го́лас, -у, мн. галасы́, галасо́ў, м.

1. Гукі, якія ўтвараюцца ваганнем галасавых звязак, што знаходзяцца ў горле.

Ля рэчкі чуліся вясёлыя галасы.

Высокі г.

2. Асобная самастойная партыя многагалосага твора вакальнай і інструментальнай музыкі.

Раманс для двух галасоў.

3. Меркаванне, выказванне, думка.

Падаць г. (выказаць сваю думку). Прыслухоўвацца да голасу мас.

4. Права заяўляць сваё меркаванне пры вырашэнні дзяржаўных пытанняў.

Не хапіла аднаго голасу на выбарах.

Галасы выбаршчыкаў.

Падлік галасоў.

Рашаючы г.

5. Клавіш музычнага інструмента (разм.).

У акардэоне сапсаваліся галасы.

На ўвесь голас — гучна, на поўную сілу.

У адзін голас — дружна, адзінадушна.

|| памянш. галасо́к, -ска́, мн. -скі́, -ско́ў, м. (да 1 знач.).

|| прым. галасавы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

Галасавыя звязкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сарва́ць, -рву́, -рве́ш, -рве́; -рвём, -рвяце́, -рву́ць; -рві́; -рва́ны; зак., што.

1. Рэзкім рухам аддзяліць, зняць, сцягнуць.

С. астру.

С. вароты з завесаў.

Вецер сарваў бялізну з вяроўкі.

С. шапку з галавы.

2. Рэзкім рухам, моцна націснуўшы, сапсаваць (разьбу і пад.).

3. Пашкодзіць здароўе, галасавыя звязкі ад пастаянных празмерных перагрузак.

С. здароўе.

С. голас.

4. перан. Перапыніць ход чаго-н., не даць магчымасці ажыццявіць што-н.

С. графік работы.

С. лекцыю.

С. канцэрт.

5. перан. Атрымаць ад каго-н. у выніку ашуканства, вымагання (разм.).

С. вялікія грошы з каго-н.

6. перан. Са словамі «злосць», «гнеў», «незадавальненне» і пад. ўжыв. ў знач. выказаць, спагнаць злосць, гнеў, незадавальненне на кім-н.

С. злосць на дзецях.

Сарваць галаву каму (разм.) — строга пакараць каго-н.

Сарваць маску з каго — выкрыць каго-н., паказаць сапраўдны твар каго-н.

|| незак. зрыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. зрыў, зры́ву, мн. зры́вы, зры́ваў, м.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сарва́ць 1, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак.

1. што. Тузануўшы, аддзяліць ад галінкі, сцябла і пад. (што‑н. з таго, што расце). Пяшчотныя ружы, Здаецца, сарвалі цяпер іх, Здаецца, запахнуць... Тарас. [Даміра:] Раптам я ўбачыў тры лісточкі зайцавай капусты. Прагнымі рукамі сарваў іх. Асіпенка. Сунічку апошнюю гэтага лета Сарваў я сягоння ды з’еў на мяжы. Грамыка.

2. каго-што. Рэзкім рухам аддзяліць (што‑н. прымацаванае). Сарваць дзверы з завесаў. □ Прыкладам з балтоў аканіцы сарваў І глянуў, і хаты сваёй не пазнаў. Танк. Камендант.. сарваў пячатку на замку. Лынькоў. Уночы, пад’язджаючы да гэтага лесу, .. [Паўлоўскі з таварышам] сарвалі з аднаго з дарожных слупоў адозву. Чорны. // Адрываючы, скідаючы адкуль‑н., панесці (пра буру, ваду, вецер). Сяргей успомніў, як аднойчы летам бура сарвала дах з суседскай, Калячковай, хаты: ён упаў у іх агарод на таполю. М. Стральцоў. Біў вецер насустрач, .. намагаўся шапкі сарваць. Лынькоў. / у безас. ужыв. Тады якраз каля Ліпнішак мост сарвала паводкай. С. Александровіч. Ён [Бусел] не пазнаў высокі дуб, Што быў відзён праз кіламетры: Скруціла бура дубу чуб, Гняздо зімой сарвала ветрам. Свірка. Нашых два пакаты Сарвала хваляй выбуховай прэч. Зарыцкі. // Рэзкім рухам, рыўком зняць, сцягнуць. Стафанковіч, мыляючы губамі, сарваў з.. вешалкі нейкую старую вопратку і падаў Любе. Чорны. Калі я [Пятрусь] памкнуўся да каня. Лаўрэн сарваў з маёй галавы шапку. Якімовіч. Тут дзед сарваў з носа акуляры і ніяк не мог дрыжачымі пальцамі ўкласці.. ў футлярык. Грамовіч. Не цямячы, што робіць, Анісім сарваў з пляча стрэльбу і шмыгануў назад. Сачанка. // Разм. Здзерці, абадраць (скуру і пад.). Рыючы пальцамі зямлю, .. [Ганна] неяк сарвала аб каменьчык палову пазногця. Мележ. // перан. Разм. Прымусіць каго‑н. пакінуць якую‑н. работу, занятак, месцажыхарства і пад. З таго часу як.. [Сцяпан] сарваў Маю з работы, а сам стаў планавіком, усе адвярнуліся ад яго. Дуброўскі. [Антапюк:] — Не, адчуванне віны не ад таго, што сарваў Васіля з універсітэта; армія — таксама універсітэт. Шамякін.

3. што. Рэзкім рухам, моцна націснуўшы, сапсаваць (разьбу і пад.). Сарваць разьбу.

4. што. Пашкодзіць здароўе, галасавыя звязкі ад празмернага напружання. Сарваць здароўе. Сарваць голас.

5. што. Парушыць ход чаго‑н.; не даць ажыццявіць, выканаць што‑н. Сарваць графік. Сарваць планы падпальшчыкаў вайны. □ [Васіль:] — Глядзі! Сарвеш хоць адзін дзень уборкі — не трапляй на вочы. Шамякін. — Нават нязначнае самавольства ці адступленне ад загаду могуць сарваць справу. Кулакоўскі. Вядома, самае страшнае было сарваць рэпетыцыю. Сяргейчык.

6. што. Разм. Атрымаць у выніку ашуканства, вымагання; прысвоіць. Стрынадка добра ведаў Бычка: той не прапускаў выпадку, каб не сарваць з каго ці пры абмене кватэры, ці з якога-небудзь іншага выпадку. Сабаленка. // Урваць. [Сабака], пачуўшы Агапін голас, садзіў проста ў хату, бо ведаў, што патрэбен Ігнасю і што ў яго можна сарваць часам смачнае перапечкі. Мурашка. Дзяўчаты на танцах. Ім на ўсё пляваць. Абы сёння сарваць больш вяселля... Мыслівец.

7. што, на кім-чым. Спагнаць на кім‑н. (злосць, гнеў і пад.). Пятрусь сеў на воз, сарваў сваю злосць на кані, сцебануўшы яго пугаю разоў са тры. Колас.

•••

Сарваць галаву каму — строга пакараць каго‑н. (ужываецца як пагроза). [Шпак:] — Мне ж камандуючы галаву сарве, калі з табою што-небудзь здарыцца. Шамякін.

Сарваць маску з каго — выкрыць каго‑н., паказаць сапраўдны твар каго‑н.

Сарваць покрыва (пакрывала) з чаго — выявіць, паказаць сапраўдную сутнасць чаго‑н., падаць у сапраўдным выглядзе што‑н.

сарва́ць 2, ‑рве; безас. зак., каго.

Вырваць, званітаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)