падбе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; зак.

1. да каго-чаго і без дап. Наблізіцца бягом. Ганчак паслухмяна падбег да гаспадара і, высунуўшы чырвоны язык, глядзеў разумнымі вачамі. Шамякін. Андрэй.. абняў слупок, упёрся нагамі ў зямлю і зрушыў яго. Падбеглі сяляне, выцягнулі яго і павалілі. Колас.

2. Забегчы пад што‑н. Падбегчы пад мост. Падбегчы пад арку.

3. Крыху прабегчы. Шэя трошкі падбег, узяўшыся за лейцы, потым ёмка ўскочыў на кончык восі і прысеў.. на аглабіне. Гартны. — Ну, падбяжы яшчэ! — І .. [бацька] ляснуў ляйчынаю па гладкім баку каня. Дамашэвіч.

4. Разм. Хуценька накіравацца куды‑н. Уладусь памыўся, прыадзеўся і чакаў свайго дружбака, каб разам падбегчы на суботнюю гулянку ў суседнюю вёску. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вы́жалганчак, паляўнічы сабака’ (БРС, КТС, Нас., Касп., Гарэц., Сцяшк.). Рус. вы́жлец, вы́жлик, вы́жлок, укр. ви́жел, польск. wyżeł, чэш. vyžel, vyžle, славац. vyžla, серб.-харв. ви̏жао, ви̏жле, славен. vížel. Няяснае слова, якое не мае пераканаўчай этымалогіі. Фасмер (1, 367) думае, што яно запазычана з ням. *Wisel ’(сабака) павадыр’, с.-в.-ням. wîsel ’пчаліная матка’, ст.-в.-ням. wîso ’правадыр, важак’. Меліх (Зб. Мілецічу, 148 і наст.), Махэк₂ (705), Голуб–Лейер (514) лічаць слова запазычаннем з венг. vizsla ’сабака-сышчык’; ’жвавы, пільны’, але гэта гіпотэза не тлумачыць слав. ы і адсутнасць слова ў балг. і ст.-слав. мовах. Іншыя гіпотэзы, напрыклад Ільінскага (ИОРЯС, 23, 1, 130), аб сувязі гэтага слова з лац. vigil і Лёвенталя (WuS, 11, 54) з гоц. augō ’вока’ таксама непераканаўчыя. Найбольш верагодным цяпер з’яўляецца збліжэнне Брукнера (640), якога падтрымлівае Трубачоў (Происх., 24), з польск. wyga ’стары сабака’, якое ад vy‑ti. Наз. vyžьlъ уваходзіць у словаўтваральны рад з суф. ‑ьлъ і з’яўляецца назвай сабакі па брэху, выццю (Шанскі, 1, В, 223). Адносна суфіксацыі гл. таксама SP, 1, 113.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сабака, пёс / вартавы: аўчарка / паляўнічы: ганчак, ваўкадаў; цюлік, барбос (разм.) / дваровы: дварняк (разм.) / з кароткім ці ўрэзаным хвастом: курта (разм.); ваўкарэз (абл.); цюця, цюцька (дзіц.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

святло́, ‑а, н.

1. Прамяністая энергія, якая вылучаецца палымнеючым целам і ўспрымаецца зрокам. Скорасць святла. □ Ужо зусім сцямнела, і месяц, выплыўшы недзе з-за лесу, свяціў зямлі сваім халодным белым святлом... Васілевіч.

2. Асвятленне, характэрнае для якой‑н. часткі сутак. Святло дня прабілася ў хату праз вокны, і лямпа траціць пачала святло сваё. Чорны. // Світанне, усход сонца. І незадоўга, яшчэ да святла, Чырвоная Армія У горад прыйшла. А. Александровіч.

3. Крыніца і прыстасаванне для асвятлення чаго‑н. У хаце прыцямнела. Лукаш уключыў святло і пацягнуўся рукой да кнігі, што ляжала ў куце. Чарнышэвіч. У нястрымнай ліхаманцы.. [Хадоська] не бачыла, як сышоў дзень, як наступіў вечар, запалілі святло. Мележ. Святло на камінку мільгала, і цень Хведаравай постаці варушыўся на сцяне. Пальчэўскі.

4. Асветленае месца, месца, адкуль ідзе прамень, дзе светла. Праходзіць хвіліна-дзве, і ў святле ад кастра паказаўся здаравенны бураваты ганчак. Ракітны.

5. Светлае месца, светлая пляма, блік на карціне, у адрозненне ад ценю. Калі вецер з далоні здзьмухвае Цэлы луг дзьмухаўцоў на каменні, Дзеці ціха, даверліва слухаюць Пра кантраснасць святла і ценю, А пасля — ўсе! — малююць сонца Без адзінай плямінкі, чыстае. Бондар.

6. перан. Ззянне, бляск вачэй; радасна ўзбуджаны выраз твару, вачэй пад уплывам якога‑н. пачуцця. [Зося] не ўздрыгнула, не схамянулася — паглядзела сухімі, але напоўненымі святлом удзячнасці вачыма, спакойна адказала: — Я думаю, як хораша, што ёсць на свеце такія людзі, як Антон Кузьміч, як вы... Дзякую вам. Шамякін. І ўспаміны гэтыя засвяціліся ў.. вачах [бацькі] мяккім пяшчотным святлом. Васілевіч. Але і праз густое сівае шчацінне відаць было, як на старым худым.. [дзедавым] твары прабівалася святло радасці. Якімовіч.

7. перан.; звычайна чаго. Тое, што робіць зразумелым навакольны свет; тое, што дае пачатак чаму‑н. радаснаму, шчасліваму, што служыць асновай для чаго‑н. Святло яго [Леніна] ідэй відаць ва ўсіх кутках зямнога шара. «Звязда». Лёсу ў жыцці не жадаю другога, Хоць і нялёгка парою было. Тым задаволены я, што дарога Вывела з ценю мяне на святло. Смагаровіч. Толькі святло аконнае! Толькі святло ад маці! Гэтым святлом азораны, Я і прайду па свеце... Тармола. // Сімвал прагрэсу, навукі, праўды, шчасця. Над логавам фашызму быў узняты чырвоны сцяг перамогі святла над цемрай. Брыль. // Аптымістычныя, радасныя пачуцці. Яму [гораду] мы неслі мужнасць і адвагу, Сваю любоў, душы сваёй святло. Прыходзька. Хай жа ў кожным чэсным воку Сонца свеціцца здалёку, Каб маглі пазнаць усе, Хто ў жыцці не любіць змроку, Хто ў душы святло нясе! Гілевіч.

•••

Карпускулярная тэорыя святла гл. тэорыя.

Лямпа дзённага святла гл. лямпа.

Кідаць святло на што гл. кідаць.

Праліць святло на што гл. праліць.

У ружовым святле — ідэалізавана, лепш, чым на самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

У святле чаго — з пазіцыі чаго‑н., выходзячы з пэўнага пункту гледжання на каго‑, што‑н.

У святле якім — у якім‑н. выглядзе, з якога‑н. боку, якім‑н. чынам (выстаўляць, падаваць і пад.). Прыпомніў ён падзеі мінулага дня. Цяпер яны ўсталі перад дзедам у другім святле. Колас. [Сухадольскі:] Крыўда засцілае вочы і перашкаджае бачыць рэчы ў іх сапраўдным святле. Крапіва.

У чорным святле — змрочным, непрыглядным, горш, чым па самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)