Ганча́рушкі ’гліністая глеба’ (Сцяшк. МГ). Паколькі няма падобных роднасных форм і лексема гэта, здаецца, адзінкавае ўтварэнне ў зах. бел. гаворках, то дэталі яго паходжання застаюцца няяснымі. Ясна толькі адно: гэта слова звязана, відаць, з ганча́р 1. Дэталі словаўтварэння таксама вытлумачыць цяжка. А ці не паходзіць слова ганча́рушкі ад уласнай назвы *Ганчарушкі (< ганча́р)?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ганча́рка 1 ’анучка, якой бяруць з печы гаршкі’ (Нас.). Параўн. рус. дыял. паўд. ганчи́рка ’тс’, гончи́рка, гончу́рка, гонча́рка (гл. СРНГ, 6, 136; 7, 13). Даль прыводзіць (пад ганчи́рка) і форму гарнчи́рка, але няправільна параўноўвае з гарнец ’гаршчок’. Укр. ганчі́рка. Этымалогія слова спрэчная. Можна звязаць гэта слова з бел. ганча́р, укр. ганча́р, гонча́р (у Грынч.: ганча́рь, гонча́рь), рус. гонча́р (ст.-рус. гърньчаръ, горъчарь), што добра звязваецца і семантычна. Наўрад ці можна прыняць этымалогію Цімчанкі, 1, 508: магчыма, гэта запазычанне з ням. Handscheure. Для такой версіі няма ніякіх падстаў. Няясна, якая матывацыя ў слова ганча́рка (гынча́рка — Бяльк.) ’гатунак махоркі’, якое, бясспрэчна, уваходзіць у сямейства лексем ганча́р, ганча́рка.
Ганча́рка 2 ’гатунак махоркі’ (Бяльк.). Няяснае слова. Відаць, звязана з ганчар, ганчарка 1 (гл.), але матывацыя застаецца незразумелай (няма дадатковых даных аб самой рэаліі і яе гісторыі).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ляпя́нік ’ганчар’ (шчуч., Сцяшк. Сл.). Да ляпі́ць (гл.). Аб суфіксе ‑янік (які з ‑яннік) гл. Сцяцко, Афікс. наз., 56–57.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ляпе́ка ’муляр, пячкур’ (Бяльк.), раг. ляпей, шчуч. ляпняк, смарг. ляплёнік ’тс’, ’ганчар’ (Сл. ПЗБ). Да ляпі́ць ’рабіць, будаваць з гліны’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Ляпа́р, лельч. лепа́р ’той, хто лепіць, абмазвае хаты’ (Нар. лекс.), ’муляр’ (ТС). Укр. ліпа́р ’той, хто абмазвае хаты’, ст.-польск. lepiarz ’той, хто лепіць што-небудзь з гліны’, ’ганчар’, в.-луж. lěpjeŕ, ст.-чэш. lépař, серб.-харв. лѐпар ’тс’. Прасл. lěparь. Да ляпі́ць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кватара́нец ’кватарант’ (Сцяшк., Янк. I, Нар. сл., Сл. паўн.-зах.). Гл. кватарант. У адпаведнасці з Сцяцко, Афікс. наз., 147 суфікс ‑анец утварае назвы асобы па адносінах да таго, што названа ўтваральным словам. У іх ліку кватаранец як канчанец ’жыхар супрацьлеглага канца вёскі’. Мяркуючы па братанец ’няродны брат’ (< братан), кватарант успрымалася як *кватаран, параўн. гаршчан ’ганчар’ (там жа). Тады паводле брат > братан > братанец, кватэра > кватаран(т) > кватаранец.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Здань ’прывід’, зданнё ’ўява’, зда́нне ’меркаванне’ (Нас.), здання ’прывід’ (Сл. паўн.-зах.). Ц.-слав. зьдань ’пабудова’. Здань — назоўнік на ‑ь (< *і̆) ад дзеепрыметніка на ‑н‑ да дзеяслова zьd‑ati ’стварыць’, як дыял. дрань ’дранка’ ад *dьratі, рус. рвань ад rъvati. Зданнё, зданне, здання адлюстроўваюць фанетычныя варыянты ўтворанага з суф. ‑ьje прасл. zьd‑an‑ьje (польск. zdanie ’думка, сказ’, чэш. zdání, славац. zdanie ’ўява’, рус. зда́ние < ст.-слав. зьданиѥ ’будова, стварэнне’ і інш.). Семантыка ’стварэнне’ > ’уява’ > ’прывід’ цяжкасцей не выклікае. Прасл. zьd‑ адлюстроўваецца ў ц.-слав. зьдъ ’гліна’, чэш. zed ’каменная сцяна’, польск. zdun > бел. дыял. здун ’ганчар’, славен. zídati ’класці сцяну’, балг. зѝдам ’будаваць’, рус. зодчий ’архітэктар’ (апошнія з чаргаваннем галоснага). Літ. žiedžiù, žiẽsti ’фармаваць, ляпіць’, лат. ziest ’абмазваць глінай’ разам са слав. даюць балта-слав. корань *gʼheidh‑, утвораны, паводле Покарнага (1, 245), перастаноўкай з *dheigʼh‑ (адкуль дзяжа, гл.) ’мясіць гліну, цеста’. Параўн. гоц. deigan ’мясіць’, ст.-інд. dēhmi ’абмазваць’, грэч. τείχος ’каменная сцяна’, лац. fingō ’мажу, фармую’, figura (> бел. фігура). Меркаванне Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1969, 5, 42) аб тым, што здань < sъdati sę ’здавацца’ (г. зн. ’прывідзіцца’) патрабуе ўдакладнення ў частцы архетыпу формы: не sъdati, а zьdati. Пра корань гл. Фасмер, 2, 89; Шанскі, 2, З, 81; Махэк₂, 714; Скок, 3, 653–654; БЕР, 1, 639; Траўтман, 367.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)