фашыстаў эмігрыраваў у Швейцарыю, Францыю. У 1941 урад «Вішы» выдаў яго гестапа. Памёр у турме.

т. 5, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮБУА́ ((Dubois) Станіслаў) (7.1.1901, Варшава — 21.8.1942),

польскі паліт. дзеяч, журналіст. Чл. Польскай сацыяліст. партыі (з 1918). У 1919—21 удзельнічаў у Сілезскіх паўстаннях. Адзін з заснавальнікаў Саюза незалежнай сацыяліст. моладзі (1922). У 1928—30 дэпутат сейма. У 1929 адзін са стваральнікаў «Цэнтралеву» (блок 6 цэнтрысцкіх і левых партый). Быў арыштаваны і зняволены ў Брэсцкай крэпасці, у 1932 асуджаны на 3 гады. З 1934 прыхільнік саюзу сацыялістаў з камуністамі, у 1936—37 сузаснавальнік і нам. гал. рэдактара газ. «Dziennik Popularny» («Папулярны штодзённік»), якая выступала за адзіны фронт. У перыяд фаш. акупацыі чл. канспіратыўнай групоўкі «Барыкада свабоды». У 1940 арыштаваны гестапа, вывезены ў Асвенцім і расстраляны.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́РАЧ (Тэадор Часлававіч) (9.2.1883, г. п. Чупахаўка Сумскай вобл., Украіна — 12.5.1943),

дзеяч рабочага руху, юрыст. Скончыў Харкаўскі ун-т. Працаваў у судах на Украіне. З 1919 адвакат у Польшчы, абараняў дзеячаў рэв. і нац.-вызв. руху на судовых працэсах, у т. л. на працэсе Т.​Домбаля (1922), працэсе 56-і (1928), кобрынскім (1933), луцкім (1934) і інш. Адзін з заснавальнікаў Міжнар. арг-цыі дапамогі рэвалюцыянерам у Польшчы. У 1933—37 нам. старшыні Лігі абароны правоў чалавека і грамадзяніна. Адзін з заснавальнікаў Польскай рабочай партыі і чл. яе ЦК з 1942. У 1943 арыштаваны гестапа і ў час следства закатаваны.

У.​М.​Міхнюк.

т. 6, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЦКІ САЮ́З ВАЕННАПАЛО́ННЫХ (БСВ),

падпольная антыфаш. арганізацыя сав. ваеннапалонных у фаш. Германіі ў гады 2-й сусв. вайны. Узнік у сак. 1943 у лагеры сав. ваеннапалонных афіцэраў у Мюнхен-Перлаху (раён Мюнхена). Арганізатары — удзельнікі абароны Севастопаля. Штаб БСВ наладзіў сувязь з вязнямі інш. канцлагераў, ваеннапалоннымі і вывезенымі ў Германію людзьмі. Камітэты і ячэйкі БСВ былі ў большасці лагераў ваеннапалонных і больш як у 20 лагерах «усходніх рабочых». Гал. мэта БСВ — арганізацыя паўстання ў лагерах ваеннапалонных вакол Мюнхена, захоп горада і разгортванне ўзбр. паўстанцкай барацьбы. Летам 1943 БСВ наладзіў супрацоўніцтва з падпольным антыфаш. ням. нар. фронтам Паўд. Германіі. У канцы 1943 гестапа натраціла на след абедзвюх арг-цый. Усе кіраўнікі і шмат радавых членаў БСВ былі схоплены і закатаваны фашыстамі. 4 вер. 1944 у канцлагеры Дахаў расстраляны 93 сав. афіцэры — удзельнікі БСВ.

т. 3, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНГЕ́РКА ((Węgierko) Аляксандр) (17.7.1893, Варшава — 1941),

польскі акцёр, рэжысёр, педагог. Вучыўся ў школе пры Варшаўскіх тэатрах. Акцёрскую дзейнасць пачаў у Вільні (1912), потым выступаў у т-рах Варшавы, Кракава і Лодзі. Выкладаў у Варшаве на драм. аддзяленні кансерваторыі (1924—25), у Ін-це тэатр. мастацтва (1932—39). У пач. 2-й сусв. вайны эмігрыраваў у СССР. Заснавальнік і маст. кіраўнік (1939—41) Дзяржаўнага польскага тэатра БССР. Пастаўленыя ім спектаклі «Каварства і каханне» Ф.​Шылера, «Мараль пані Дульскай» Г.​Запольскай, «Пажыццёвае» А.​Фрэдры, «Пігмаліён» Б.​Шоу (і выканаў ролю Прафесара Хігінса; усе 1940), «Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (і роля Фігаро; 1941) і інш. вызначаліся арыгінальнай рэжысёрскай інтэрпрэтацыяй, яркай эмацыянальнасцю, глыбокай псіхал. распрацоўкай характараў, тонкім адчуваннем стылістыкі твора. У 1941 у Брэсце арыштаваны гестапа, загінуў. Яго імем названы драм. т-р у Беластоку (Польшча).

т. 4, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЙДРЫХ, Гейдрых (Heydrich) Рэйнгард (7.3.1904, г. Гале, Германія — 4.6.1942), адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі. Обергрупенфюрэр СС і генерал паліцыі (1941). У 1922—31 афіцэр флоту. З 1931 чл. Нацыянал-сацыялісцкай партыі. Арганізатар (1931) і кіраўнік (з 1932) СД — службы бяспекі СС. Пасля 1933 адзін з гал. арганізатараў (разам з Г.​Гімлерам і інш.) сістэмы нацысцкага тэрору: нач. упраўлення гестапа Прусіі (з 1934), «шэф паліцыі бяспекі і СД» (з 1936), кіраўнік Гал. імперскага ўпраўлення бяспекі (РСХА; з 1939). У 2-ю сусв. вайну кіраваў масавым знішчэннем яўрэяў на акупіраванай тэр. СССР (1941); з вер. 1941 таксама нам. імперскага пратэктара Багеміі (Чэхіі) і Маравіі, дзе развязаў тэрор супраць мясц. насельніцтва. Забіты ў Празе чэш. байцамі руху Супраціўлення, пасля чаго гестапаўцы ўчынілі акцыю ў Лідзіцэ.

Літ.:

Сергеев Ф. Тайные операции нацистской разведки, 1933—1945. М., 1991. С. 103, 108—118.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)